29 студзеня атрымала працяг справа атручаньня чэкістамі А. Літвіненкі. Швайцарэц Луцыюс Вільдхабэр, былы старшыня Эўрапейскага суду па правах чалавека, выступіў з публічнай заявай. Суддзя заявіў, што таксама быў атручаны лубянцамі. У кастрычніку 2006 г. Вільдхабэр наведаў Маскву, дзе сустракаўся з афіцыйнымі прадстаўнікамі Расеі. Пасьля вяртаньня ў Стразбург ён і ягоны сакратар літаральна зьляглі ад невядомай хваробы. Здароўе суддзі было настолькі падарвана, што ён вымушаны быў папрасіцца ў адстаўку. Замах на сваё жыцьцё швайцарэц тлумачыць тым, што ў Стразбурзе разглядаецца вельмі шмат справаў па грубых парушэньнях правоў чалавека ў Расеі. Вось Расея і прадэманстравала яму, каб “ня лез не ў свае справы”. Шаноўныя заходнія дыпляматы і праваабаронцы, ня езьдзіце ў Маскву, ня пійце гарбату з чэкістамі. Беларусы ўжо даўно папярэджвалі вас, што ў Расеі пануе фашызм, што ня трэба заклікаць нас “ісьці да дэмакратыі праз Расею”. Вам ня верылася…
На працягу апошніх гадоў на ўсёй тэрыторыі Беларусі разгортваецца экспансія расейскай маскультуры (квазікультуры або папсы). Ня толькі ў сталіцу і абласныя цэнтры, а нават у Івацэвічы, Пухавічы і Жлобін рэгулярна накіроўваюцца дэсанты ў справе “обогашченія велікой русской духовностью”. Беларускія таленты ня маюць магчымасьці разьвівацца і дэманстраваць сваю творчасьць, нашы фальклёрныя і эстрадныя гурты (якія працуюць на беларускай мове і на аснове нацыянальнай традыцыі) адсунуты рэжымам на ўзбочыну, большасьць насельніцтва краіны ня ведае, што такое тэатр на беларускай мове. Паўсюль расейская халтура, тандэтнае, нізкапробнае галёканьне “пад фанеру” (пад фанаграму), расейскія тэтральныя выступы ў агромністых залях, дзе ня чуваць акцёраў і г.д. Аказалася, што халтура да таго ж гаспадарыць на нашай зямлі ў адкрыта мафійных, крымінальных формах. Нават рэжым агаломшаны маштабамі гэтай злачыннай зьявы. 29 студзеня ў Магілеве скончыўся працэс над адным з арганізатараў “духовності”. Худрук магілеўскай філармоніі Уладзімір Браілоўскі атрымаў 9 гадоў турмы за мафійныя справы і карупцыю ў канцэртным бізнэсе. Ён і ягоныя структуры маніпулявалі вялікімі сумамі грошай, выплочвалі расейскай папсе шалёныя ганарары, яшчэ не прадаўшы квіткі на канцэрты, разам з гасьцямі з Усходу раскрадалі грошы. Можа пасьля пакараньня магілеўскага эстраднага мафіёзы спыніцца шалёная русіфікацыя нашага культурнага жыцьця? Але мяркуючы па афішах ў нашых гарадах, змрочны наступ на нашу культуру ўзмацняецца з кожным днём.
У Маскве замітусіліся тараканы. Не, яшчэ не пачалася санапрацоўка змрочных (нягледзячы на ўсю пазалоту) крамлёўскіх апартамантаў. Падзеі адбываюцца па-за межамі Расеі. А крамлёўцам усяроўна страшна. Справа ў тым, што ўрад ЗША распачаў кансультацыі з урадамі Чэхіі і Польшчы ў пытаньні разьмяшчэньня на тэрыторыі гэтых краінаў амэрыканскіх вайсковых базаў. На базах будзе ўсталявана высокатэхналягічная зброя, гэтак званы “антыракетны шчыт”, які прыкрые ад варвараў з Усходу чалавечую цывілізацыю. Кіраўніцтва і большасьць насельніцтва гэтых краінаў – за. Амэрыканцы дыпляматычна тлумачаць, што “шчыт разьлічаны на абарону ад арэсіўных памкненьняў з боку Ірану і Паўночнай Карэі”. Але маскоўскія спэцы (знаёмыя нам па антыбеларускіх ненавісьніцкіх заявах і правакацыях) залемантавалі: “Корея с Ираном далеко! Мы-то понимаем, что это они от нас отгораживаются. Как они посмели!..” Аднак, яны здагадлівыя… Здагадаліся й мы, што Крэмль-Лубянка разумеюць толькі сілу, выключна сілу (“Москва слезам не веріт”). Пуціністы ўжо на працягу шэрагу гадоў скалочваюць на Усходзе новы “лагерь” з экзатычных краінаў: Кітай, Іран, Паўночная Карэя, — супрацьпастаўляюцца Амэрыцы і Эўропе, камандуюць міжнародным тэрарызмам. І вось цяпер яны разгубіліся і залемантавалі, бачачы, як ад іх бароняцца былыя падначаленыя па “соціалістіческому лагерю”. Беларусь воляй шклоўскага марыянэткавага рэжыму застаецца паміж “шчытом” і агрэсіўнай, дзікай Масквой. Дык што, як казаў шклоўскі начальнік, “будем умірать за Россію”? Пара ўжо беларусам зразумець, што адбываецца навокал, ды перастаць прыкрываць сабой гэбоўскую Расею.
На прыканцы студзеня пачуліся крыкі і лёзунгі з штаб-кватэры групоўкі Вінцука Вячоркі (псэўда-БНФу). Радыё Свабода ярка апісала нам, як адзін за адным выступоўцы-прагматыкі з псэўда-бнфу казалі пра неабходнасьць адысьці ад Мілінкевіча, пайсьці ўласным шляхам і г.д. Як распавялі сьведкі падзеяў, вельмі імпэтна выступіў П. Садоўскі. Экс-дыплямат казаў: “Колькі можна? За апошнія гады мы падтрымліваем розных лідэраў: то Чыгіра, то Ганчарыка, то Мілінкевіча. Можа трэба адкарміць ды вырасьціць свайго?!” Што ж здарылася ў лягеры “адзіных дэмакратаў”? Зусім нядаўна ўсе яны былі, як той казаў – “блізнецы-братья”. Можна было лагатып рабіць з накладзенымі адзін на адзін прафілямі мілінкевічаў-вінцучкоў, паводле некалі папулярнага “галавасьціка” ленін-маркс-энгельс. І раптам – “сваім шляхам”. Ніхто ўжо не хавае факт поўнай дыскрэдытацыі ўсьмешлівага і гутапэрчавага Мілінкевіча, які нічога, акрамя сьмеху, не выклікае, асабліва ў змагарнай моладзі. Але рэжым і прысьцёбнутая да яго псэўдаапазыцыя добра разумеюць, што трэба арганізаваць чарговы тупік для маладых беларусаў. Вось гэтую функцыю й бяруць на сябе спэцы па “адкормцы” лідэраў. Да таго ж і гранцікі падзеляць на яшчэ адну, дадатковую “апазыцыйную” кантору.
Янка Базыль