Беларускае грамадзтва ня гледзячы на рэжымную хлусьню даведваецца ўсё больш дэталяў пра гібель нашых авіятараў і вайскоўцаў у Самалі. Стала вядома, што пасьля катастрофы першага нашага самалёта ў Магадзіша (на пачатку сакавіка) другі беларускі транспартны самалёт выляцеў у Магадзіша з Хартума, дзе экіпаж начаваў 22 сакавіка. У гатэлі нашы авіятары сустрэлі расейскіх калегаў. Тыя зьбіраліся ляцець у Маскву ў якасьці пасажыраў нейкім рэгулярным рэйсам праз колькі дзён. Прыязныя беларусы запрасілі іх ляцець з імі: “толькі завітаем у Магадзіша, а потым курс на Менск, там і Масква недалёка”. Расейцы здалі свае авіяквіткі. Але ўначы ім патэлефанавала начальства і падказала ўзяць сваю браню назад і нікуды на беларускім самалёце не ляцець. Яны так зрабілі – і засталіся жывыя. Рэжым хлусіў, што беларускі самалёт быў зьбіты пераноснай зэнітнай устаноўкай “з пляча” пры вылеце з аэрапорта Магадзіша. На самай справе самалёт атрымаў ракету на вышыні 2 тысячаў мэтраў. Пілёты да апошняга спрабавалі пасадзіць сьмяротна пашкоджаную машыну. Пашкоджанае крыло адвалілася ўжо пры пасадцы на зямлі. Менавіта таму адзін з пілётаў быў яшчэ жывы і ўстаў сярод абломкаў. Пра ўсё гэта распавядаюць спэцыялісты, уражаныя блюзьнескімі скокамі, якія антыбеларускі рэжым арганізаваў 25 сакавіка на тэрыторыі сталічнага аэрапарта. Авіятары раптам ясна ўбачылі, што чалавечае жыцьцё нічога ня значыць для хунты. Яны кажуць таксама пра тое, што Масква актыўна пазбаўляецца ад сьведкаў і ўдзельнікаў шматгадовай акцыі пад назовам “беларускі калідор” (дастаўка расейскай зброі беларускімі транспартнымі самалётамі дыктатарскім рэжымам у розныя канцы сьвету). Нашых людзей забіваюць, бо яны “слішком много знают” пра справы крамлёўскай мафіі і яе агентуры ў РБ. Падобна, што маскоўцы вырашылі забіць усіх, хто абслугоўваў “калідор”. На працягу некалькіх дзён беларускія авіятары шмат што зразумелі. Шмат што зразумела і тая частка нашага грамадзтва, якая здольная думаць. А менавіта – справы з маскоўскімі бандытамі зайшлі надта далёка.
2 красавіка палатнікі генэрал Фралоў і Скрабец сабралі свой прарасейскі мітынг на бангалёрскім сабачніку. Сабралася чалавекі тры, замест абяцаных трыццаці тысячаў. Сярод іншага зьвярнула на сябе ўвагу такая дэталь. Палітычныя клоўны выставілі на подыюме, з якога збіраліся прамаўляць да натоўпаў, “гатовых абараняць ад Лукашэнкі Расею”, два сьцягі – расейскі трыкалёр і сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Папярэдняе шоў на тэму блытаніны каштоўнасьцяў і прыярытэтаў зрабіла КГБ РБ яшчэ ў сярэдзіне сакавіка, надрукаваўшы вялікі наклад налепак пра “день белорусского едінства”. На іх былі паказаны побач Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і шмата БССР-РБ, на іншай налепкавай мадэлі “едінства” быў таксама партрэт “едіного” Мілінкевіча, які заклікаў да сумеснага сьвяткаваньня народнага Дня Волі з антынародным рэжымам. Зазывалы на “едіненіе” заклеялі ўсю сталіцу гэтай прадукцыяй расейскіх друкарняў. Мілінкевічу, Вячорку і іхнай кампаніі ўдалося падмануць беларускую моладзь і зьвесьці тысячы людзей ад плошчы Каліноўскага як мага далей. Ім удалося цынічна выкарыстаць людзей, падмануць моладзь пустым і шкодным для Беларусі мерапрыемствам. Кантора і яе паслугачы прызвычаяліся нячыстымі рукамі хапацца за наш сьвяты Сьцяг, выкарыстоўваць яго ў сваіх подлых грантаўскіх справах. Пасьля пэўнага посьпеху мілінкевіцкай правакацыі 25 сакавіка наступныя правакатары ўжо зусім распярэзаліся і задумалі выкарыстаць наш Сьцяг у абароне Расеі. Але гэта было ўжо надта, як кажуць імпэрцы – “чересчур”. Правакацыя 2 красавіка правалілася, кантора ў прынцыпе дарэмна “спаліла” (раскрыла) сваіх даўніх агентаў Фралова і Скрабца. Але вось жа яны ў хуткім часе засядуць разам у “камітэце па арганізацыі Чарнобыльскага шляху”: Мілінкевіч, Вячорка, Лебедько разам з Фраловым і Скрабцом. Яны ўжо цяпер заявілі, што павядуць людзей на вядомы сабачнік на Бангалёры (там, аказваецца, ёсьць капліца РПЦ). Няўжо наша змагарная моладзь зноў пойдзе за гэтай публікай?
Былы міністар вайны РФ С. Іваноў 3 красавіка заклікаў расейскае насельніцтва не купляць эстонскія харчовыя прадукты і не падарожнічаць у Эстонію. Ён прызнаў, што многія расейцы купляюць якасныя эстонскія малочныя вырабы і адпачываюць у гэтай культурнай краіне. Пагрозы і заклікі цяперашняга першага віцэ-прэмьера гучаць на тэму дэмантажу бронзавага “освободітеля”, які назаляў эстонцам у цэнтры іхнай сталіцы. “В меру упітанный” лубянец прадэманстраваў свой “патрыятызм” перад мільёнамі згаладнелых суайчыньнікаў, якія нікуды ня езьдзяць адпачываць.
Пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй краіны, крамлёўцы 3 красавіка яшчэ лыпаюць вачыма і робяць нейкія нязьвязныя камэнтары-выступы. Адчуваецца, што за кулісамі яны кляпаюць нейкую “афіцыйную пазыцыю Крамля”. Мабыць, будуць навязвацца ў пасрэднікі паміж бакамі канфлікта ды палохаць крывёю і гвалтам. Тым часам адчуваецца, што Юшчанка зрабіў падрыхтаваны крок. На шумную мітусьню януковіцкіх міністраў грукнуў булавой аб стол міністар абароны Украіны Анатоль Грыцэнка: “Нацыянальная армія будзе выконваць загады толькі свайго галоўнакамандуючага – прэзыдэнта Украіны…” Пачуўшы гэта, па зале забегалі сацыялісты, залемантавалі, што нібыта ўжо выдаецца боекамплект танкавай дывізіі, якая дыслякуецца пад Кіевам. Па ўсім адчуваецца. што пачынаецца новая глава ўкраінскай гісторыі.
Янка Базыль