Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ прыбіраюць тэрыторыю мэмарыялу. Апошнім часам Курапаты наведваюць замежныя дэлегацыі. Сёньня там была дэлегацыя з нямецкай акцыі “Выкупленьне”.
Хаця сёньня і рабочая субота, у Курапатах працавала некалькі сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ. Людзі прыбіралі сьмецьці і сухое гальлё ды палілі яго на вогнішчы.
2 траўня вялікая група грамадзянаў Польшчы наведала Народны Мэмарыял у Курапатах. Уладзімер Юхо, які бывае ў Курапатах ледзь не штодня і фактычна першым даведваецца, што адбываецца на тэрыторыі мэмарыялу, не выключае, што такім чынам нейкая польская дэлегацыя, у дзень Канстытуцыі Рэчыпаспалітай, ушанавала памяць расстраляных у Курапатах палякаў. Вось, што ён распавёў:
“…Калі пазаўчора я прыйшоў у Курапаты, то ўбачыў польскія сьцягі амаль каля кожнага крыжа. Па ўсёй алеі, ад крыжа Пакутнікам Беларусі і да нашай нацыянальнай Галгофы наверсе, каля кожнага крыжа быў польскі сьцяжок. І вось тут, у самым цэнтры Курапатаў, дзе шмат крыжоў каля магілы, усюды ёсьць польскія сьцяжкі…”

Уладзімер Юхо прыбірае тэрыторыю мэмарыялу
Тым часам каля галоўнага курапацкага крыжа зьявілася іншая дэлегацыя, прыкладна ў 30 чалавек. Гэты былі актывісты нямецкай акцыі “Выкупленьне”, якая наведвае краіны, што былі акупаваныя Нямеччынай у часе Другой усясьветнай вайны, каб усталяваць добрыя адносіны з народамі гэтых краінаў.
Гаворыць удзельнік акцыі “Выкупленьне” Вэрнэр Фальк з Бэрліну:
“Мы наведваем Курапаты ўжо ў чацьверты раз, каб прасачыць гісторыю тых пакутаў, што перажыла Беларусь. Гэта і і ахвяры сталінскіх часоў, і ахвяры нацызму ў гады Другой усясьветнай вайны, і ахвяры Чарнобылю. Каб па-філязофску асэнсаваць пакуты беларускага народу, як калісьці іх асэнсаваў Янка Купала”.

Вэрнэр Фальк і яго калегі ў Курапатах
Штосуботнія талокі ў Курапатах будуць працягвацца да самых “Дзядоў”.
Паводле радыё Свабода (рэдагавана), БС