Факты і падзеі (1 кастрычніка 2007 г.)

2 октября 2007 г.

Актуаліі

Старшыня Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы Ван дэр Ліндэн зьезьдзіў у краіны Балтыі і пашкадаваў расейцаў. 1 кастрычніка ён заявіў: “Падчас паездкі я заклікаў улады Эстоніі і Латвіі інтэграваць нацыянальныя меншасьці ў жыцьцё грамадзтва. ПАРЭ будзе ўдзяляць больш увагі на правы чалавека ў гэтых краінах”. Мабыць эўрачыноўнік спадзяецца на ленінскую прэмію і помнік у Маскве. Ня будзем гэтым разам згадваць пра сотні тысячаў агрэсіўных чужынцаў з Афрыкі і Азіі, якія атабарыліся ў Нідэрляндах (на радзіме Ван дэр Ліндэна), а таксама пра нянавісьць да іх з боку карэнных нідэрляндцаў. Зірнем крыху далей у гісторыю. Уявім сабе, што пасьля разгрому нямецкага фашызму і ліквідацыі нямецкага акупацыйнага рэжыму ў Нідэрляндах працягвалі б жыць сотні тысячаў нямецкіх акупантаў са сваімі семьямі, што яны называлі б галяндцаў лабусамі, плявалі б на іхную культуру і мову і г.д. Але ж не, нідэрляндцы пагналі са сваёй зямлі ўсіх нямецкіх акупантаў. Народ і спэцслужбы вызваленай краіны лавілі калябарантаў, што служылі акупантам. Многія з іх былі павешаны па прысудах суда, многія сядзелі ў турмах. У добранькага Ліндэна не баліць галава аб чужых постакупацыйных праблемах. Няхай бы ён прапісаў усіх “русскоязычных” у сваіх Нідэрляндах. Мы б паглядзелі, як адрэагавала б на гэта мясцовае насельніцтва.

“Оранжевым грозит полный провал на выборах… Янукович уверенно идёт вперёд…” У такім духу была пабудавана “прапаганда-аналітыка” у расейскіх СМІ на працягу некалькіх месяцаў напярэдадні парляманцкіх выбараў ва Украіне. І вось сакрушальнай перамогі маскоўскага агента Януковіча з ягонай хеўрай не атрымалася. Крамлёўская публіка ня вытрымала і пачала нэрвова гукаць з думскай падваротні. Цытуем старшыню Дзярждумы Б. Грызлова: “Впереди у Украины мутная и невнятная политика…” Далей Грызлоў разважаў пра Грузію, дзе апошнім часам маскоўская агентура разгарнула дзеяньні па дэстабілізацыі краіны знутры: “Ни у кого не вызывает сомнения, что в Грузии действует антидемократический режим. Это всем очевидно”. “Истинный думский демократ” (і выхаванец гб) тэарэтызуе з выглядам прарока. Паглядзім, як будуць разьвівацца падзеі ў самой Расеі. У жніўні-верасьні там рэзка падскочылі цэны на прадукты харчаваньня. Пры чым, не на ікру і балык, а на тавары першай патрэбы: малако, цукар, алей. Цікава, што прысьцёбнуты да масквы антыбеларускі менскі рэжым паўтарае прыёмчыкі сваіх гаспадароў. На працягу апошніх тыдняў у два разы падвысіліся цэны на алей, а ў крамах зьнікла масла. У Менску на паліцы выкінулі масла і сыр, зробленыя ў атручаных Чарнобылем раёнах (раней такога не было ніколі). Можна меркаваць, што улады выкінулі ў крамы нейкія чарнобльскія “запасы”, а самы рыхтуюць галавакружны скачок цэнаў. Цікава, як адрэагуюць на гэты зьдзек людзі?

Падліковая палата РФ 1 кастрычніка адхіліла ад пасады свайго аўдытара С. Абрамава. У жніўні сёлета былі арыштаваны тры намесьнікі гэтага аўдытара пры атрыманьні хабару ў памеры 126 тысячаў даляраў. Усе памятаюць, як пасьля забойства прамаскоўскага “прэзыдэнта” Чачэніі Кадырава-старэйшага ў 2004 г. маладзенькага Абрамава прызначылі прэм’ерам Чачэніі (у яго так трэсьліся ад страху рукі, што Пуцін ляпаў яго па плячы і супакойваў). Праз два гады ў Маскве на гэтага Абрамава наехаў аўтамабіль, параненага “героя” адхілілі ад чачэнскай пасады, якую заняў Кадыраў-малодшы. Цяпер, падобна, Абрамава адхілілі яшчэ больш грунтоўна. Нават без апошняга эпізода было зразумела, што за крамлёўскія злачынцы камандуюць расейскай акупацыяй каўказкай краіны.

Начальнік міністэрства прыроды РФ Ю. Трутнев заявіў, што “распрацоўка храбта Ламаносава на дне Ледавітага акіяна будзе весьціся Расеяй актыўна і прынясе да 5 мільярдаў тонаў умоўнага паліва”. Пасьля ўсталяваньня расейскіх трыкалёраў з батскафа на ледавітым акіянскім дне імпэрыя дэкляруе нахабнае рабаваньне чужых натуральных багацьцяў. ЗША, Канада і Нарвэгія ўжо выказвалі пратэсты супраць расейскай экспансіі на іхную падводную тэрыторыю.

Пасьля выступу Пуціна на перадвыбарчым зьезьдзе “Едіной Россіі” 1 кастрычніка па ўсім сьвеце як з рога пасыпаліся камэнтары. Пуцін заявіў, што становіцца першым у партыйным сьпісе “едінороссов” на парляманцкія выбары і мяркуе стаць прэм’ерам пры будучым прэзыдэнце Зубкове. Найбольш цьвярозы аналіз выдала брытанская газэта “Таймс”. Яе аналітыкі добра разумеюць, што каманда Пуціна любым спосабам будзе імкнуцца застацца пры ўладзе. Таму цяпер Пуцін ставіць на свайго былога падначаленага Зубкова (66-гадовы цяперашні прэм’ер дастаткова пажылы ў параўнаньні з цяперашнім прэзыдэнтам). Мяркуецца, што Пуцін можа рэзка ўзмацніць вагу прэм’ера і паменшыць значэньне прэзыдэнта пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2008 г. Пажылы Зубкоў можа раптам захварэць, і тады Пуцін лёгка вернецца на прэзыдэнцтва праз датэрміновыя выбары. Што ж, цалкам магчымы варыянт “трэцяга тэрміну” лубянскага манарха. Безаблічнасьць Зубкова – вельмі важны аргумант у гэтай ракіроўцы. Але раптам тав. Зубкову спадабаецца на крамлёўскім троне, і шапка Манамаха не падасца яму такой ужо цяжкой? Ды й шэрагу таварышаў будзе імпанаваць ягоная безаблічнасьць. Усяроўна рызыка для Уладзіміра Уладзіміравіча застаецца, ён сам можа раптам захварэць (такое ўжо бывала ў расейскай гісторыі).

Янка Базыль