Прэс-рэліз (2-4 жніўня 2007 г.)

4 жніўня 2007 г.

Актуаліі

У Крамлі 2 жніўня гаварылі пра Далёкі Усход. Рэй вёў прэм’ер Фрадкоў, надзвычай вясёлы і жвавы (нібыта вырашыў усе ўсходнія праблемы і падводзіў аптымістычныя вынікі).

Аказалася, аднак, што ўсё якраз наадварот. Крамлёўцы сазналіся, што расейскае насельніцтва на гэтай агромнай тэрыторыі імкліва “змяншаецца” (больш канкрэтна кажучы: уцякае, а ў асноўным вымірае). Менш за 9 мільёнаў “дорогіх россіян” маюць па суседству за памежнай ракой некалькі сотняў мільёнаў кітайцаў (Фрадкоў не згадаў, што кітайцы актыўна засяляюць прасторы далёкаўсходняга рэгіёну). На агучаныя факты эканамічна-сацыяльнай недаразьвітасьці і выміраньня Фрадкова працяў гульлівы імпэт. Ён запрапанаваў аднавіць на Усходзе “комсомольскіе стройкі”, а самае галоўнае – накіраваць маскоўскае начальства жыць і працаваць на прыкітайскіх тэрыторыях. Іронію начальніка аўдыторыя зразумела адэкватна, заля весела і аглушальна зарагатала. Усе ведаюць, што нікога ніхто высылаць з Масквы ня будзе. Бо памятаюць, чым скончылася спроба ператусоўкі партыйна-гаспадарчых кадраў, напрыклад, для Хрушчова ў 1964 г., калі напалоханае начальства апэратыўна скінула яго з трона генсека. Трэба меркаваць, што туды, дзе Макар цялят не пасьвіў, крамлёўцы зьбіраюцца паслаць беларусаў у рамках абяцанага Пуціным “антрапапатока” дзеля амалажэньня Расеі. У нас яны не пытаюцца, упэўненыя ў легендарнай паслухмянасьці нашых людзей. Трэба будзе нам салідарна расчараваць крамлёўскіх рабаўладальнікаў.

3 жніўня Грузія выставіла газавы рахунак Расеі. Гендырэктар грузінскай Карпарацыі газу і нафты А. Хетагуры заявіў у Тбілісі, што Расея абавязана выплаціць Грузіі запазычанасьць у два мільёны даляраў за транспарціроўку транзітам праз грузінскую тэрыторыю газу ў Арменію. Грузія гатова прыняць запазыку грашыма або газавымі пастаўкамі. Вось сапраўдныя дзяржаўныя паводзіны кіраўніцтва ў незалежнай дзяржаве. Які яркі кантраст з халуйскай мітусьлівасьцю менскага рэжыма. Такое ўжо было і ня раз у найноўшай гісторыі. Калі ў 1992 годзе раздзялілася Чэхаславаччына, Масква выставіла ўльтыматум на калясальную суму кіраўніцтву Славаччыны: маўляў, плаціце па запазычанасьцях за газ. Але славакі, аказваецца, рыхтаваліся да сваёй незалежнасьці. Яны падсунулі пад нос крамлёўскім рэвізорам свае рахункі, паводле якіх якраз Расея была вінаватая маладой рэспубліцы мільёны даляраў за транзіт праз сваю тэрыторыю. Драпежнікі адсталі ад славакаў. Вяртаючыся да чарговай газавай істэрыкі, якая разгарнулася ў Беларусі, трэба не забывацца пра факты недалёкай мінуўшчыны. Лукашэнка днямі заклікаў “топіть древесіной”, “возобновлять мазутные установкі”. Але людзі памятаюць, што рэзкі пераход на поўную залежнасьць ад расейскага газу адбыўся ў Беларусі ў 1995-96 гг. Тады прамаскоўскі рэжым “молодого презідента” загадаў распілоўваць апаратуру, якая працавала на мазуце (менавіта зьнішчаць, каб нельга было нават спадзявацца на нейкую альтэрнатыву газаваму расейскаму рабству). Шалёны загад быў выкананы. Цяпер народ становіцца ахвярай злачыннай авантуры. У маскоўскай і калямаскоўскай прапагандзе зноў на поўніцу зашумелі-загалёкалі пра тое, што “беларусы на працягу гадоў былі на газавым утрыманьні ў Расеі, што пара канчаць з гэтай безгаспадарнай палітыкай у адносінах да менскага саюзьніка, які карміўся расейскім багацьцем без комплексаў” і г.д. Нармальнае, сапраўднае (а не падстаўное) дзяржкіраўніцтва Беларусі на гэты вэрхал і ўльтыматумы выставіла б Маскве, як гэта зрабілі славакі і грузіны, свой цьвярозы рахунак: патрабаваньне плаціць за транзіт праз нашу тэрыторыю, за вайсковыя базы, за адкрытую мяжу. І ўсім стала б зразумела, што гэта якраз Масква мае шалёныя запазычанасьці перад Беларусьсю. Але для правядзеньня нацыянальнай палітыкі павінен быць нацыянальны ўрад.

Вайна ўсіх супраць усіх. 4 жніўня ўначы каля маскоўскага стадыёна “Лакаматыў” адбылася “сямейная сцэна”. Муж і жонка доўга крычалі і лаяліся адзін на аднаго. Потым мужчына дастаў з кішэняў пісталет і гранату, вырваў чаку. Граната выбухнула ў ягоных руках і адарвала яму кісьць. Жонка атрымала аскелачныя раненьні. Адным словам, “подмосквные вечера”…

Вядомы некалі савецкі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі наведаў 3 жніўня кансулят Расеі ў Лёндане і атрымаў там навюсенькі пашпарт грамадзяніна РФ (з 1976 г. экс-дысыдэнт жыве ў Брытаніі). Візіт вельмі дзіўны і недарэчны, калі улічваць, што якраз у гэтыя дні разгортваецца чарговы акт брытанска-маскоўскага міждзяржаўнага крызісу. Па тэлебачаньні паказваюць А. Лугавога, забойцу А. Літвіненкі. Ён і “незавісімые эксперты” расказваюць, што брытанскі грамадзянін Літвіненка сам сябе забіў “з прычыны неасьцярожнага карыстаньня атрутнымі рэчывамі”. Масква заяўляе, што ня выдасьць Лугавога на сьледства і суд у Брытанію, пагражае санкцыямі і г.д. А ў гэты самы час колішні герой-ненавісьнік гэбоўскага рэжыму ідзе ў расейскі кансулят і дэманстрацыйна атаварваецца пашпартам некалі раскрытыкаванай ім імпэрыі. І ўсё дзеля таго, каб выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары 2008 г. у Расеі. Яго, аднак, вельмі тэрмінова расчаравалі. ужо на наступны дзень, 4 жніўня ў Маскве выступіла сябра ЦВК РФ Е. Дубровіна. Яна заявіла, што Букоўскі ня будзе зарэгістраваны кандыдатам, бо больш за 10 гадоў не жыве ў Расеі і мае падвойнае грамадзянства. Шкада, а так хацелася экс-дысідэнту падсабраць на Захадзе грантаўскіх грошай “на победу русской демократіі”.

Янка Базыль