Факты і падзеі (30-31 ліпеня 2007 г.)

1 августа 2007 г.

Актуаліі

У сувязі з сэзонам адпачынкаў беларускія працоўныя паспрабавалі выкарыстаць сваё сяброўства ў афіцыйных прафсаюзах. Яны зьвярнуліся да парторгаў па пуцёўкі ў санаторыі. Але аказалася, што пуцёвак проста няма. Іх распаўсюдзілі (з прафсаюзнымі скідкамі і без) на неабсяжных прасторах братэрскай Расеі. БТ патлумачыла, што “беларусы па сваёй звычайнай марудлівасьці засталіся без летніх адпачынкаў. А пуцёўкі раскупілі замежныя грамадзяне загадзя”. Адным словам, “самы вінаватыя”. Такая практыка паўтараецца ўжо каторы год, асабліва ў дачыненьні да нашых мэдыкаў, вайскоўцаў і іншых “бюджэтнікаў”. Здагадайцеся. як вырашыла праблему рэжымная адміністрацыя? А вось як: цяпер беларусам дазволена без абмежаваньняў набываць прафсаюзныя пуцёўкі на адпачынак з кастрычніка па красавік. Як у папулярнай кінакамэдыі: “Пріезжайте к нам на Колыму”.

Бурапенная кампанія псэўдапапазіцыі перад акцыяй 27 ліпеня скончылася чарговым завядзеньнем (нямногих) людзей у тупік. Напярэдадні сталіцу даволі актыўна заклеялі жудаснымі налепкамі. У Расеі на смаленскай друкарні (з вычварэнскімі памылкамі ў беларускім правапісе) спэцы ад піяра распрацавалі і раздрукавалі “революціонный прізыв”. На крывава-чырвоным фоне змрочна мільгаюць безаблічныя сілуэты людзей. Сілуэты дрыгаюць нагамі і топчуць бел-чырвона-белае палотнішча, якое намалявана ў ніжняй частцы кампазіцыі. Над галовамі – чорны дэвіз “27 ліпеня Дзень Незалежнасьці”. Адчуваецца рука ненавісьнікаў Беларусі і нашай незалежнасьці. Такімі вось змрочнымі пудзіламі арганізатары меркавалі прыцягнуць моладзь на сваю акцыю. Адной з галоўных задачаў было далейшае заблытваньне нашых людзей. Паводле ненавісьнікаў, сьвята нашай незалежнасьці не 25 сакавіка, а ў любы іншы дзень календара. Пасьля правальнай акцыі 27-га па сталіцы і па-за яе межамі ў паштовыя скрынкі былі раскіданы газэткі з “дэмпрэсы” (таксама надрукаваныя ў смаленскай друкарні). Газэткі называюцца “Без цензуры” і “Глоток воздуха” (усё на мове акупанта нашай краіны). У “падпольных” выданьнях поўна ўсякай усячыны пра Лукашэнку і ягоную групоўку. Яны і карупцыянэры, і алігархі, і “Он до сіх пор не наказан” і “Нікакого референдума не было”. Мясцовы дыктатар выразна супрацьпастаўляецца крамлёўскаму цару: “Путин ведь всегда относился к элите. Особой специфической касте. Даже в Советском Союзе. Тогда как Лукашенко всегда был внизу. Вышел из черни». Вось як, аказваецца. Хто ж стаіць за гэтым пакланеньнем “алым звёздам Кремля”? У якасьці адзінага станоўчага героя газэтак выступае “самый выдаюшчійся політіческій деятель нашей эпохі” А. Лебедько. Ён мужна стаіць і “говоріт правду в глаза”. На наступнай старонцы зноў здымак Лебедько і ён перад амонамі “громко говоріт правду в лукашенковской Беларусі”. Трэба нагадаць, што менавіта малажавы камсамолец А. Лебедько на прыканцы ліпеня 1990 года (калі ў Вярхоўным Савеце БССР адбываліся дэбаты над праектам Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі) імпэтна бараніў “едінство СССР” і праклінаў беларускі сувэрэнітэт з дэпутацкай трыбуны. Ён, падобна, спадзяецца, што людзі забыліся пра ягоныя савецкія подзьвігі. З гэтым спадзяваньнем Лебедько пастараўся актыўна засьвяціцца падчас псэўдаапазыцыйнай акцыі 27 ліпеня сёлета, дзе была абяцана “сустрэча з дэпутатамі 1990 года”. Вось такія бываюць “павароты гісторыі”.

30 ліпеня расейскія СМІ паведамілі пра акт псіхіятрычнага тэрору на расейскай правінцыі. Мурманская журналістка Ларыса Арап надрукавала была ў мясцовай прэсе артыкул пад тытулам “Дурдом” пра мэтады “лячэньня” у мясцовым псіхдыспансэры. Сярод іншых дзікасьцяў “лекары” ўжываюць да дзяцей – пацыентаў дыспасэра электрашок. Кіраўніцтва псіхдыспансера выклікала журналістку на сустрэчу, каб “абмеркаваць тэму”. Калі яна прышла, яе зьвязалі і пачалі “лячыць”. Сямья доўга ня ведала, дзе яна. Потым доўга дамагалася сустрэчы зь ёю. На спатканьне з дачкой Арап вынесьлі на насілках, яна ледзь магла варушыцца і гаварыць. Да справы выратаваньня закладніцы з “палаты нумар шэсьць” падключыўся шэраг праваабарончых арганізацыяў і аўтарытэтаў у РФ і за мяжой. Гэбісты ў белых халатах аднаўляюць сваю жудасную практыку.

Яшчэ адзін падарунак гасьцям сочынскай алімпіяды тов. Путіна. 31 ліпеня на дарозе ў Інгушэціі партызаны абстралялі аўтобус з міліцыянтамі, забілі і паранілі многіх зь іх. Эпізод у прынцыпе банальны. Але прыкметна, што расейскія СМІ ўпершыню не паведамілі, што гэта былі за службоўцы. Раней яны падкрэсьлівалі: “чачэнскія міліцыянты Кадырава” або “байцы сургуцкага АМОНа”. Мяркуючы па недамоўленасьці, партызаны накрашылі на сваёй дарозе шэраг расейскіх гастралёраў-забойцаў. Але з Крамля даўно ўжо аддадзены загад хаваць факт прысутнасьці ў каўказкіх рэспубліках акупацыйных частак, каб прадставіць трагедыю ў выглядзе “унутранага канфлікта”.

Янка Базыль