14 лютага ў сталіцы Дагестану Махачкале актыўна стралялі з калашнікаў па патрыётах Расеі (выразна нагадваючы, што на гэтай зямлі і гэтых гарах трэба быць патрыётам Дагестану). Нагадвалі пра гэта мясцоваму лідэру маскоўскай партыі “Патріоты Россіі” тов. Хетагірову. Расейскія тэлеканалы паказалі хроніку з ягоным удзелам. Хетагіраў (прадстаўнік старажытнага княскага роду) тэмпэрамэнтна зьвяртаецца на мітынгах да людзей у бурках і папахах ды заклікае іх служыць Расеі. Людзі даволі наслухаліся ягоных заклікаў і зрабілі сіта з аўтамабіляў, у якіх ехаў прамаскоўскі “князь” са сваёй аховай.
15 лютага па Беларусі разгарнуўся “День воінов-інтернаціоналістов” (пра што нагадалі ўсім вялікія транспаранты ў гарадах краіны). Шклоўскі рэжым сьвяткаваў чарговую гадавіну вываду савецкай арміі з Аўганістану (15 лютага 1989 г.). Выклятая народамі каляніяльная авантура дагэтуль падаецца антыбеларускай афіцыйнай прапагандай у якасьці нейкага “інтернаціонального долга” (каму і што “задолжалі” беларусы?). Паўсюль адбываліся сходы вэтэранаў той няшчаснай вайны (даволі маладых яшчэ мужчынаў) з удзелам цяперашніх шклоўскіх піянэраў і чырвоных сьцягоў. Па БТ круцілі савецкія і цяперашнія расейскія стужкі пра “крутых” дэсантнікаў, якія вызваляюць Каўказ ад каўказцаў і г.д. “Аўганцаў” вазілі на пацешную “лінію Сталіна”, рабілі салюты пад расейскую “патрыятычную” папсу. Відавочным ёсьць імкненьне рэжыму зрабіць з аўганскага няшчасьця цэлага пакаленьня беларусаў яркі прапагандысцкі лубок пад соўсам “Подмосковные вечера”. Каб і цяперашняе пакаленьне нашага народу было гатовае аддаць жыцьцё па першай камандзе з Крамля.
16 лютага “пітерскіе ребята” зноў забівалі людзей. У горадзе-сатэліце Пецярбурга Пушкіне пьяныя школьнікі сустрэлі на вуліцы групу ўзбэкаў і накінуліся на іх. Два маладзёны з далёкай краіны былі па-зьверску забіты. Цікава, што пракуратура паведаміла: “Інцыдэнт ня мае прыкметаў злачынства на глебе расавай нянавісьці…” Дык што, “ребята просто развлекалісь”? Расейскі кашмар працягваецца.
17 лютага НТВ паказала чарговы жудасны сюжэт з Сібіры. Там на вачах вымірае цэлы горад у Іркуцкай вобласьці. Горад Сьвірск быў пабудаваны паводле загаду Сталіна-Бэрыі падчас Другой сусьветнай вайны разам з ваенным заводам па вытворчасьці атрутных хімічных рэчываў. Ад былога насельніцтва ў жывых засталася цяпер толькі адна бабуля. Яе называюць “серебряная бабушка”, таму што яе твар мае выразнае мэталічнае адценьне (вынік забойчага ўзьдзеяньня атрутаў на чалавечы арганізм). Астатнія прадстаўнікі першага пакаленьня сьвірцаў ужо даўно ляжаць на могілках. У 1980-я гады завод спыніў вытворчасьць. Але дагэтуль пад голым небам ляжаць многія гэктары тоўстых слаёў мыш’яковых выкідаў атрутнай вытворчасьці. Яны ўжо даўно труцяць усё жывое навокал, паступова дасягаюць грунтовых водаў. Скора атрута патрапіць у вялікую раку Ангару. У горадзе працягваюць жыць і паміраць тысячы людзей. Мэр горада кажа, што на спыненьне экалягічнай катастрофы “нет денег”. А дзе ж шалёныя крамлёўскія нафтакапіталы?
Масква паклікала да сябе падстаўнога крымінальніка-“прэзыдэнта” Чачэніі Алу Алханава і прызначыла на каляніяльную пасаду чарговага маўра. Гэтым разам сатрап мае гучнае прозьвішча – Рамзан Кадыраў-малодшы прыняў ярлык на княжаньне ў краіне, якую здрадзіў яшчэ ягоны бацька (забіты пазьней спэцамі з ФСБ). Першая ініцыятыва гэтага Рамзэса ўражвае сваёй кур’ёзнасьцю. Заліты крывёй сваіх суайчыньнікаў бандыт (галаварэзаў-кадыраўцаў мірныя жыхары Чачэніі баяцца больш, чым маскоўскі ОМОН) прызначыў на 1 сакавіка сёлета правядзеньне ў Грозным “міжнароднай канфэрэнцыі па правах чалавека”. Нават маскоўская публіка з-пад шыльды “праваабарончых арганізацыяў” усхадзілася на гэта і зашумела, што “ня будзе піярыць Кадырава”. Праўда, адна з “праваабаронцаў” С. Ганнушкіна (“Гражданское содействіе”) удакладніла, што калі б такое запрапанаваў Алу Алханаў, то яна на канфэрэнцыю паехала б. Ёсьць, аказваецца, розьніца. Але, пэўна, ім у Маскве “віднее”.
Крэмль узгадаў прыёмы Мікіты Хрушчова ў міжнароднай палітыцы. Старэйшае пакаленьне памятае, як ён стукаў чаравіком па трыбуне ААН. Падобныя прыёмы бяруць на ўзбраеньне сёньняшнія крамлёўскія палітыкі. Першым выступіў з пагрозамі Пуцін. На мюнхэнскіх гастролях ён абвінавачваў амэрыканцаў у мілітарызме і агрэсіўнасьці (меўся на ўвазе намер ЗША разгарнуць у Чэхіі і Польшчы абарончы супрацьракетны шчыт). Потым паказваў мускулы і пыхкаў полымям генэрал Соловцев, камандуючы стратэгічнымі ракетамі РФ. 21 лютага настала чарга прафэсійнага заклінальшчыка Лаўрова, міністра замежных справаў РФ. Гэты паабяцаў, што Расея “будзе рэагаваць без істэрыкі і ня ўвяжацца ў чарговую гонку ўзбраеньняў…” У гэтыя завярэньні верыцца з цяжкасьцю (ведаючы натуру лубянскіх “палітыкаў”). Падобна, што разьюшаны імпэрскі монстр ужо кляпае на заходні шчыт сваю турана-мангольскую дубіну. Але папярэднія фокусы-мокусы з высокатэхнічным спаборніцтвам ня раз паказвалі сумны вынік: мільёны расейскіх гледачоў раптам апыналіся ў адных трусах. Гэтым разам лубянская “трупа” моцна рызыкуе. Усё можа скончыцца аглушальным сьвістам з трыбунаў, перакульваньнем крамлёўскага “шапіто” і ўсенародным паляваньнем на няўдалых “фокусьнікаў”.
Янка Базыль