«Гомельская праўда» за 22 сакавіка піша пра раскрыцьцё злачынстваў і пакараньне дзьвюх арганізаваных крымінальных груповак – адна з Гомелю (вядомая тутэйшым як «пажарнікі»), другая – з Рэчыцы. На сёньняшні дзень 46 гомельскіх і 32 рэчыцкіх бандзюганы атрымалі ад 4 да 15 гадоў зьняволеньня, аднаму зь іх пакараньне не было вынесенена ў сувязі з тым, што ён скончыў жыцьцё самагубствам.
Болей за дзесяць гадоў бандыты трымалі ў страху ўсіх гомельскіх і рэчыцкіх прадпрымальнікаў – ініцыятыўных людзей, што займелі свой бізнэс. Бандыцкія хеўры зьбіралі «даніну», учынялі жорсткія расправы над непакорнымі, спрыялі наркагандлю й прастытуцыі, здолелі падмяць пад сабе частку супрацоўнікаў гомельскай міліцыі.
Істотным штрыхом да карціны гэтага крымінальнага гаспадарства нечалавечых законаў ёсьць тое, што ўвесь абарот незаконным таварам чыніўся проста праз празрыстастую, «непатрэбную для брацкіх народаў» мяжу. А ў дадзены момант асноўная частка мафіёзнай вярхушкі «пажарнікаў» знаходзіцца на тэрыторыі «Расіі-матушкі». Той самай, зь якой, дарэчы, і прыехаў у свой час рэчыцкі першапраходнік вялікі дарогі па мянушцы Крук, забіты ў свой час расейскімі братамі па рамёстве. Казаць на фоне гэтага пра «высокую культуру і духоўнасьць» якую прынесла ў Беларусь усходняя навала, пра патрэбу «аднаўленьня саюзнага брацтва», азначае падтрымаць прыцёк чужынскай навалачы ў сваю хату. Азначае плюнуць на трупы тых, хто загінуў у быццам бы мірнае апошняе дзесяцігодзьдзе ад рук актыўных прыхільнікаў расейскай блатной традыцыі. Якая сталася нормай і ледзь не гонарам расейскага грамадства (прыгадайма посьпех такіх «шэдэўраў» кіно, як «Бумеры», «Антыкілеры» й да т.п.). Толькі нацыянальная ідэя здолее захаваць беларускі народ ад уплыву расейскай блатной псэўдакультуры і псэўдамаралі.
Раман Валатоўскі