Факты і падзеі (1-3 сакавіка 2007 г.)

6 сакавіка 2007 г.

Актуаліі

Французкія СМІ доўга замоўчвалі факт удзелу ў выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі лідэра французкіх нацыяналістаў Лё Пэна. Але дзявацца няма куды. Са страхам цяперашні эстэблішмэнт краіны ўспамінае мінулыя выбары, калі Лё Пэн заняў другое месца і ледзь не перамог на выбарах.

Вядома, што цяпер яго падтрымлівае яшчэ больш людзей, пры чым, маладых і старэйшых, студэнтаў, інтэлектуалаў і бізнэсмэнаў. Дадатковым агрумантам для іх стала арабская вайна супраць Францыі ў шэрагу французкіх гарадоў увосень 2005 г. Яны разумеюць і такі аргумант свайго лідэра: “Я прэтэндую быць прэзыдэнтам Францыі, а не галоўным чыноўнікам тэрыторыі, якой кіруе Эўразьвяз…”

2 сакавіка па вуліцах Цьверы маршыравалі шыхты ў блакітных шынялях, на плятформах везьлі ракеты і самалёты. Камандаваў парадам генэрал Міхайлаў, начальнік ваенна-паветраных сілаў Расеі. Такім чынам Масква дэманстравала “гораду і сьвету” свой новы зянітна-ракетны комплекс С-300. Міхайлаў і іншыя апошнім часам шмат палохаюць сваімі ракетамі цывілізаваны сьвет. Гэтым разам дэманстрацыя ракетных мускулаў адбывалася пасярод адпаведных дэкарацыяў. Беларусаў, якія пабылі ў Цьверы, уразіла недарэчная правінцыйнасьць і аляпаватасьць няшчаснага гораду. Поўная адсутнасьць кавярняў і іншых магчымасьцяў адпачыць і пад’есьці, разьбіты асфальт, кашмарная саўдэпаўская архітэктура, савецкага выгляду грамадзяне. Ня верыцца, што гэта – некалі вялікі і квітнеючы цэнтар цывілізацыі, магутная сталіца княства, добры сусед ВКЛ. Але з часоў Івана Каліты (14 ст.) імпэрская Масква вяла бесперапыннае зьнішчэньне ўсяго жывога і творчага на няшчаснай цьверскай зямлі. Зьнішчэньне было настолькі грунтоўным, што да апошняга часу было невядомым нават месца, дзе знаходзіўся на беразе Волгі цьверскі Крэмль (значна большы па памерах за маскоўскі). З часам Цьвер зрабіўся бліжэйшым да Масквы месцам высылкі і пакараньня для ўсіх ахвяраў рэжыму (Цьвер канкурыраваў у гэтым з горадам Уладзімірам, з ягонымі сумна знакамітымі дарогай у Сібір (“Владімірка”) і турмой “Владімірскім цэнтралом”). Затое цяпер здратаваны варварамі горад стаўся сталіцай маскоўскіх ракетаў.

У Тбілісі 2 сакавіка прыбыў з афіцыйным візытам прэзыдэнт Украіны Юшчанка. У цэнтры грузінскай сталіцы ён адсланіў помнік Тарасу Шаўчэнку. Прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі дэклямаваў вершы Шаўчэнкі на ўкраінскай мове. Мясцовыя ўкраінцы сьпявалі разам з Юшчанкам народныя ўкраінскія песьні. Ці можна такое ўявіць падчас якога-небудзь візыту прарасейскага менскага эстэблішмэнту? Спэцы ад “Скоріны, который учілся в Пітере” ня здольныя на такія чалавечыя праявы.

3 сакавіка ў амэрыканскім горадзе Эдэлфі быў здзейсьнены замах на Пола Джояла. Двое невядомых стралялі ў яго і цяжка паранілі. Джоял з 1980 па 1989 г. працаваў дырэктарам аддзелу бясьпекі камітэту Сэнату ЗША па выведцы. Пасьля гэтага ён працаваў экспэртам па расейскіх спэцслужбах, выдаваў бюлетэнь пра лубянцаў. Джоял настойліва заяўляў, што забойства А. Літвіненкі ў Лёндане ёсьць злачынствам ФСБ. Мужны чалавек казаў таксама, што любая дзейнасьць крамлёўскіх спэцслужбаў супраць дэмакратычных краінаў павінна атрымліваць рэзкі адлуп з боку заходняй цывілізацыі. Крывавая лубянская справа Літвіненкі атрымала свой працяг ужо ў Амэрыцы.

У Санкт-Пецярбурзе 3 сакавіка адбыўся шырока разрэклямаваны напярэдадні “Марш несогласных”. Копія менскіх псэўдаапазыцыйных “маршей свободы” і “за лучшую жізнь” выглядала па-над Нявой ня менш мізэрна чым па-над Свіслаччу. На Неўскі праспэкт выйшлі пару тысячаў крыкуноў начале з вядомым лубянскім бальшавіком-фашыстам Лімонавым. З чым яны “не согласны”, ніхто так і не зразумеў. Каля Гасьцінага двара іх пагналі амоны, Лімонава забралі. Зразумела, што ў Расеі (непасрэдна з горада Ул. Пуціна) пачынаецца стракатае тэатральнае дзейства пад агульным назовам “перадвыбарчая кампанія”. Крамлю важна прадэманстраваць, што супраць палітыкі “партіі і правітельства” могуць быць толькі непрывабныя лімонаўскія “ребята” з камуна-фашыстоўскай сымволікай. Ды што іх зусім мала. А большасьць, маўляў, – “за”. Глядзіш, ня толькі Захад, а і самы расейцы павераць, што ўсе задаволены пуцінскім рэжымам. Уся Эўропа набыла квіткі і пачынае ўзірацца ў сцэну, чакаючы чарговай электаральнай трагікамэдыі ў Вялікім расейскім тэатры. Ім хораша, яны сядзяць на дальніх радах, некаторыя нават на галёрцы. А вось беларусам дасталіся надта блізкія да сцэны крэслы. Мы бачым, як лушчыцца фальшывы грым на фізіяноміях акцёраў, якія зашмальцаваныя крамлёўскія заднікі-дэкарацыі. Чуем, як надрываецца з будкі лубянскі суфлёр, крычыць, махае кулаком на выканаўцаў. Больш таго, яны хацелі б падмануць нас, як Бураціну, ды запісаць назаўжды ў сваю трупу. Але нічога не атрымаецца ў гэтых карабасаў-барабасаў.

Янка Базыль