26 красавіка спаўняецца 21 год з дня Чарнобыльскай катастрофы. Беларускі народ вечна будзе захоўваць памяць аб гэтай страшнай бядзе. Людзі не забудуць, што чарнобыльскую бяду абрынула на нашу зямлю крамлёўская ўлада антычалавечага савецка-расейскага рэжыму.
У той час, калі ўлады эўрапейскіх краінаў інфармавалі свае народы пра ядзерную небясьпеку, арганізавалі ёдную прафілактыку ўсяго насельніцтва сваіх краінаў, камуністычны рэжым Крамля схаваў праўду і вывеў масы людзей на сьвяткаваньне “праздника всех трудящихся” 1-га траўня 1986 г. пад радыяцыйныя ападкі. Мала таго што яны хавалі праўду пра маштабы катастрофы, яны арганізавалі фактычна масавае забойства людзей, гарадоў і вёсак Магілёўскай і Гомельскай вобласьцяў. Па загаду Крамля ваенныя лётчыкі стратэгічнай авіяцыі атрада “Циклон” асыпалі сьмяротныя воблакі на беларускую зямлю. І сёньня Масква лічыць героямі гэтых лётчыкаў-забойцаў мірных беларусаў, беларускіх гарадоў і вёсак. Такую інфармацыю у мінулым годзе падала “Российская газета” (за 21.04.2006 г.) Цытата:
“28 апреля в штабе дальней авиации участникам ликвидации чернобыльской катастрофы вручат награды. Алексей Грушин в числе 17 офицеров ВВС удостоен православного Ордена князя Дмитрия Донского.” (Аляксей Грушын быў адным з камандзіраў экіпажу лётчыкаў-забойцаў атраду “Циклон”.)
На працягу гадоў пасьля катастрофы Масква і мясцовыя маскоўскія марыянэткі спрабавалі падмануць беларускае грамадзтва, выстаўляючы Чарнобыль як “нязначную аварыю на ЧАЭС”. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” адкрыў беларускаму народу праўду пра чарнобыльскую бяду, арганізаваў гуманітарную дапамогу пацярпелым людзям, вымусіў улады прыняць захады па выратаваньні людзей.
Беларускі Народны Фронт арганізоўваў штогод Чарнобыльскія Шляхі – мэмарыяльныя мерапрыемствы памяці і смутку. Антыбеларускі рэжым ня здолеў хлусьнёй і рэпрэсіямі спыніць гэтае народнае рушаньне. Тады рэжым выкарыстаў падстаўных псэўдаапазыцыянэраў, якія спрабуюць давесьці да абсурду ідэю Чарнобыльскага шляху. Сёлета (як і на працягу апошніх гадоў) грантаўская псэўдаапазыцыя зьбіраецца павесьці людзей на бангалёрскае балота, на месца выгула сабак. Яны нават запрасілі “уважаемого презідента Лукашенко” на сваё “шэсьце”. Падстаўны “аргкамітэт” дзейнічае разам з рэжымам так жа сама, як яны дзейнічалі сёлета на Дзень Волі 25 Сакавіка, заводзячы калёны беларускай моладзі на ўскраіну сталіцы, пад міліцэйскія палкі, у тупік, дзе яны наладжвалі “день народного едінства” з антынародным рэжымам і расейскімі палітыкамі.
Сумленныя беларусы не павінны далучацца да гэтага блюзьнерскага “шэсьця” прарасейскай публікі. 26 красавіка беларусы будуць зьбірацца ў месцах пакутніцтва нашага народу: у Курапатах і іншых месцах, дзе пахаваны ахвяры антыбеларускага генацыду, што тварылі расейскія акупанты. Па ўсёй краіне пасьля працы беларусы пойдуць да сьвятых магілаў, каб памаліцца, запаліць сьвечкі – каб не згасала Памяць.
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ 21 красавіка 2007 г.