На магіле вялікага беларуса адкрыты помнік

21 мая 2007 г.

Навіны

19 траўня сямья, сябры і паплечнікі Уладзімера Плешчанкі (1948-2006) сабраліся ў ягонай роднай вёсцы Вароны Віцебскага раёна. Прамінуў год, як пайшоў з жыцьця вялікі патрыёт Беларусі, кіраўнік Віцебскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Грамада пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі прышла на могілкі ў вёсцы Друкава да магілы Уладзімера Плешчанкі. Быў урачыста адкрыты надмагільны помнік, створаны на ахвяраваньні многіх людзей з усяе Беларусі.

На пліце – партрэт сп. Плешчанкі, а таксама выявы Крыжа і гэрба Пагоня. На надмагільнай пліце дэвіз, у якім увасоблены сэнс ягонага гераічнага жыцьця – “Не для сябе, а для Радзімы”. Людзі выказалі падзяку аўтару праекта помніка скульптару Яну Таўпыгу, цяперашняму кіраўніку Віцебскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

Было зачытана слова аб Уладзімеры Плешчанку сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, — “Слава змагару за Беларусь!”. З успамінамі аб патрыёце выступілі ягоныя паплечнікі па Фронту і Партыі: выканаўца абавязкаў Старшыні Фронту і Партыі на Беларусі сп. Юры Беленькі, сакратары Управы Алесь Чахольскі і Валеры Буйвал, ягоныя зямлякі і сябры. Усе гаварылі пра мужнасьць, мудрасьць і чалавечнасьць вялікага беларуса. Ягоная памяць вечна будзе жыць у нашых сэрцах. Ягоны прыклад натхняе нас у барацьбе за вызваленьне Айчыны.

Фота: (некалькі мб) ples11.jpg ples21.jpg ples31.jpg ples41.jpg

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ 20 траўня 2007