Радаўніца ў Курапатах

17 красавіка 2007 г.

НавіныКурапаты

Сёньня на Радаўніцу людзі прыходзілі ва ўрочышча Курапаты ўшанаваць памяць рэпрэсаваных продкаў.

Прыйшоўшы аб адзінаццатай у Курапаты, заўважаю, як за крыжам “Пакутнікам Беларусі” сярод соснаў маўкліва стаіць мужчына сталага веку.

“Тут у мяне ніхто не пахаваны. Але ж я быў высланы ў 1940 годзе пасьля таго, як прыйшло “ўзьяднаньне” з бальшавікамі. Яны прыйшлі, і пачаліся рэпрэсіі да беларусаў, якія жылі заможна і добра працавалі.

Бацьку арыштавалі й далі дзесяць гадоў як сацыяльна небясьпечнаму элемэнту. Калі мне было тры месяцы, ўсю сям’ю вывезьлі ў Сібір. Мы жылі ў вёсцы Сімакава Карэліцкага раёну Гарадзеншчыны. Бацьку звалі Яфімам Русецкім, а я — Міхаіл Русецкі”.

Міхаіл Русецкі. Курапаты, 17.04.2007

Міхаіл Русецкі паказвае пасьведчаньне аб рэабілітацыі

Валянціна Адашкевіч кожны год на Радаўніцу прыходзіць ва ўрочышча. Яна адразу ж падыходзіць да трох вялікіх крыжоў на курапацкім пагорку. Пад правым зь іх некалькі гадоў таму яна насыпала пясочак у памяць пра свайго рэпрэсаванага бацьку і загінулага пазьней на Сахаліне сына.

Валянціна Адашкевіч. Курапаты, 17.04.2007

Валянціна Адашкевіч ня ведае, дзе магіла рэпрэсаванага бацькі

“Катавалі ні за што. Як забралі, так і дагэтуль нічога пра яго не вядома. Гэта было тады, калі хапалі людзей, перад самай вайной. Памятаю, як зайшлі ў хату. Столькі шуму ўтварыла гэтае КДБ, ці як яно называлася. А я на печцы сядзела і закрычала: “Татачка!” Дык мяне так моцна ўдарылі, што я згубіла прытомнасьць. Расстралялі, напэўна, бацьку… Цянькоў Васіль Маісеевіч. Працаваў старшынём калгасу ў вёсцы Лясная Слаўгарадзкага раёну”.

Сёньня ў Курапатах гучала шмат гісторыяў ахвяраў рэпрэсіяў.

Сябра Кансэрватыўна-Хрысьцяінскай Партыі - БНФ Аліна Дуброўская з Койданава шмат гадоў прыходзіць у Курапаты, актыўна працуе на талоках.

“Рэпрэсаваныя ёсьць з боку майго бацькі. Гэта з Гомельшчыны. Дзе іхныя магілы, ня ведаю. Бацька вучыўся ў 1937 годзе ў менскім пэдынстытуце. Там былі вельмі адукаваныя прафэсары. За адну ноч іх усіх арыштавалі. Потым сталі цягаць студэнтаў.

Майго бацьку Дуброўскага Яўгена Лукіча трымалі трое сутак, дабіваліся ад яго даносу на выкладчыкаў. Але нічога не дабіліся. Мае погляды сфармаваліся пад уплывам майго бацькі. Вось чаму я прыходжу ў Курапаты”.

Курапацкія крыжы. 17.04.2007

Ядвіга Плавінская, Аліна Дуброўская, Валеры Буйвал і Ўладзімер Юхо ўпрыгожваюць курапацкія крыжы

Ядвіга Плавінская заўсёды, калі прыходзіць у Курапаты, найперш парадкуе гэтак званы польскі крыж. Яе два старэйшыя браты былі рэпрэсаваныя. Аднаго расстралялі ў Глыбоцкім раёне, другі пяць гадоў правёў у ГУЛАГу.

“Той брат цяпер жыве ва Ўроцлаве. Ён напісаў кнігу “Ў касьцях ГУЛАГу”. Выйшаў першы том, цяпер піша другі. Ён апісвае там усе зьдзекі, якія прайшоў у дванаццаці турмах”.

Сталы ўдзельнік курапацкіх талокаў актывіст Кансэрватыўна-Хрысьцяінскай Партыі - БНФ Уладзімер Юхо разам з Алінай Дуброўскай і Ядвігай Плавінскай сёньня ўпрыгожылі курапацкія крыжы ручнікамі. Спадар Уладзімер запаліў сьвечку па сваім рэпрэсаваным дзеду.

Уладзімер Юхо. Курапаты, 17.04.2007

Уладзімер Юхо: “Курапаты сёньня — гэта сымбаль свабоды, сымбаль незалежнасьці”

Прэс-сакратар партыі Валеры Буйвал адзначае, што людзі не забываюць пра Курапаты:

“Прыходзяць пакланіцца памяці продкаў, ахвяраў расейскага гаспадараньня на нашай зямлі. Сьветлы дзень сустрэчы зь ценямі продкаў. Крыжы — знак хрысьціянства, знак вечнай памяці й вечнага жыцьця. І ўсё гэта настолькі натуральна, настолькі ад душы. Гэта якраз і сьведчыць пра тое, што людзі вяртаюцца да чалавечай нормы, да хрысьціянскага ідэалу”.

На Радаўніцу ўпрыгожылі таксама й “Лаву Клінтана”

Паводле радыё Свабода, Ганна Соўсь, Менск