22 чэрвеня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ сабраліся ля магілы вялікага беларуса Васіля Быкава на Ўсходніх могілках у Менску. Да грамады далучылася шмат моладзі.
Былі ўзьнятыя нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Мэмарыяльнае мерапрыемства было прысьвечана 4-м угодкам сьмерці вялікага пісьменьніка. Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”, усклалі да надмагільнага помніка кветкі, запалілі сьвечкі. Выступоўцы казалі пра Васіля Уладзіміравіча, ягонае змагарнае жыцьцё і геніяльную творчасьць. Людзі ўспаміналі пра актыўны ўдзел Васіля Быкава ў палітычнай працы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (ён атрымаў быў партыйнае пасьведчаньне за №1). Кнігі Быкава – гэта расповед пра наш народ і нашае жыцьцё. Перакладзеныя на дзесяткі моваў сьвету, менавіта ягоныя творы даносяць іншым народам праўду пра беларусаў. Не здарма антыбеларуская дыктатура так ненавідзела гэтага вялікага чалавека. У вызваленай Беларусі абавязкава будзе ўшанавана памяць Васіля Быкава, будуць створаны помнікі, ягоным імем будуць названы вуліцы і плошчы, будуць выдавацца ягоныя творы. Сьпевам гімну “Магутны Божа” быў завершаны мэмарыльны мітынг.
БС