У шэрагах псэўдаапазыцыі раскручваецца чарговы моб-шмоб. У моду ўвайшлі “маніхвэсты”. Пасьля Сініцына-Парфяновіча свой “маніхвэст” выдалі 14 траўня некалькі “маладзёвых груповак”. Яны рэзка адмяжоўваюцца ад “дэмасілаў”, ня хочуць удзельнічаць у іхным “кангрэсе”, што мае адбыцца 26-27 траўня. Яны крытыкуюць за амбіцыі Мілінкевіча і іншых. Маніфэстуюць пра тое, што трэба ісьці новым шляхам, бо “дэмсілы” усё развалілі. Здавалася б, сказана слушна і адэкватна. Многім беларусам, асабліва маладым стала ўрэшце зразумелай сапраўдная сутнасьць падстаўной прадажнай псэўдаапазыцыі і яе лідэраў. Людзям абрыдла хлусьня, фальш, пустая імітацыя дзеля зарабляньня эліткамі брудных грантаўскіх грошай, а таксама пацешныя рэгіянальныя кангрэсікі перад ”кангрэсам”. Цёплая кампанія з падстаўных, створаная Гансам Вікам з санкцыі КГБ РБ (пра што ён прызнаваўся прылюдна) правальваецца, губляе апошнія парэшткі грамадзкага даверу. Але хто ж “маніхвэстуе” з крытыкай псэўдаапазыцыі? СМІ назвалі такія групоўкі, як “Трэці шлях” і “Бунт” – вядомыя гэбоўскія крэатуры, галоўнай задачай якіх зьяўляецца дызарыентацыя нацыянальна сьведамай моладзі і завядзеньне яе пад удары дыктатуры. Гэтыя пустышкі шумяць і робяць вэрхал, а потым зьнікнуць бяз сьледу, як легендарны некалі “Зубр”. Трэба прызнаць, што гэбэ навучылася рабіць прэвэнтыўныя захады, адчуваючы пагрозу поўнага правалу мілінкевічаў-вячорак з калякінымі-лебедько. Кантора праз сваю масоўку спрабуе перахапіць пратэстную ініцыятыву і зноў адсекчы маладых беларусаў ад нацыянальна-вызвольнага руху, ад патрыётаў Бацькаўшчыны, якія вядуць змаганьне пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Беларуская моладзь не павінна дазволіць сабе ў чарговы раз ашукацца, выкарыстаць сябе ў якасьці апірышча для лубянскіх папоў-гапонаў.
Янка Базыль