Факты і падзеі (24-28 верасьня 2007 г.)

2 сентября 2007 г.

Актуаліі

24 жніўня расейскія СМІ пераможна зашумелі. Спэцгрупа атакавала ў Грозным кватэру і забіла аднаго чалавека. Гэты чалавек (якога жыхары назвалі “снайпэр”) на працягу некалькіх месяцаў трапнымі стрэламі адстрэльваў апранутых у форму міліцэйскіх афіцэраў і чыноў расейскай арміі. Зусім нядаўна расейскае тэлебачаньне паказала нам салодкі сюжэт пра вясёлае і яркае начное жыцьцё горада Грознага. На самай справе акупанцкім чынам страшна і сьмяротна небясьпечна было хадзіць там нават у сьветлы дзень. Пакуль расейцы разьбіраліся з “пераможным” сюжэтам на тэму аднаго снайпэра-партызана, паступілі зьвесткі з Інгушэціі. Там партызаны блякіравалі цэлую калёну расейскіх браневікоў і грузавікоў і абстрэльвалі яе з кулямётаў і гранатамётаў. Колькі акупантаў было забіта, расейцы, як заўсёды, не паведамілі.

28 жніўня беларускія гледачы атрымалі яшчэ адну зьвестку наўздагон. Днямі расейскія СМІ паведамілі, што скалечаны летась у Чалябінску жаўнер (яму ампутавалі ногі і палаввыя ворганы пасьля таго, як яго катавалі “дзяды”) зьбіраецца кандыдаваць на выбары ў Думу і заняцца паліткар’ерай. А ўсьлед прышла навіна, што ў шпіталі памёр шараговец Сінканен, якога па-зьверску зьбілі афіцэры ў гарнізоне г. Плесецк. Адным словам, “служу Россіі!”

Расейскі амбасадар у Беларусі Сурыкаў прыцягнуў да сябе ўвагу, публічна заявіўшы, што ў адказ на разьмяшчэньне амэрыканскага ракетнага шчыта ў Эўропе Расея гатова разьмясьціць у Беларусі аб’екты ядзернай зброі. Зразумела, што чыноўніку загадалі з Крамля папалохаць Амэрыку. ЗША не спалохаліся, а зрабілі сур’ёзную заяву наконт расейскіх агрэсіўных замашак. У выніку літаральна на наступны дзень, 28 жніўня, тав. Сурыкаў зноў публічна выступаў. Ён заявіў, што ўчорашнюю ягоную заяву “неверно понялі”. Усё добра зразумелі і амэрыканскі і эўрапейскія народы: гэбоўская Расея робіць з нашай Беларусі атамны пляцдарм для сваёй антычалавечай палітыкі. Добра было б, каб і беларускі народ урэшце зразумеў, што гвалтаўнікі і акупанты робяць яго і ягоную краіну закладнікамі расейскай ваеншчыны.

Янка Базыль