Нават маскоўская міліцыя і пракуратура слухаюць яго з разьзяўленым ротам. 18-гадовы “русскій парень” Артур Рыно ужо каторы дзень распавядае ў падрабязнасьцях пра тое, як ён з сябрам Скачэўскім забіў у Маскве 37 чалавек.
На працягу некалькіх месяцаў “русскіе патрыёты” нападалі на людзей “нярускай” зьнешнасьці і забівалі іх нажамі. Пры гэтым яны ператваралі твары сваіх ахвяраў у крывавую масу, каб іх нельга было апазнаць. Многія “дорогіе москвічі” былі сьведкамі гэтых злачынстваў, але ўсё хуценька сыходзілі з месца злачынства і ніхто (!) не заявіў аб убачаным у міліцыю. “Ребят” выпадкова злавілі пасьля забойства армянскага школьніка ў красавіку сёлета. Фашыстоўскі кашмар працягвае трыюмфальнае шэсьце па Расеі.
“Эпоха” адзінага і ўсеагульнага дэмакрата А. Мілінкевіча аказалася вельмі кароткай і скончылася так жа рэзка, як і пачалася. Да лета 2004 г. вельмі ж нямногія ў Беларусі і тым больш па-за яе межамі чулі пра гэтую асобу, ніколі не заўважаную ў палітычнай, патрыятычнай або якой яшчэ апазыцыйнай дзейнасьці. Гарадзенскі правінцыял, верны ленінец са стажам быў нечакана вынесены з невядомасьці ў цэнтар беларускай палітычнай арэны на фанэрным шчыце, які трымалі некалькі запісных гладыятараў з псэўдаапазыцыі. На працягу некалькіх месяцаў у выніку пацешных галасаваньняў у рэстаранах, на прыступках будынкаў і па лясах (у рамках імітацыйнай гульні “міліцэйскага перасьледу”) быў падрыхтаваны першы “кагрэс дэмсілаў”, які і прагаласаваў за “агульнага лідэра” гэтых “сілаў” А. Мілінкевіча. Як ўсё пацешна пачалося, так пацешна і пайшло далей. Мілінкевіч удаваў лідэра, езьдзіў у Брусэль, Старзбург, Маскву, казаў: “у нас усё пад кантролем”. Упершыню вельмі ясна раскрылася ягоная падстаўная і подлая роля падчас пратэстаў у сакавіку 2006 г. Менавіта ён (і тыя, што побач зь ім) заклікаў тысячы патрыётаў разысьціся па дамах. А падчас кульмінацыі пратэстаў 25 сакавіка ён асабіста вывеў дзесяткі тысячаў людзей ад плошчы Кастуся Каліноўскага ў сумёты далей ад палаца дыктатара. Гэты ж фінт Мілінкевіч паўтарыў 25 сакавіка і 26 красавіка сёлета падчас пратэстных выступаў беларускай моладзі. Ягоным намесьнікам і начальнікам выбарчага штабу быў бальшавік С. Калякін. Ды й уся кантора пад назовам “рада аб’яднанай апазыцыі” – суцэльныя бальшавікі, адстаўныя камсамольцы, прагматыкі-вінцучкі. Беларускія патрыёты папярэджвалі моладзь і ўсё грамадзтва, што нельга давяраць гэтай публіцы, што трэба ад іх трымацца далей. Мы казалі: гэта — правакатары, папы-гапоны, агентурная задача якіх – завесьці ў тупік і кінуць пад удар беларускую модадзь. На жаль, многія не прыслухаліся да гэтых папярэджаньняў. Няўжо цяпер гэтыя людзі ня ўбачылі, што адбылося 26-27 траўня на чарговым “кангрэсе” у Менску? У зале сабраліся “дэмакраты” розных відаў. Сьвятой нацыянальнай сымволіцы не знайшлося месца на гэтым “грантаўскім форуме”. Гэты факт адназначна дэманструе, што сабраная публіка і яе лідэры не зьяўляюцца беларускай нацыянальнай сілай, не прадстаўляюць Беларусь. Як і чакалася, Мілінкевіч нават не кандыдаваў на “лідэра”. Маўр выканаў сваю справу і пайшоў прэч. Колькі ж іх было, такіх “лідэраў: Домаш, Чыгір, Ганчарык і г.д. Мілінкевіч быў першым, хто своечасова зматаў вудачкі і выдаліўся з псэўдаапазыцыйнага трона. Калі раней залежныя і “незалежныя” СМІ падавалі папярэднія “кангрэсы” пад фанфары, як “падзеі гістарычнага значэньня”, то цяпер мы назіраем дзіўную рэакцыю. Газэты або падаюць сухую інфармацыю, або адкрыта кпяць з “кангрэса” і высьмейваюць новых “лідэраў” – цяпер іх чатыры і камандуе парадам бальшавік С. Калякін. Нават тэлеканал “Эўраньюс” (міжнародны канал на расейскія грошы) паведаміў у рэпартажы з Менску: “Белорусская оппозіція пережівает крізіс…” і паказаў гутапэрчывага Мілінкевіча. Чаму ўсё так? А таму, што менавіта гэта і было задачай псэўдаапазыцыі. Яны давялі да абсурду ўсе формы апазыцыйнай барацьбы, адмовіліся ад беларускай мовы, нацыянальнай сымволікі, уславілі краіну, якая вядзе агрэсію супраць Беларусі – расейскую імпэрыю. Яны дурылі і блыталі людзей на працягу гадоў. Але маскоўскім імпэрыялістам не патрэбная нават такая “апазыцыя”, яны пазбаўляюцца нават ад фальшывага Мілінкевіча з ягонай усьмешачкай. Яны лічаць, што ім удалося рукамі гэтых грантаўскіх авантурнікаў канчаткова заблытаць змагарную беларускую моладзь. Не выпадкова, што ў апошнія тыдні зьявіліся новыя выпускі падмётнай газэткі пад назовам “Свабода”. Там цытуюцца выказваньні заўчорашніх палітычных пустышак кшталту прафэсара Хадыкі і дацэнта Трусава наконт таго, што “Зянон Пазьняк ізжыў сябе, скампрамэтаваў сябе” і г.д. На працягу гадоў псэўдаапазыцыйная публіка разам з рэжымам спрабавала замаўчаць імя Зянона Пазьняка, зацерці патрыятычныя справы яго і ягоных паплечнікаў. Яны спадзяваліся, што народ забудзецца пра яго. Іхная спроба правалілася разам з правалам іхнай прамаскоўскай “оппозіціі”. І цяпер яны сутаргава імкнуцца ачарніць імя і справу Зянона Пазьняка. Але ня ўдасца! Іхная “эпоха” скончылася. Не паслухмяныя грантаўскія спадарожнікі бальшавіка Калякіна і іжэ зь ім, а патрыёты Бацькаўшчыны начале з лідэрам Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Зянонам Пазьняком павядуць народ, нашу змагарную моладзь да перамогі над рэжымам і расейскім імпэрылізмам.
28 траўня правалам скончылася канфэрэнцыя міністраў энэргетыкі краінаў СНД. Расея спрабавала зьляпіць на канфэрэнцыі “адзіную энэргетычную прастору” (зразумела, пад сваёй камандай). Але палова ўдзельнікаў (Азэрбайджан, Туркмэністан, Узбэкістан, Грузія, Малдова і Украіна) адмовіліся падпісваць дакумант, заявіўшы, што “прастора” ствараецца выключна ў інтарэсах Расеі. Затое Казахстан, Беларусь, Кыргызтан, Арменія, Таджыкістан паслухмяна падмахнулі чарговую маскоўскую фількіну грамату.
Яны зьбіраюцца заганяць беларускую моладзь “в лагеря”. 28 траўня СМІ растыражавалі праграмны выступ вайсковага начальніка з доўгай тытулатурай. Начальнік аддзяленьня маральна-палітычнага забесьпячэньня галоўнага ўпраўленьня ідэалагічнай працы мінабароны РБ Счастный агучыў праграму “военно-патріотіческого воспітанія трудной молодёжі”. Пры чым, ён падкрэсьліў, што прыярытэтам у “васпітаніі” будуць не непаўнагадовыя злодзеі, алкаголікі і хуліганы, а “те, которые носят бело-красно-белые значкі”. Тыя, як заявіў генэрал, хто маніфэставаў на плошчы ў Менску ў сакавіку 2006 г. і ўдзельнічаў у дэманстрацыях. Счастный будзе зьбіраць іх у “военно-патріотіческіе лагеря і учіть государственной ідеологіі”. Падлеткаў будуць бясплатна вадзіць па “лініі Сталіна”, а адстаўныя маразматыкі-сталіністы будуць чытаць ім лекцыі “о велікой Родіне”. Генэральскае мурло патлумачыла прычыны і мэты міністэрскай ініцыятывы: “Эті подросткі готовы за какую-то валюту продать родіну. Іх нужно забрать с уліц, чтобы сделать із ніх граждан і патріотов”. Трэба спытаць: “граждан і патріотов” чаго? Зразумела, што не Бацькаўшчыны-Беларусі, а монстра са сталіцай у Маскве. Замітусілася фашыстоўская маскоўская кодла, адчуваючы, што губляе маладое пакаленьне. Маладыя ня вераць ужо ў баечкі пра “дедушек Леніна і Сталіна” ды пра “рай на землі – Расею”. Гэта ёсьць змрочны знак-папярэджаньне. Калі народ не пазбавіцца ад нэасталінскага рэжыму і ягоных антыбеларускіх начальнікаў і генэралаў, то сапраўды беларускую моладзь загоняць у сталінскія лягеры сьмерці.
Янка Базыль