Ушанаваньне памяці выдатнага беларуса Піліпа Орліка

16 мая 2007 г.

Навіны

Ва Украiнскай амбасадзе ў Менску прайшлi гiстарычныя чытаньнi, прысвечаныя 335-годдзю гэтмана Украiны, аўтара Першай Украiнскай Канстытуцыi, беларуса Піліпа Орліка (1672-1742).

Выдатны дзяржаўны дзеяч XVIII Пiлiп Орлiк нарадзiўся i вырас у вёсцы Касута Ашмянскага павету (цяпер Вiлейскi раён), а першую вышэйшую адукацыю атрымаў у Вiльнi.

…«Канстытуцыя Правоў i Вольнасцi Войска Запарожскага» была напiсана ім ў 1710 годзе — за некалькi дзесяцiгоддзяў да амерыканскай 1787 года, канстытуцыi 3 мая 1791 года Рэчы Паспалiтай i французскай 3 верасня 1791 года. Паводле меркавання спецыялiстаў, гэта каштоўны помнiк гiсторыi парламентарызму, iдэi якога актуальныя i сёння. У дзяржаўнай Канстытуцыi абвяшчалася ўтварэньне незалежнай Украiнскай дзяржавы, аб’яднаньне Левабярэжнай i Правабярэжнай Украiны згодна з яе межамi часоў Багдана Хмяльнiцкага, усталёўвалася калегiяльная форма ўлады i выбранасьць усёй дзяржаўнай адмiнiстрацыi.

(Несумненна, Піліп Орлік добра ведаў Статуты Вялікага Кнства Літоўскага і гэтыя веды былі падмуркам пры напісаньні Першай Украiнскай Канстытуцыi. — БС)

Паплечнік Івана Мазепы. Змагаўся супраць захопу Украіны расейскай імпэрыяй Пятра І.

У сталiцы Украiны, i ў маленькай беларускай вёсачцы ў блiжэйшы час павiнны зьявiцца помнiкi Пiлiпу Орлiку. Дзякуючы намаганьням Беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Ватра», пры дапамозе амбасады Украiны i садзейнiчаньні мясцовых уладаў у сьнежнi мiнулага года ў Касуце была адкрыта памятная дошка Пiлiпу Орлiку, прымацаваная да 20-тоннага валуна. Надпiс на дошцы кажа, што на гэтым месцы зьявiцца памятны знак ураджэнцу Касуты — гэтману Украiны. Украiнская амбасада забясьпечвае фiнансаваньне ўсiх захадаў па ўвекавечаньні памяцi Орлiка на беларускай зямлi. Плянуецца таксама адкрыцьцё музея ў Касуцiнскай каплiцы, прысвечанага роду Орлiкаў. Украiна ўжо запрасiла супрацоўнiкаў Вiлейскага музея ў свае архiвы для работы над стварэньнем экспазыцыi. Урачыстае адкрыцьцё помнiка ў Касуце запланаванае на 12 лiпеня (у прастольнае свята Касуцiнскай Свята-Пятра-Паўлаўскай царквы) або на 22 кастрычнiка (у дзень нараджэньня Орлiка) гэтага года — у залежнасьцi ад гатоўнасьцi памятнага знака. Над яго праэктам працуюць вядомы беларускi архiтэктар Уладзiмiр Тарнаўскi i скульптар Леанiд Яшэнка.

Паводле артыкула Вольгі Мядзьведзевай, газэта “Звязда”, http://www.zvyazda.minsk.by/second.html?r=18&p=24 БС