29 сакавіка ў Маскве быў забіты чарговы дворнік. Пры чым, “почырк” забойства той жа, што і ў серыі іншых забойстваў прыбіральшчыкаў у горадзе “подмосковных вечеров”: больш за 20 нажавых удараў. Усе забітыя прыехалі ў Маскву з постсавецкіх краінаў Цэнтральнай Азіі. Яны гатовыя працаваць на гэтых пасадах за любыя грошы, бо дома разбураная эканоміка. Але нават пракуратура ўжо ня можа схаваць факту, што гэта не выпадковыя расправы, а дзейнасьць мафійных груповак, якія дзеляць паміж сабой сфэры ўплываў і азіяцкіх рабоў. Раней “органы” доўга адмахваліся ад адэкватных высноваў, нават ня зводзілі злачынствы ў розных раёнах Масквы ў адну справу. Цяпер прыйдзецца прынамсьці зрабіць выгляд, што яны займаюцца рассьледваньнем чарговай жудаснай тэндэнцыі ў цэнтры сваёй імпэрыі. “Московскій люд” да таго апусьціўся, што ня здольны ўжо прыбіраць за сабой сьмецьце (такім быў і рымскі охлас, які лайдачыў і ганарыўся сваёй імпэрыяй). Нават малапрэстыжовая справа ачысткі гарадзкой тэрыторыі ад бруду зрабілася ў гэтым Вавілёне матар’ялам і арэнай крымінальнай дзейнасьці і мафійнай вайны.
30 сакавіка ў Лёндане адбыўся допыт Б. Беразоўскага, якога так даўно дамагалася Масква. Сьледчы генпракуратуры РФ А. Отводов на працягу 4 гадзінаў дапытваў цяперашняга антыпуцінца. Перад допытам Отводова абшукалі на прадмет атрутных рэчываў і запісваючай апаратуры (вось як цяпер тут трактуюць “дорогіх московскіх гостей”). Допыт адбываўся ў прысутнасьці афіцэраў Скотланд-Ярду і запісваўся на відэастужку. Брытанцы рэзка адмовілі маскоўцам праводзіць сустрэчу на тэрыторыі амбасады РФ. Беразоўскага вельмі зьдзівілі пытаньні сьледчага. Отводов ўсё распытваў пра банкаўскія рахункі Беразоўскага і Літвіненкі, пра іхныя кантакты і жыцьцё. Толькі на прыканцы допыту ён спытаў пра абставіны сьмерці Літвіненкі. Спэктакль яшчэ раз пераканаў Беразоўскага, што Літвіненку забіла ФСБ паводле загаду Пуціна.
Прэзыдэнт ЗША Буш наведаў 31 сакавіка вайсковы шпіталь, вакол якога апошнім часам разгарэўся скандал у сувязі са скаргамі пацыентаў. Вайскоўцы, параненыя ў Іраку і Аўганістане, скардзіліся на кепскія санітарныя ўмовы і неарганізаванасьць абслугі. Прэзыдэнт сустрэўся з параненымі вайскоўцамі, падтрымаў іх, даў наганяй адміністрацыі. Перад тэлекамэрамі ён папрасіў прабачэньня ў вайскоўцаў за недахопы. Расейскія СМІ бадзёра ўхапіліся за тэму, пачалі раскручваць яе ў крывым сьвятле кпінаў. Няхай бы яны лепш наведалі вайсковыя шпіталі ў сваёй Расеі (пажадана падалей ад Масквы). Яны б убачылі там такія жахі, такую карупцыю і зьдзек з ахвяраў расейскіх каляніяльных войнаў і дзедаўшчыны, якія ня сьніліся нікому ў цывілізаваных краінах. Ды й Пуцін ніколі і ні перад кім не прасіў прабачэньня.
Янка Базыль