Пасьля першамайскіх сьвятаў пажылыя жыхары Беларусі і інваліды пайшлі ў паліклінікі і аптэкі па лекі. Аказалася, што рэжым (за які столькі разоў яны галасавалі і якім бясконца захапляліся) адмяніў ільготы. Цяпер гэтым людзям трэба купляць лекі (часам вельмі дарагія) за свае грошы. Пазбаўлены ільготаў дзеці-інваліды і інваліды Чарнобыля. Для абсалютнай большасьці гэта азначае поўную галечу, пэнсіі ўжо ня будзе хапаць нават на хлеб. Такім чынам зьдзейсьнілася пагроза, агучаная “жалезнай дамай” антыбеларускага рэжыму Н. Пяткевіч — “Отменить все льготы!” Зразумела, што цемра асаднікаў-адстаўнікоў, якая атабарылася на нашай зямлі, уся гэбоўская і паліцэйская адстаўная публіка не адчуе на сваёй скуры эфэкту ад чаргоавай “сацыяльнай рэформы” лукашыстаў. Ім ніхто ільготы і пэнсіі не скарачаў і не адмяняў. Яны ходзяць у амплуа апірышча прарасейскага рэжыму і “пятай калёны”, заўсёды гатовай ударыць нашаму народу ў плечы. На фоне цынічнага абрабаваньня народу рэжым ўсяроўна трубіць пра пабудову чарговых “зімовых палацаў” і іншыя ідыёцкія праекты. Можа бабулькам і інвалідам можна будзе бясплатна катацца на каньках і гуляць у хакей? У выходныя дні выявіўся яшчэ раз кантраст двух пакаленьняў. У зонах адпачынку маладзёвыя кампаніі (ведаючы пра “рэформу”) гукалі групкам бабулек, што грэліся на сонейку і абмяркоўвалі цэны на лекі: “Бабулькі хадзіце туды. Там подпісы за Лукашэнку зьбіраюць!” Старыя адказвалі праклёнамі ў адрас згаданага “бацькі народу”. Замыкаецца кола дзікай шматгадовай дэмагогіі і падману.
З Расеі 7 траўня паступілі тыповыя паведамленьні. Жыхары пасёлка Красная Горка зьвярнуліся ў Крэмль з лістом пратэсту. Ужо працяглы час вайсковае начальства распрадае ўсім жадаючым экспанаты ваеннага музэю, што месьціцца ў мясцовым форце непадалёк ад Пецярбурга. Раней гэтую практыку пракамэнтаваў нам. галоўнакамандуючага ВМФ па ўзбраеньню А. Смалякоў: “Вывоз орудий производится с целью сохранения уникальных образцов вооружений…” Адмірал сказаў таксама, што на музэй няма сродкаў. Трэба адзначыць, што жыхароў хвалюе не музэйная справа. Яны баяцца, што на месцы разрабаванага адміраламі музэю будуць пабудаваны катэджы для бандытаў і мафіёзаў. 7 траўня адбыўся выбух у сінагозе г. Саратава. Добра, што вернікі сышлі з будынка пасьля сканчэньня службы і ніхто не пацярпеў. У Маскве ў той жа дзень міліцыя схапіла двух расейцаў, якія напярэдадні па-зьверску забілі двух таджыкаў. Цікавы камэнтар з Пятроўкі: “Убийство совершено на почве личной неприязни”. Цяпер у Маскве так называецца расавая і нацыянальная нянавісьць.
Па адмашцы з Масквы у аўтаномнай Бураціі прызначаны два кандыдаты на пост кіраўніка рэспублікі. Боріс Золотарёв служыў раней кіраўніком Эвэнкіі, а Владімір Бавлов быў сэнатарам ад Бураціі ў Маскве. Бурацкія палітыкі і інтэлігенцыя зьбянтэжаны такой альтэрнатывай з двух “засланых казачкоў”. Яны заяўляюць, што абодва “амаль не знаёмыя з рэспублікай і не прадстаўляюць тытульную нацыю Бураціі”. На гэта маскоўскія газэты робяць камэнтар, што абраныя асобы, “не зьвязаныя з мясцовымі элітамі і здольныя “обуздать растушчій в республіке націоналізм”.
Лубянка ліхаманкава рыхтуе глебу для незаконнага трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна. 7 траўня ён выступіў перад крамлёўскім начальствам і агучыў некаторыя ініцыятывы. Па-першае, паабяцаў перасяліць усіх, хто жыве ў ”хрушчоўках” і іншых неадпаведных цывілізацыі месцах, у новае, “достойное” жыльлё. На іхныя патрэбы Крэмль выдзяляе столькі-та грошай. Па-другое, у сувязі з 9 траўня Пуцін загадаў утварыць адмысловую службу, якая будзе прыглядаць за могілкамі савецкіх вайскоўцаў замяжой (трэба заначыць, што, напрыклад, Пэнтагон мае такую службу з пачатку мінулага стагоддзя і дбае аб ваенных амэрыканскіх пахаваньнях па ўсім сьвеце). Такім чынам, Пуцін “шырокім жэстам” паабяцаў да наступнай вясны перасяліць усіх і задбаць аб могілках. У бліжэйшыя месяцы мы яшчэ наслухаемся розных фантастычных крамлёўска-лубянскіх абяцанак. Як тут ня ўспомніць Леніна. На зьездзе камсамольцы спыталі ў яго: “Уладзімір Ільліч, а калі настане камунізм?” Бальшавіцкі клясік не міргнуўшы вокам адказаў: “Через пятнадцать лет, товарищи”.
З набліжэньнем так званага дня перамогі расейскае тэлебачаньне паказала 7 траўня макабрычны сюжэт на тэму. На безыменным полі пад Ржэвам у Цьверскай вобласьці адбываюцца раскопкі на месцы баёў. Зусім нядаўна было агучана, што пад Ржэвам загінула значна больш людзей, чым пад Сталінградам. Але ў савецкі час гэтую старонку вайны (і шмат якія іншыя) амаль ня згадвалі. Крэмль выдаткоўваў мільярды на гіганцкія і тупыя манумэтальныя комплексы ў так званых гарадах-героях. Беларускага наведвальніка Ржэва зьдзіўляе зачуханасьць і дзікасьць горада і навакольля, прымітыўна зьлепленыя аматарскіх формаў помнікі вайне. Фронт стаяў каля Ржэва на працягу 17 месяцаў (!), з верасьня 1941 года. Большасьць загінуўшых саветы так і не пахавалі. На шырокім полі раскопваюць трупы савецкіх жаўнераў, што ляжаць у тры слаі – так, хваля за хваляй гналі іх у лабавую атаку на нямецкія кулямёты. Зразумела, што абсалютная большасьць з іх – “невядомыя” (хаця ў архівах павінны быць зьвесткі пра гэтых людзей). Калі б так ваявалі ў той вайне амэрыканскія генэралы, то ні Рузвэльт, ні вайсковае начальства доўга не пратрымаліся б пры ўладзе. Сталіну і КПСС ўсё было дазволена. У сувязі з гэтым беларусы – нашчадкі няшчаснага пакаленьня той вайны – павінны заявіць, што ніколі больш ня будзе наш народ ваяваць за Маскву і абараняць злачынную крамлёўскую кодлу. Вечны праклён расейскаму і германскаму фашызму!
Янка Базыль