Да восеньскіх Дзядоў талокі ў Курапатах будуць ладзіцца штосуботы

14 красавіка 2007 г.

НавіныКурапаты

У Курапатах сёньня адбылася традыцыйная талака, якая ладзіцца сябрамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ. Але ў прыборцы тэрыторыі мэмарыялу бяруць удзел ня толькі партыйныя актывісты. Акцыя будзе працягвацца да восеньскіх Дзядоў. Сёньня ў Курапатах пабываў наш карэспандэнт.

Напярэдадні дня памяці продкаў Радаўніцы ў Курапаты прыйшлі грамадзкія актывісты. Людзі прыбіралі й палілі зімовае сьмецьце каля памятнага каменя. Кіраваў талакой сакратар управы Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ Алесь Чахольскі:

Чахольскі: “Сёньня дзень перад Радаўніцай. У гэты дзень традыцыйна прыходзяць на могілкі, ушаноўваюць сваіх продкаў – дзядоў, бацькоў. Нашая партыя пачала традыцыйныя суботнія талокі. Прыйшлі маладыя людзі, сябры партыі, прыхільнікі. Пасьля абеду прыйдуць людзі, якія сёньня працуюць. Заўважце, мы стаім на гэтым месцы, колькі гадоў тут ужо прыбіраюць, і паміж тымі ўчасткамі, да якіх мы яшчэ не дайшлі, і паміж прыбранымі адчуваецца, што месца ўпарадкавана”.

Прыбіраць тэрыторыю мэмарыялу прыйшлі й зусім маладыя людзі. Я паразмаўляў з падлеткамі Надзеяй і Ўладзімерам:

Надзея: “Я бяру ўдзел у талацэ ўжо другі год. Мы тут прыбіраем кожную суботу. Я лічу, што гэта наш абавязак перад Радзімай, захоўваць гэтае сьвятое месца ў чысьціні. І ня толькі напярэдадні Радаўніцы”.

Уладзімер: “Мы гэта робім, таму што месцы расстрэлаў савецкіх часоў павінны быць вызначаныя, беларусы павінны памятаць гэтыя месцы. Гэта гістарычная праца. Мы павінны перадаць гэтую памяць у спадчыну нашым дзецям”.

Прыбіралі тэрыторыю мэмарыялу і маладыя, і пажылыя. У асноўным гэта людзі неабыякавыя да гісторыі. Гаворыць удзельнік талакі Алесь:

Алесь: “Я думаю, што гэта вельмі важнае месца. І кожны, хто трапляе сюды, прасякаецца духам, які дазваляе сюды вяртацца і рабіць стваральную працу. Добраўпарадкаваньне гэтага незвычайнага месца і ёсьць стваральнай працай”.

Паводле радыё Свабода, Альгерд Невяроўскі, Менск

=====

Штосуботнія талокі ў Курапатах будуць працягвацца да восеньскіх Дзядоў.

Пачатак талакі прыкладна ў 11:00 (звычайна праца да 15:00). З сабой пажадана мець рыштунак і працоўнае адзеньне.

БС