Факты і падзеі (24-31 кастрычніка 2007 г.)

1 ноября 2007 г.

Актуаліі

“Комсомольская правда в Белоруссіі” (ёсьць такая газэта) паведаміла 24 кастрычніка пра “подзьвіг” ФСБ на Беларусі. 41-гадовы адстаўны афіцэр ФСБ (сьледства не раскрывае ягонае імя) вырашаў сваю жыльлёвую праблему ў нашым Слоніме. Ягоная маці (“герой”-чэкіст пайшоў служыць Расеі з Беларусі) адпісала сваю кватэру яму і ягонай пляменьніцы. Сваю частку кватэры чэкіст прадаў, захацеў завалодаць і другой часткай. Прыехаўшы з Масквы, ён пачаў шукаць кілера, прапануючы за забойства пляменьніцы 600 даляраў (!). Дзякуй слонімскай міліцыі, яна даведалася пра падрыхтоўку злачынства і падаслала свайго супрацоўніка да чэкіста. Атрымаўшы аванс у 100 даляраў, міліцыянт папрасіў дзяўчыну паляжаць у хмызьняку з удаўкай на шыі і зазьняў на відэакамэру “труп”, заліты кетчупам. Пасьля паказу фільма і атрыманьня “выканаўцам” ганарару міліцыя арыштавала чэкіста. Ідзе сьледства. А некаторым ня верыцца, што ФСБ гэта – злачынная арганізацыя.

30 кастрычніка адбыўся чарговы крывавы інцыдэнт у расейскім ГУЛАГу. У спэцкалёніі г. Наватроіцка Арэнбургскай вобласьці на начное дзяжурства заступілі ахоўнікі. Заступіўшы, яны пачалі актыўна “сагравацца” гарэлкай. У выніку пьяныя ахоўнікі наладзілі паміж сабой перастрэлку, двое зь іх былі забіты. Днямі пад Пецярбургам адбылося чарговае паўстаньне непаўналетніх вязьняў у канцлягеры. Гэтым разам СМІ не паведамілі дэталяў пра прычыны і крывавыя вынікі паўстаньня. Будні “дэмакратычнай Расеі”…

Разьвялося “мудрацоў” на нашую галаву… 30 кастрычніка ў Вільні было паведамлена пра стварэньне міжнароднай групы “мудрацоў па Беларусі”. Пра гэта заявіў былы міністар замежных справаў Летувы Антанас Валёніс. Сярод іншага ён сказаў, што “галоўным мудрацом” мяркуецца прызначыць былога прэзыдэнта Польшчы (і былога ж міністра часоў прамаскоўскага рэжыму Ярузэльскага) Аляксандра Квасьнеўскага. У беларусаў, як водзіцца, ніхто ні аб чым не спытаўся. Нядаўна мы паведамлялі на старонцы pbpf.org пра групу “мудрацоў”, якую зьбірае пад сябе вядомы А. Мілінкевіч. Нешта падобнае ўжо колькі разоў спрабаваў зьляпіць А. Лебедько. Кампанія пад дэвізам “Без мяне мяне жанілі” набірае абароты. Ва ўсходне-эўрапейскай прасторы запахла грантамі “на беларускую дэмакратыю”. Выкінутыя з палітычнага жыцьця асобы рэанімуюцца за кошт прафанацыі ідэі вызваленьня Беларусі. Колькі яшчэ ўзьнікне ўсялякага ўсяго ў мутнай вадзе калябеларускай тэматыкі!

Лакальны канфуз. Палатніца Вольга Абрамава адмовілася выступаць на “сацыяльным маршы”, які на пачатку лістапада арганізоўвае на балоце Бангалор “група товарішчей”, вядомых нам па правальнаму “европейскому маршу”. В. Абрамава заявіла на іхную прапанову ёй “выступіць ад імя парляманту РБ”: “Пратэставаць супраць адмены ільготаў трэба было да прыняцьця закону аб адмене, а які цяпер сэнс?” Трэба прызнаць, што Абрамава гэтым ня хочучы таго раскрыла сапраўдную сутнасьць чагровага балотнага маршу і ягоных папоў-гапонаў. Камуніст Ухналёў і іншыя маршавікі ў чарговы раз выпусьцяць пару, паводзяць людзей па сабачніку на ўскраіне сталіцы і прымуць чарговае “обрашченіе к презіденту”. Нават палатнікам ужо няёмка ўдзельнічаць у гэтай прафанацыі.

Янка Базыль