Факты і падзеі (5 сакавіка 2007 г.)

10 марта 2007 г.

Актуаліі

5 студзеня чарговы крамлёўскі Мюнхаўзэн публічна ўсеўся на гарматнае ядро. Камандуючы дальняй авіяцыяй Расеі генэрал Ігорь Хворов (якое выразнае прозьвішча!) выканаў перад журналістамі ў Маскве вельмі папулярную апошнім часам пантаміму пад назовам “Маханьне кулаком у бок Захаду”.

Гэтым разам была і тэкстоўка пад літаратурным дэвізам “Остапа понесло…” Цытуем генэрала: “Элемэнты супрацьракетнай абароны, што знаходзяцца ў шахтах, зьяўляюцца вельмі слаба абароненымі аб’ектамі. Усе тыпы самалётаў нашай дальняй авіяцыі здольныя рашыць задачы па іх электроннаму падаўленьню і фізычнаму зьнішчэньню”. Вельмі выразна сфармулявана! Дык, калі ў вас “всё под контролем, товарішчі”, то чаго вы тады так надрываецеся ўжо другі месяц на тэму праекту амэрыканскага супрацьракетнага шчыта ў Чэхіі і Польшчы? Чаму вас бье ліхаманка? Чаму па вуліцах Цьверу валэндаюцца ракетныя калёны С-300? Чаму вы адбіраеце апошні грош у мільёнаў абяздоленых расейцаў, у дзяцей, якія паводле цьверскай народнай прымаўкі “слаще морковки ничего не кушали”? А калоціць вас (і вашых нямецкіх сябручкоў-кліентаў з Бундэстагу) ад рашучай палітыкі Злучаных Штатаў, кіраўніцтва якіх раней за іншых убачыла і адэкватна ацаніла ваш мілітарызм і шызоіднае аднаўленьне таго, чаго няма і ніколі ня будзе – вашай фэадальна-гэбоўскай імпэрыі “ад Брэста да Курылаў”.

У Туркмэністане “пачаліся рэформы”… Можа там адмянілі культ галоўнай службовай асобы дзяржавы? А можа падвысілі заробкі фэлахам? Не, новы прэзыдэнт краіны Бэрдымухамэдаў адразу ж узяўся за “основное”, за “главное”. Новая прэзыдэнцкая мятла адразу ж пачала з навядзеньня парадку ў нацыянальным школьніцтве. А менавіта загадала аднавіць у туркмэнскіх школах выкладаньне расейскай мовы. З гэтым будуць, напэўна, вялікія цяжкасьці. Бо з 1991 г. “велікій і могучій” за непатрэбнасьцю быў выдалены са школьніцтва незалежнай краіны. У выніку сфармавалася цэлае пакаленьне народу, якое не далучана да імпэрскай мовы, не разумее яе і не гаворыць аніслова. Пры чым, як трагедыю гэта разглядалі да апошняга часу не ў Ашгабадзе, а чамусьці ў Маскве. Ці не таму здаровы, энэргічны і зусім не стары прэзыдэнт Ніязаў так тэрмінова захварэў і памёр?

У Кіеве 5 сакавіка пачалася навукова-практычная канфэрэнцыя на тэму шляхоў стварэньня адзінай Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Старшынюе на канфэрэнцыі брат прэзыдэнта краіны Пятро Юшчанка. Там сабраліся прадстаўнікі нацыянальнага сьвятарства, інтэлігенцыі, вернікаў, дзяржадміністрацыі. Не абышлося без інцыдэнтаў. Без запрашэньня на канфэрэнцыю паспрабавалі прабіцца прадстаўнікі маскоўскай РПЦ (такзванай “украінской церкві московского патріархата”). Іх у залю не пусьцілі, патлумачыўшы, што ўкраінскія прадстаўнікі абмяркоўваюць украінскую справу. І неўкраінскіх гасьцей яны не запрашалі. Як вядома РПЦ учэпіста трымаецца за Украіну. Яшчэ з савецкіх часоў большая частка праваслаўнага сьвятарства ішла ў РПЦ з украінскіх семьяў, моцных духоўнай традыцыяй і маральлю. Адтуль жа ў казну РПЦ паступала вялікая частка грашовага прыбытку ад украінскіх вернікаў. Так было, але цяпер так ня будзе. Цяпер да гэтых аргумантаў дадаўся яшчэ адзін: Масква баіцца згубіць апошні канал сваіх імпэрскіх уплываў, калі рассыпецца бастыён РПЦ ва Украіне. Яшчэ ў 1993 г. РПЦ абвяшчала анафэму на Патрыярха нацыянальнай Украінскай Праваслаўнай Царквы Філярэта. Ды ня вышла. Народ падтрымаў свайго пастыра і сваю Царкву. Украіна ідзе да канчатковага духоўнага вызваленьня ад лубянскага цемрашальства.

На дарозе ў глыбокай алжырскай правінцыі 5 сакавіка выбухнуў фугас каля аўтобуса з будаўнікамі. У выніку загінулі два алжырцы, адзін расеец, паранены некалькі ўкраінцаў. Ужо на наступны дзень лубянцы апэратыўна выкарысталі інцыдэнт дзеля савёй “канстытуцыйнай справы”. На нейкім “ісламісцкім” інтэрнэтсайце была зьмешчана адозва. Нікому не вядомыя фантамасы заявілі, што гэта яны ў імя Аль-Каэды падарвалі аўтобус у Алжыры, “каб адпомсьціць расейцам за чачэнскіх ісламскіх байцоў”. Урад Алжыра абверг паведамленьні на гэтую тэму, якія растыражавалі расейскія СМІ. Алжырскае кіраўніцтва заявіла, што замах зьвязаны з набліжэньнем парляманцкіх выбараў у краіне і ня мае дачыненьня да Чачэніі. Правакацыя ФСБ правалілася.

Янка Базыль