Факты і падзеі (16-22 верасьня 2007 г.)

23 сентября 2007 г.

Актуаліі

16 верасьня СМІ бралі інтэрвію ў тав. Гагіна, кіраўніка менскай гарадзкой арганізацыі БРСМ. У яго спыталіся, хто ёсьць ягоным ідэалам сярод гістарычных асобаў. Гагін адрапартаваў: “Пётр І, генэрал Дэ Голь …” “А чаму не называеце нікога з беларускіх дзеячаў?” – зьдзівіліся журналісты. “Ах, да-да…— спахапіўся лукашэнкаўскі “вожак”, — Был такой выдающийся организатор, администратор, который навёл порядок и стабильность в Белоруссии. Это князь Муравьёв…” Нават мясцовая журналістыка была шакіравана такой шчырасьцю. Мураўёў-вешальнік, расейскі гаўляйтэр, забойца і акупант ХІХ стагоддзя зьяўляецца натхняльным прыкладам для бэрэсэма Гагіна. Беларускім патрыётам ня трэба зьдзіўляцца. Вядома, што БРСМ – гэта акупанцкая расейская крэатура, фашыстоўская арганізацыя, мэта якой – зьнішчэньне беларускай культуры і Дзяржавы. І натхняльнікаў ім падабралі “доблесные органы”. З другога боку, выступам гагіных ня трэба зьдзіўляцца. Такія тыпы – гэта адкрытыя ворагі, якія заяўляюць, што вешаньне беларусаў ёсьць прыярытэтнай задачай іхнай дзейнасьці. Яны вельмі падобныя не на ідэолагаў НКВД, якія тлумачылі масавыя растрэлы людзей “дорогой в светлое будушчее”. Ім больш роднасныя эсэсаўцы і гестапаўцы часоў нямецкага нашэсьця. Тыя таксама, як і БРСМ, не тэарэтызавалі наконт “народного счастія”. Яны заяўлялі ў лоб нашым людзям, што прышлі, каб зьнішчыць іх і заняць нашу зямлю. З такімі ў беларускіх змагароў размова была кароткая. Усё скончылася разбурэньнем варожага логава ў Берліне. У параўнаньні з Гагіным значна больш падступная і подлая публічка з прарасейскай псэўдаапазыцыі. Яны Мураўёву-вешальніку камплімэнтаў ня кажуць, клянуцца ў адданасьці беларускай справе. А потым едуць у Маскву ды заяўляюць, што наладзяць “інтэграцыю” Беларусі ў Расею лепш за Лукашэнку. Перад Захадам яны разгортваюць свой пусты “Европейскі марш”. Вось дзе сапраўдная антынацыянальная дзейнасьць, замаскіраваная пад “правы чалавека”.

Масква куражыцца перад цывілізаваным сьветам. 16 верасьня жырыноўская ЛДПР высунула міжнароднага злачынцу А. Лугавога кандыдатам на думскія выбары. Апошнім часам ўлады Вялікай Брытаніі патрабуюць выдачы ім на сьледства гэтага Лугавога, які забіў А. Літвіненку і атруціў маскоўскім “мірным атамам” цэлы квартал Лёндана. Замест супрацоўніцтва са сьледствам Крэмль паказаў брытанцам хватка скручаную дулю: “Знай нашіх!” Добры ўрок для брытанцаў. Ня трэба пускаць на сваю тэрыторыю расейскую шпану і гэбоўскіх забойцаў. А калі ўжо яны ўляпаліся ў злачынства, то браць іх на месцы, каб не спрачацца потым з Крамлём.

Вайна помнікаў ва Украіне. Камуністы задаволены. Палтаўскі гаспадарчы суд вынес вэрдыкт: дэмантаваць памятны камень у Палтаве, на месцы якога патрыёты меркавалі паставіць помнік Стэпану Бандэры (лідэр украінскага нацыяналізму нарадзіўся ў Палтаве ў 1879 г.). Мясцовая камунячэйка зрабіла ўсё, каб не дапусьціць увекавечваньня памяці нацыянальнага героя. Барацьба за гістарычную праўду ідзе і на Украіне. У іншым украінскім горадзе таксама разгортваецца барацьба наконт помніка. Але тут усё наадварот. Мясцовыя ўлады аднавілі помнік Кацярыне ІІ у Адэсе (зьнішчаны ў савецкі час). Цяпер у сувязі з манархізацыяй гэбоўскай Расеі расейская агентура за мяжой таксама пачала актыўна ажыўляць манархічныя муміі. Мясцовыя украінцы, аднак, 21 верасьня сабраліся перад помнікам расейскай путане, сшыхтаваліся і пайшлі на яго. Яны перакулілі загароджу і пачалі біцца з міліцыяй, якая ахоўвае помнік. Давялося выклікаць спэцчасткі, каб адбіць украінскі выступ. Патрыёты абяцаюць усяроўна зьнічшыць істукана.

21 верасьня італьянскае тэлебачаньне паказала інтэрвію з удавой і адвакатам А. Літвіненкі, забітага гэбістамі ў Лёндане ў 2005 г. Перадача была прысьвечана выданьню італьянскага перакладу кнігі, напісанай адвакатам і ўдавой. Кніга прысьвечана справе гэбоўскага забойцы. Цяпер з выданьнем змогуць пазнаёміцца італьянцы. Адносна яшчэ нядаўна ў Італіі на тэлебачаньні і ў іншых местах тутэйшыя прапагандысты сьпявалі сэрэнады “перастройцы”, Гарбачову, Пуціну і “дэмакратычнай Расеі”, якая вяртаецца ў Эўропу. І вось настаў час, калі для італьянцаў гучаць расповеды пра тое, як Пуцін стаіць за палітычным атамным забойствам, як усім кіруе гэбэ. І на Захадзе нешта мяняецца…

У Расеі паціху разгортваецца містэрыя-буф, сцэнар якой вельмі знаёмы беларусам. 22 верасьня расейскія інтэрнэт-выданьні застракацелі паведамленьнямі пра тое, як у Маскве міліцыя спыніла машыны, у якіх ехаў Эдзічка Лімонаў і ягоная сьвіта. Бальшавікі-фашысты (“Другая Россія”, антыпуцінская дэмакратыя) ехалі на перадвыбарчы мітынг на правінцыю. Міліцыя адабрала ў іх пашпарты. Гэта падаецца ў драматычнай інтанацыі “репрессій”. Пару дзён раней тыя ж выданьні пісалі пра тое, як “на региональных праймериз Каспаров и Касьянов идут ноздря в ноздрю и продолжаются выборы единого кандидата от демократических сил…” І сапраўды цікава, чым скончацца пошукі маскоўскага Мілінкевіча, адзінага і непаўторнага? Адпрацаваўшы сцэнар у лабараторных умовах на Беларусі, Масква раскручвае яго на шырокіх прасторах Расеі. Мэта тая ж: любымі спосабамі (у тым ліку і легендарным заклікам “Ідзі і скажі ему НЕТ!”) Крэмль-Лубянка праз сваіх падстаўных імкнецца загнаць электарат на выбарчую фальшыўку.

Янка Базыль