У эстонскіх памежнікаў шмат працы. 7 ліпеня памежны атрад на рацэ Нарва назіраў за тым, як на расейскім беразе напівалася і галёкала кампанія “русскіх ребят”. Потым адзін зь іх распрануўся і паплыў на эстонскі бераг. Калі пьянага маладзёна схапілі і пачалі распытваць, ён ня мог ўспомніць сваё прозьвішча. Наўгародзец Алёша толькі паўтараў, што вельмі хацеў пабачыцца са сваёй дзяўчынай, якая жыве ў эстонскай Нарве. Цяпер яго будуць судзіць за незаконнае парушэньне дзяржмяжы. Беларускую мяжу расейскія алкаголікі парушаюць без праблем.
У чэрвені-ліпені расейскія “міратворцы” актывізавалі ваенныя правакацыі супраць Грузіі. Яны стралялі з кулямётаў і аўтаматаў па грузінскіх паселішчах, войсках і паліцыі ў Паўднёвай Асэціі. Аднак, у адказ грузіны палівалі іх са стралковай зброі. У акупаванай маскоўскімі лубянцамі Абхазіі адбылася чарговая апэрацыя супраць маскоўскай агентуры. 8 ліпеня быў абстраляны з гранатамёта аўтамабіль прамаскоўскага “прэмьера” Абхазіі А. Анквабы. Пасажыр гэтым разам ацалеў. Барацьба за Грузію працягваецца.
7-8 ліпеня ў Маскве адбывалася канфэрэнцыя “аб’яднанай апазыцыі” (інакш – “Другой Россіі”). На прэс-канфэрэнцыі за сталом усеўся увесь “дэмакратычны трыюмвірат”: бальшавік-фашыст Э. Лімонаў, шахматыст Г. Каспараў і савецкі дысідэнт С. Кавалёў. Асабліва прыкметнай зьяўляецца ў гэтай кампаніі апошні. Беларусы добра памятаюць, як ён выступаў у Стразбурзе “за дэмакратызацыю Беларусі” спосабам “яе інтэграцыі ў Расею”. Яшчэ раз пацьвярджаецца закон паводле якога расейскі “дэмакрат” можа тысячу гадоў прасядзець у ГУЛАГу, але ён заўсёды будзе гатовы хаўрусіцца з фашыстамі і вызваляць Беларусь ад беларусаў. Падчас прэс-канфэрэнцыі адбыўся цікавы моб-шмоб. Маладая дзяўчына кінула ў трыюмвірат пачак пацешных даляраў з выявай Беразоўскага (празрысты намёк на заявы лёнданскага “антысаветчыка”, які “аплочвае дзяржпераварот у Маскве”). Адным словам, у Маскве разгортваецца чарговы акт перадвыбарчага цырку. Каманда палітблазнаў, якія пракладваюць дарогу да “элегантнай перамогі” Лубянкі, працуе ў рамках сцэнару.
9 ліпеня расейскія СМІ паведамілі, што палова дэпутатаў Цьверскай абласной думы знаходзяцца пад сьледствам. Абвінавачваньне даволі банальнае – карупцыя ў буйных памерах (перш за ўсё ў будаўнічым бізнэсе). Беларусы, якія бачылі няшчасную Цьверскую зямлю, заўсёды былі ўражаны разрухай і галечай, што пануюць у краявідах. Але чаму “папаліся” менавіта цьверскія правінцыялы? Такія групавыя злачынствы адбываюцца ў мясцовых ўладах па ўсёй імпэрыі, арыштоўваць і судзіць можна ўсіх і кожнага ў гнілой дзяржсістэме РФ. Для актывізацыі народнай любові лубянская эліта зусім выпадкова абрала менавіта цьверскіх злодзеяў. Цяпер і астатнія будуць больш баяцца, і расейскі народ будзе мацней любіць “строгага і справядлівага” Пуціна. Там нічога не зьмянілася з часоў Івана Жахлівага.
На рэжымную тусоўку пад назовам “славянскі базар” прыехалі ня толькі эстрадныя дзівы. Узмацніў базарную атмасфэру навукова-палітычнай фантастыкай і маскоўскі майстра арыгінальнага жанру Барадзін, дзяржсакратар нелегальнага “союзного государства РБ і РФ”. Ён заявіў публічна, што “у будучыні ў склад саюзнай дзяржавы РБ і РФ увойдзе ўся Эўропа”. Нагадаем, што колькі гадоў таму гэтага Барадзіна злавілі ў ЗША, вялі сьледства, судзілі і трымалі ў амэрыканскай турме за фінансавыя махінацыі. Саюзны пахан дарэмна займаўся палітпрагнозамі, бо “сказка стала былью”. Па ўсёй Эўропе ўжо дзейнічае кіруемы з Масквы злачынны “союз нерушімый” алігархаў, карупцыянэраў, злодзеяў і жулікаў. Народам трэба будзе яшчэ салідарна змагацца супраць гэтага няшчасьця.
У Маскве 9 ліпеня адбылося сьвяточнае пасяджэньне “обшчественной палаты” пры Пуціне. Палатнікі атрымалі загад на стварэньне аптымістычнай атмасфэры з нагоды “алімпійскай перамогі” Расеі. Выступіў акадэмік Веліхаў і заклікаў “зрабіць Чачэнію адным з цэнтраў рускай культуры, рускі горад”. Для гэтага ён вынес прапанову заклікаць расейскіх спэцыялістаў ехаць у Чачэнію, актыўна ўдзельнічаць у мірным жыцьці. Гуканьне з Масквы падхапіў крамлёўскі сатрап Чачэніі Кадыраў-малодшы. Гэты заявіў, што “у Чачэніі скончыліся ваенныя дзеяньні і цяпер усе занятыя стварэньнем тут чачэнскай Швайцарыі…” На бадзёрыя заявы крамлёўскіх аптымістаў чачэнскія партызаны апэратыўна арганізавалі адэкватны адказ. Раніцай 10 ліпеня яны падарвалі фугасамі і абстралялі у Вядзенскім раёне Чачэніі расейскія браневікі. Акупанты прызнаюць тры забітых і пяць параненых (як заўсёды, трэба лічыць расейскія страты на парадак больш). Каб прыкрыць ганебны правал аптымізму, перад журналістамі зьявіўся акупанцкі пракурор Чачэніі В. Кавалёў. Ён вымушана ўсьміхаўся і казаў з вырабленай іроніяй: “Апошнім часам нашы гарнізоны былі некалькі раз абстраляны, але няўмела, няўклюдна, павярхоўна. Падобна, што баевікі здаюць экзамены…” Думаем, што алімпійскі сьвет не надта зразумее гумар акупанцкага бонзы і ягоных начальнікаў. Спартоўцы, арганізатары і алімпійскія заўзятары лішні раз зірнуць на карту Прычарнамор’я-Каўказа, убачаць, што экзамены па адстрэлу і падрыву расейскіх эсэсаўцаў вядуцца зусім недалёка ад Сочы, і не захочуць туды ехаць. Мяркуем, што сваім карупцыйным посьпехам на алімпійскім галасаваньні Масква набыла яшчэ адну невырашальную праблему. Масква ўвалілася яшчэ ў адну ганебную яму.
Янка Базыль