У сярэдзіне жніўня на расейскіх дзяцей абрынулася бяда адразу ў некалькіх рэгіёнах імпэрыі. Сотні дзяцей атруціліся няякаснай ежай у дзіцячых лягерах у Стаўрапольскім краі і Наўгародскай вобласьці. У Хабараўскім краі лютуе эпідэмія мінінгіта. Вясёлы Пуцін катаецца на кані ў Туве разам з князем Манака і пасылае ў палёт стратэгічныя бамбавікі з ядзернай зброяй. Для імпэрыі “всё в порядке”, “всё ідёт своім чередом”.
“Ребята, к нам Чаплин приехал!” 16 жніўня па сталіцы Урала Екацерынбурзе хадзілі маладзёны з пуцінскага камсамолу пад назовам “Наші” і прыставалі да мінакоў з роспытамі: “А якой вы веры? А ці ходзіце ў царкву?” З праваслаўнымі яны браталіся і зазывалі на мерапрыемствы мясцовай епархіі. Павышаны клерыкалізм пачаў назірацца ў “Нашіх” пасьля шматтысячнай іхнай тусоўкі за казённы кошт на возеры Селігер гэтым летам. Там сярод іншага была пастаўлена каплічка РПЦ. Да палітызаваных “отдыхаюшчіх” прыязджаў нават намначальніка аддзела зьнешніх зносінаў маскоўскага патрыярхату пратаерэй В. Чаплін. На сустрэчу зь ім маладыя беглі навыперадкі, гуртом, бо падумалі, што лягер наведаў знакаміты комік Чарлі Чаплін. Нягледзячы на сьмех і грэх пасьля гэтага візыта ў “Нашіх” была ўтворана цэлая “праваслаўная сэкцыя”. Як сказаў журналістам яе кіраўнік: “Воцерковлённые молодые комиссары станут опорой церкви…” Клерыкальна-гэбоўскае камісарства – новы фармальна-ідэалягічны выбрык бязьмежнай расейскай эклектыкі.
20 жніўня НТВ паказала чарговы цукрова-цукерачны сюжэт з Чачэніі. Тэлекамэру насілі па вуліцах начнога Грознага. І распавядалі, як тут стала весела па начах. Адкрыліся начныя кавярні, моладзь забаўляецца боўлінгам. Мясцовая каманда КВН трэніруецца ў вастрыні розуму на тэрасе начнога клюбу. Па вуліцах лётаюць аптымістычныя байкэры. Адным словам, “мір і покой”, “всем весело”. Вядома, што падчас нямецкай акупацыі гітлерцы накручвалі такія ж салодкія сюжэты ў Беларусі і на іншых акупаваных тэрыторыях. Усё скончылася разбурэньнем фашыстоўскага Карфагена.
Маскоўцы абараняюцца. 21 жніўня 3 батальён міліцыі Заходняй акругі Масквы рапаўсюдзіў “адкрыты ліст”, заклікаючы да салідарнасьці з міліцыяй. Справа ў тым, што супраць герояў батальёна падала ў суд сямья Зуевых, якая абвінавачвае палісманаў у брутальных дзеяньнях. Участковы міліцыянт прышоў у кватэру Зуевых, каб забраць у войска іхнага 21-гадовага сына. Той у крымінальнае расейскае войска ісьці не захацеў і пачаў упірацца. Участковы выклікаў міліцэйскую групу, якая пачала штурм кватэры. Але бацька рэкрута і астатнія сямейнікі так імпэтна бараніліся, што штурм праваліўся. А потым яны падалі на паліцэйшчыну ў суд. Маскоўская моладзь ня хоча калечыцца і паміраць у ненармальным расейскім войску.
Чукоцкі губэрнатар і алігарх-мільярдэр Абрамовіч пачаў засвойваць экзатычныя выспы. Нядаўна ён купіў за 5 мільёнаў даляраў зямлю на Кіпры. А цяпер пачаў разбудоўваць там “деревню Челсі”. Гэта будзе комплекс на 225 раскошных катэджаў, дзе павінны засяліцца расейскія багацеі. Жудасная галеча мільёнаў расейскага насельніцтва не замінае працэсу мафійнага ўзбагачэньня расейскай мафіі. Цяпер яны будуць высаджваць дэсанты на Кіпры.
Янка Базыль