“Родіна-мать” завальваецца ў Дняпро. 20 ліпеня ўкраінскія СМІ паведамілі пра катастрафічны стан скульптурна-музэйнага комплексу на беразе Дняпра ў Кіеве. На прыканцы 70-х гадоў Брэжняў езьдзіў на адкрыцьці гіганцкіх “родін-матерей” у некалькі саюзных рэспублікаў. Самая пачварная з усіх гэтых гігантаў была пабудавана менавіта ў цэнтры Кіева. Шматмэтровы кашмар з дзікімі нечалавечымі рысамі дагэтуль тырчыць у цэнтры сталіцы незалежнай Украіны. Эколягі яшчэ тады папярэджвалі, што шматтонную скульптуру нельга ставіць на пясчаным беразе Дняпра. Ад іх адмахнуліся і выканалі загад Масквы (замест таго, каб выкарыстаць калясальныя сродкі на ўпарадкаваньне жаўнерскіх магілаў па ўсёй краіне). Людзі даўно баяцца хадзіць у гэты “музэй”. Цяпер і ўлады прыкрылі яго. Мяркуецца выдаткаваць чарговыя шалёныя сродкі на (безсэнсоўнае) ўмацаваньне брэжняўскага гіганта. Добра, што тады не дадумаліся пабудаваць нешта падобнае ў БССР.
21 ліпеня ў Іркуцкай вобласьці адбылося чарговае фашыстоўскае злачынства. Уначы на лягер-пікет эколягаў напала банда скінхэдаў. Эколягі пратэставалі супраць разьмяшчэньня каля Елоеўскага вадасховішча радыёактыўных адходаў. У выніку тэракту (людзей білі бэйсбольнымі бітамі і жалезнымі палкамі) адзін чалавек загінуў, сямёра цяжка паранены. Міліцыя адразу пачала выдаваць сваю трактовачку: маўляў, злачынства было зьдзейсьнена з мэтай “завалодваньня маёмасьцю турыстаў”. Маўляў, фашызма ў Расеі няма.
“Істінно русскій” канал пад назовам БТ ўсё-ткі трэба рэгулярна глядзець (хаця многія і не вытрымліваюць гэтага выпрабаваньня). 21 ліпеня БТ цэлы дзень паказвала страката-аптымістычны сюжэт з Валожынскага раёну. На выходны дзень туды вывезьлі некалькі сотняў супрацоўнікаў сталічнай беларускай міліцыі з семьямі. Яны адпачывалі, зьбіралі грыбы і ягады, праводзілі вясёлыя віктарыны і конкурсы. “Это прекрасная ідея. Особенно всё понравілось детям” – сказаў у тэлекамэру мужчына, пераможца конкурсу на званьне “Лучшій папа”. А ўвечары таго ж дня БТ ў рамках экалягічных навінаў паказала іншы сюжэт з Валожыншчыны. Невядомыя ўжо даволі даўно пашкодзілі папяраджальныя транспаранты са знакамі радыяцыйнай небясьпекі. Дыктарка распавяла, што ў гэтым раёне высокі ўзровень радыяцыі, што ніякіх дароў прыроды там зьбіраць нельга, ёсьць сур’ёзныя экалягічныя праблемы і г.д. Раім “главному папе” і астатнім маці і бацькам, якія працуюць у беларускай міліцыі, падумаць над тым, што адбылося ў той нядзельны дзень, каму спатрэбілася кашмарнае шоў з удзелам іхных дзяцей на атручанай зямлі. Даўняя завядзёнка антычалавечых рэжымаў – выкарыстоўваць людзей у пагонах у розных масавых экспэрымэнтах. Але пры чым тут іхныя дзеці?!
Некалькі акадэмікаў і шэраг іншых навуковых аўтарытэтаў зьвярнуліся да Пуціна з адкрытым пісьмом. Арганізаваў акцыю ляўрэат прэміі Нобэля В. Гінзбург. Навукоўцы пратэстуюць супраць умяшальніцтва РПЦ у грамадзкую сфэру. Яны ня хочуць, каб тэалёгія (зразумела, так званая “русско-православная”) была б абавязкавым навучальным і навуковым прадметам у шматканфэсійнай Расеі. Многія інтэлектуалы пачынаюць ужо стамляцца да “сьвятой матушкі-Русі” і “Москва – третій Рім, а четвёртому не бывать…” Яны ведаюць (а старэйшыя ўзростам добра памятаюць), чым канчалася “златоглавое” крамлёўскае месіянства для інтэгенцыі, Расеі і ўсяго сьвету.
Масква заявіла, што выдаткоўвае вялікія сродкі на разбудову алімпійскіх аб’ектаў Сочы-2014 на тэрыторыі Абхазіі. 26 ліпеня афіцыйны Тбілісі заявіў, што калі гэты плян будзе рэалізоўвацца, то Грузія на міжнародным узроўне сарве правядзеньне лубянскай алімпіяды. Абхазія, як вядома, зьяўляецца правінцыяй Грузіі, акупаванай расейскімі “міратворцамі”. Больш таго, тэрыторыя сочынскага рэгіёну на працягу стагоддзяў уваходзіла ў склад Грузінскага царства. Само слова “Сочы” азначае “высокая сасна” і жыве дагэтуль у грузінскай мове.
26 ліпеня старшыня ЦВК РФ Чуров заявіў, што на будучых расейскіх выбарах ягоны ЦВК разгарне дзейнасьць сваіх структураў у Абхазіі і Паўднёвай Асэціі. Цытуем тав. Чурова: “Выбарчыя ўчасткі будуць дзейнічаць на базе міратворчых сілаў і памежных войскаў”. Не ўпершыню расейскі акупант праводзіць на тэрыторыі акупаваных правінцыяў Грузіі свае выбарчыя шоў. Папярэдне акупанты раздалі большасьці мясцовага насельніцтва расейскія пашпарты. Разгортваецца цынічнае парушэньне міжнароднага права.
27 ліпеня паліцыя бясьпекі Эстоніі пачала рассьледваньне масавых забойстваў у эстонскай вёсцы Кірэпі. Улетку 1941 г. расейскія “освободітелі” забілі там мірных сялянаў. Справа ў тым, што пасьля пачатку расейска-савецкай акупацыі ў чэрвені 1940 г. на працягу некалькіх месяцаў балтыйскія народы вылечыліся ад 700-гадовай нянавісьці да немцаў. Зьверствы і дзікасьць акупантаў з-пад чырвонага сьцягу пераканалі людзей, што трэба супраціўляцца. Калі 22 чэрвеня немцы ўдарылі па саветах, акупанты ўцякалі з Эстоніі, як маглі. Патрыёты кідалі ў іх гранаты і стралялі з-за кожнага дрэва. Героі з НКВД помсьцілі мірным жыхарам. Праз дзесяцігоддзі эстонскі народ нагадвае “бронзовым освободітелям” пра крымінальную адказнасьць.
28-29 ліпеня імпэрыя шумна адзначала “день военно-морского флота”. Людзі, стомленыя тэлепарадамі і тэлезалпамі, задаваліся пытаньнем: “Каго гэта апошнім часам разграміў расейскі флёт, што яны так надрываюцца?..” Не патапіўшы аніводнага вайсковага карабля праціўнікаў, камісары ВМФ РФ прыдумалі новы спосаб пад дэвізам “гром победы, раздавайся”. Напрыклад, РТР паказала партовы гарнізон мястэчка Велючінск на Камчатцы. Прыгожыя дзяўчыны з этнасу камчадалаў танцавалі на фоне расейскага крэйсэра свой нацыянальны танец у сваіх нацыянальных строях. А побач мужчына ў грыме Нэптуна дэклямаваў у мікрафон: “Там, где начало Русь берёт…” (гэта ён пра зямлю камчадальскага народу). А вось у якасьці “грома пабеды” тэлевізія паказала ўрачыстую здачу дома для афіцэрскіх семьяў на 400 кватэраў. Праўда, сам дом тэлегледачам так і не паказалі. Як разумеем, усе папярэднія дзесяцігоддзі згаданыя семьі жылі на Камчатцы без кватэр.
Янка Базыль