Факты і падзеі (11-14 траўня 2007 г.)

15 мая 2007 г.

Актуаліі

11 траўня гарадзкая рада Львова прагаласавала за дэмантаж савецкіх помнікаў (з 56 зарэгістраваных дэпутатаў 50 прагаласавалі “за”). Ініцыятарамі рашэньня выступілі нацыяналісты з аб’яднаньня “Свабода”. У тэксьце рашэньня гаворыцца: “Выдаліць імпэрска-бальшавіцкія сымвалы, помнікі і назвы з горада. Ліквідаваць тапонімы ў гонар арганізатараў Галадамору 1932-33 гг. – Кірава, Арджанікідзэ і іншых”. Не выпадкова так надрываецца Масква на тэму дэмантажу савецкай бронзавай скульптуры ў Таліне. Вызваленьне ад манумэнтальных сымвалаў маскоўскага іга сьледам за эстонцамі працягнулі іншыя краіны і гарады. Народы разбураюць фальшывую ідэялягічную базу Імпэрыі Зла, якая марыць вярнуцца на свае былыя тэрыторыі.

Пуцін арганізаў для сябе трыюмфальнае шэсьце па Цэнтральнай Азіі. 12 траўня, у адзін дзень з кракаўскім самітам прэзыдэнтаў Польшчы, Летувы, Грузіі, Азэрбайджану і Украіны ён арганізаваў свой саміт з Назарбаевым і Бэрдымухамэдавым у Туркмэністане. І вымусіў на азіятах прыняць умовы Масквы, а не партнёраў незалежных постсавецкіх краінаў. Энэрганосьбіты з Цэнтральнай Азіі пацякуць цяпер па трубах праз тэрыторыю Расеі, а не ў абыход яе, як хацелі ў Кракаве. Але лубянскі крамлёвец не забыўся таксама й пра імпэрскае “культуртэгерства”. Ён заявіў перад баевымі і мухамэдавымі, якія сабраліся ў адным з пампезных палацаў: “Русский язык является хранителем целого пласта современных знаний”. Народы і інтэлігенцыя постсавецкіх краінаў добра ведае, што гэта за “пласты”. Дагэтуль яны ня могуць да канца адшараваць свае аўгіевы стайні ад імпэрскага сьмецьця. Расейшчына на працягу стагоддзяў была мовай прыгнятальнікаў, “охранкі” і НКВД, растрэльшчыкаў і асаднікаў, дэмагогаў і зьніштажальнікаў нацыянальных культураў. Зьнішчыўшы нацыянальныя эліты, Масква забараніла друкаваць у паўнавартасным аб’ёме кнігі і падручнікі на нацыянальных мовах, брутальна зарыентавала народы на акупанцкую мову. Урэшце сістэма абрынулася з першым пэрядам распаду імпэрыі. Але заўсёды, калі Масква дзе-небудзь дасягае хаця б мінімальных посьпехаў у справе рэваншу, пачынаецца аднаўленьне гнілых і абрыдлых “пластоў”.

13 траўня на песенным конкурсе Інтэрбачаньня ў Фінляндыі перамагла сьпявачка з Сэрбіі. У адрозьненьні ад большасьці выступоўцаў з іншых краінаў (якія сьпявалі на ангельскай мове) сэрбка Марыя сьпявала прыгожа і пранікнёна на роднай мове песьню “Малітва”. Сьпявалі на родных мовах і выступоўцы з усіх былых югаслаўскіх краінаў. Так не рабіў Калдун, выступоўца ад Беларусі (дзякуй, што сьпяваў па-ангельску, а не на мове акупантаў нашай краіны). Па ўсёй Сэрбіі на працягу двух дзён і начэй адбываліся стыхійныя сьвяткаваньні перамогі. Мільёны людзей (перш за ўсё моладзь) сьпявалі, танцавалі і радваліся разам, пад нацыянальнымі сьцягамі. Спадзяемся, што новае пакаленьне сэрбаў ня будзе ўжо мітынгаваць і крычаць за аднаўленьне белградскай імпэрыі і за свабоду Мілошавіча. Час мінае, імпэрыялістычная хвароба старэйшых, падобна, ня здольная парушыць нармальнае жыцьцё маладых, якія ўжо ня памятаюць бальшавіцкага маразма. Цікава, што на конкурсе занялі трэцяе месца тры паненкі з Масквы. На сцэне яны былі апрануты ў чорнае, канвульсійна дрыгаліся і нешта дзіка гарланілі ў мікрафоны. Ніхто асабліва не сьвяткаваў у Расеі іхную “бронзу”. Падобна, што большасьць маладых у РФ такія ж, як і гэтыя паненкі. У аэрапорце на пытаньні журналістаў пра творчыя ўражаньні паненкі затрэсьлі галовамі, як коні, і гікнулі: “Было клёво, блин, мы так оттянулись…”

КГБ “с человеческім ліцом”. 14 траўня з Лубянкі паведамілі пра ўтварэньне “обшчественного совета прі ФСБ”. 15 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, “духовенства” і “обшчественності” будуць цяпер прыглядаць за славнымі органамі. Праўда, рашэньні “совета” маюць выключна дарадчы характар і не абавязкавыя для выкананьня. Трэба прызнаць, што НКВД-КГБ СССР, гітлерскае гестапа і чырвоныя кхмэры Пал Пота былі больш шчырымі ў сваёй антычалавечай дзейнасьці і не тлумілі народу галаву з дэкаратыўнымі “советамі”.

У шэрагах псэўдаапазыцыі раскручваецца чарговы моб-шмоб. У моду ўвайшлі “маніхвэсты”. Пасьля Сініцына-Парфяновіча свой “маніхвэст” выдалі 14 траўня некалькі “маладзёвых груповак”. Яны рэзка адмяжоўваюцца ад “дэмасілаў”, ня хочуць удзельнічаць у іхным “кангрэсе”, што мае адбыцца 26-27 траўня. Яны крытыкуюць за амбіцыі Мілінкевіча і іншых. Маніфэстуюць пра тое, што трэба ісьці новым шляхам, бо “дэмсілы” усё развалілі. Здавалася б, сказана слушна і адэкватна. Многім беларусам, асабліва маладым стала ўрэшце зразумелай сапраўдная сутнасьць падстаўной прадажнай псэўдаапазыцыі і яе лідэраў. Людзям абрыдла хлусьня, фальш, пустая імітацыя дзеля зарабляньня эліткамі брудных грантаўскіх грошай, а таксама пацешныя рэгіянальныя кангрэсікі перад ”кангрэсам”. Цёплая кампанія з падстаўных, створаная Гансам Вікам з санкцыі КГБ РБ (пра што ён прызнаваўся прылюдна) правальваецца, губляе апошнія парэшткі грамадзкага даверу. Але хто ж “маніхвэстуе” з крытыкай псэўдаапазыцыі? СМІ назвалі такія групоўкі, як “Трэці шлях” і “Бунт” – вядомыя гэбоўскія крэатуры, галоўнай задачай якіх зьяўляецца дэзарыентацыя нацыянальна сьведамай моладзі і завядзеньне яе пад удары дыктатуры. Гэтыя пустышкі шумяць і робяць вэрхал, а потым зьнікнуць бяз сьледу, як легендарны некалі “Зубр”. Трэба прызнаць, што гэбэ навучылася рабіць прэвэнтыўныя захады, адчуваючы пагрозу поўнага правалу мілінкевічаў-вячорак з калякінымі-лебедько. Кантора праз сваю масоўку спрабуе перахапіць пратэстную ініцыятыву і зноў адсекчы маладых беларусаў ад нацыянальна-вызвольнага руху, ад патрыётаў Бацькаўшчыны, якія вядуць змаганьне пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Беларуская моладзь не павінна дазволіць у чарговы раз выкарыстаць сябе ў якасьці апірышча для лубянскіх папоў-гапонаў. Янка Базыль