Беларусы адмаўляюцца ўдзельнічаць у расейскай папсе. 27 сакавіка лепшы беларускі клюб па хакею на траве “Будаўнік” паведаміў, што адмаўляецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад назовам “адкрыты чэмпіянат Расеі па хакею на траве”.
Нашых атлетаў ня раз груба падманвалі на гэтых спаборніцтвах: не даплочвалі грошы пасьля перамогаў, ставілі на гульні выключна расейскіх суддзяў. Стала вядома таксама, што перад 25 сакавіка менскія ўлады зьвярнуліся да некаторых папулярных беларускіх рок-гуртоў з прапановай выступіць на канцэртах у аэрапорце і каля “чупа-чупса” “в честь незавісімості”. Яны пагадзіліся не разабраўшыся. Але калі разабраліся, у якую папсовую рэжымную яму іх хочуць апусьціць, то адмовіліся ад удзелу (!). Так што расейцы з клюшкамі і без арганізоўвалі свае гульні і скокі без беларусаў.
Мы нядаўна пісалі на старонцы pbpf.org пра расейскую войначку на Кіеўшчыне. Падзеі сапраўды абганяюць нашы камэнтары. 27 сакавіка гісторыя атрымала працяг. Арыштаваны ў Кіеве яшчэ ў лістападзе 2006 года расейскі мафіёза Максім Курачкін 27 сакавіка быў прывезены ў Сьвятошынскі раённы суд Кіева дзеля дачы паказаньняў на сваім працэсе. Паказаньні ён даў, але калі выходзіў з будынку суда, то быў застрэлены невядомым снайпэрам. Украінскія ўлады абвінавачвалі яго ў шэрагу эканамічных злачынстваў. Вядома таксама, што “свеже преставленный” Курачкін быў старшынём такзванага “Россійского клуба”. “РК” афіцыйна быў створаны для “дыялёгу паміж расейцамі і украінцамі, дружбы і ўзаемнай выгоды”. Але гэта толькі на паперы. Курачкін і ягоны “клюб” былі асноўнымі спонсарамі партыі Натальлі Вітрэнкі, вядомай марыянэткі Крамля ва ўкраінскай палітыцы (яе часта называюць “Лукашэнкам у спадніцы”). І гэта не адзіны подзьвіг клюбных “русскіх ребят” ва ўкраінскай палітыцы. Але на Кіеўшчыне пачалася актыўная маскоўская зачыстка “ребят, которые слішком много зналі”. 19 сакавіка быў застрэлены намесьнік Курачкіна А. Харчішін, а цяпер вось і сам начальнік расейскай банды. Мяркуем, што прычынай “скарачэньня кадраў” стала пасьлядоўная дзейнасьць украінскага кіраўніцтва па ліквідацыі бандыцкіх структураў чужой дзяржавы на тэрыторыі Украіны.
28 сакавіка НТВ паказаў чарговы макабрычны сюжэт з Масквы. На працягу працяглага часу група маладых злачынцаў дамаўлялася з уладальнікамі аб пакупцы іхных аўтамабіляў (выбіраліся самыя дарагія і сучасьнейшыя аўто). Уладальнікі прыганялі свае машыны нібыта ў аўтасэрвіс дзеля канчатковага тэхагляду. Бандыты забівалі ўсіх, хто знаходзіўся ў машыне і закапвалі іх пад падлогай сваёй “аўтамайстэрні”. Міліцыя злавіла іх выпадкова. Удалося знайсьці дзесяць трупаў. Суд выдаў адному з забойцаў прысуд пажыцьцёвага зьняволеньня. Што далі яшчэ адному, невядома. Але цікавае адбывалася потым. Скрадзеныя аўтамабілі не знайшліся. Нават суддзі кажуць, што ў бандзе павінна быць больш людзей. А таксама, што за бандай выканаўцаў стаяць нейкія багатыя і ўплывовыя асобы, якія замаўлялі дарагія машыны. Але рэпартаж скончыўся на сказе – “дело окончено і сдано в архів”. Маскоўская Фэміда вельмі ж відушчая. Пасадзілі за краты нейкіх дробных выканаўцаў, а “крутые” арганізатары зьверстваў у пагонах і без пагонаў езьдзяць на залітых крывёй машынах і пасьмейваюцца. Жудасны горад, кашмарная краіна.
27 і 28 сакавіка НТВ паказала два дакумэнтальна-мастацкія фільмы пра антыбальшавіцкіх расейцаў пісьменьніка Буніна і філёсафа Ільіна. Абодва інтэлектуальныя аўтарытэты шчыра ненавідзелі бальшавізм і рэвалюцыю. Ільін выразна выказаўся яшчэ ў 1917 годзе пра новую ўладу: “Создано неслыханное по гнюсности государство…” Сваё жыцьцё яны выратавалі за мяжой, на Захадзе. Але ў чарговы раз беларусы пераконваюцца ў тым, што для нас і нашага нацыянальнага інтарэсу “абое рабое” – што белагвардзейцы, што чырвонаармейцы. Для першых і для другіх – Россія едіная і неделімая, толькі пафарбаваная ў розныя колеры ў залежнасьці ад крамлёўскіх уладароў. У сваіх кніжках пра будучыню Расеі, пра бальшавізм і рускую культуру Ільін аніразу не згадаў імёны народаў, прыгнечаных расейцамі ў іхнай імпэрыі. Для яго ўсе (у тым ліку і мы – беларусы) ёсьць “Россія”. Ён усё жыцьцё аплакваў царскае самадзяржаўе. Трошкі больш клопату для аўтараў фільма нарабіў Бунін. Так камэнтуючы ягоныя адносіны да гітлерскай агрэсіі супраць СССР у 1941 годзе, вядучы паведаміў: “Бунин очень опечалился, узнав о захвате немцами 30 июня очередного русского города…” Зразумела, што йдзецца пра наш Менск. Якія яны былі, такія і засталіся. Той, хто запрашае “русскіх демократов” выступаць на беларускіх мерапрыемствах на Дзень Волі, ведае, што запрашае ворагаў Беларусі. Гэта павінны ўрэшце зразумець і тыя беларусы, якія выслухоўваюць прамовы “демократов” пра “Кремль, которому нужна демократическая Белоруссия” і ня гоняць гэтых мілінкевіцкіх гасьцей на вакзал.
Янка Базыль