СЕМЯНОВІЧ Часлава Антонаўна (23.02.1930 – 25.04.2007)

27 красавіка 2007 г.

Навіны

Часлава Антонаўна Семяновіч, палымяная патрыётка Бацькаўшчыны, ўстала ў шэрагі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” у першыя дні змагарнага ўздыму нашага народу – у кастрычніку 1988 года. Яна была душой фронтаўскай арганізацыі ў Горадні. Яе жыцьцёвая мудрасьць, чалавечая шчырасьць і мужнасьць былі прыкладам для фронтаўцаў. Нягледзячы на сталы век і хваробу, яна рабіла беларускую працу, натхняла людзей, дапамагала ім. Падчас фронтаўскіх ініцыятываў яна зьбірала многія тысячы подпісаў у падтрымку беларускай справы, сустракалася з людзьмі, зьбірала ахвяраваньні на Народны Мэмарыял у Курапатах, які будавалі яе аднадумцы.

Калі варожыя Беларусі сілы пачалі калоць Народны Фронт і мабілізаваць грантаўскую псэўдаапазыцыю, Часлава Антонаўна зразумела сутнасьць прамаскоўскай публікі і адвярнулася ад фальшывых прагматыкаў. У Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ яна працавала вельмі актыўна, была сапраўдным апірышчам Партыі на Гарадзеншчыне.

Адыходзіць старэйшае пакаленьне змагароў-фронтаўцаў. Нашыя сэрцы напаўняюцца смуткам. Але радасна, што такія сьветлыя людзі, як Часлава Антонаўна, усё ж пабачылі родную Беларусь незалежнай краінай. Яны перадалі справу нашага нацыянальнага Адраджэньня маладым. Іхная ахвярнасьць, іхная барацьба не былі дарэмнымі. Настане час і вызваленая ад русіфікатараў Беларуская дзяржава ўшануе памяць такіх людзей, як Часлава Антонаўна. Вечная памяць!

Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 26 красавіка 2007 г.