25 студзеня расейская моладзь адзначае “Тацьцянін дзень”, нефармальнае сьвята студэнцтва і ўсіх юных. Сёлета да мерапрыемстваў ва ўнівэрсітэтах актыўна падключылася РПЦ. Нават сам Алексій ІІ прыехаў у МГУ і веў службу ў атачэньні рэктарата. Позна ўвечары ягоныя лубянскія калегі арганізавалі ў тым жа МГУ магутны выбух у галоўным інтэрнаце. Завалілася сьцяна і лесьвічны пралёт. На шчасьце ніхто ня быў паранены. Гэта ўжо каторы выбух у галоўным ВНУ імпэрыі. “Сьвяточны салют”, безумоўна, вызначыць далейшы этап таталітарнага зацісканьня ўнівэрсітэцкай моладзі, якой баіцца крамлёўская ўлада.
А ў цэнтры Масквы пуціністы сабралі некалькі тысячаў маладых асобаў і наладзілі карнавал з пераапрананьнем. Юнакам і дзяўчатам напялілі на галовы стальныя каскі савецкай арміі, накінулі на плечы бутафорскія плашчы і шынялі. Натоўп трымаў некалькі расьцяжак “Мы живой памятник тебе” і ўдаваў “суровасьць”. Такім чынам маскоўцы пагражалі Эстоніі, народ якой пачаў пазбаўляцца ад манумэнтаў расейскай акупацыі.
У той жа дзень у Астрагожску Варонежскай вобласьці скончыўся суд над маладымі фашыстамі. “Русскіе ребята” 13-16 гадоў прызналіся на судзе, што актыўна чыталі расейскую фашыстоўскую літаратуру і сайты ў інтэрнэце. Адтуль яны даведаліся, што каб “стать настояшчім патріотом”, трэба забіць нярускага. Яны доўга сачылі за мясцовым 34-гадовым вьетнамцам, які даўно жыў з расейскай жонкай і іхнымі дзецьмі ў расейскай правінцыі. А летась напалі на яго і па-зьверску забілі. Траіх з “патріотов Россіі” суд вызваліў ад крымінальнай адказнасьці, бо на момант зьдзяйсьненьня злачынства ім было менш за 14 гадоў. Астатнія чацьвёра забойцаў атрымалі сымвалічныя выракі ад сямі да чатырох гадоў турмы (да першай амністыі на “день національного едінства”). Фашызм у Расеі маладзее.
26 студзеня ва Уладзівастоку судзілі афіцэраў марской пяхоты з мясцовага гарнізону ў мястэчку Славянка. Пяцёра маладых афіцэраў на працягу шэрагу гадоў зьдзекваліся (“выхоўвалі”) маладых матросаў: білі іх рукамі, нагамі і рознымі прадметамі, тапталі нагамі, білі галавой аб сьценку і г.д. Пакуль прысуд вынесьлі адному з афіцэраў: тры гады турмы і пазбаўленьне вайсковага званьня. журналіст прасунуў у судовую клетку мікрафон і спытаў у афіцэра, чаму той біў маладых. “Выхавацель” адказаў: “Матросы оборзелі совсем…”
27 студзеня ў швайцарскім Давосе ўся міжнародная фінансава-прамысловая канфэрэнцыя слухала байкі ад крамлёўскага госьця. Д. Мядзведзеў, першы нам. прэм’ера РФ, паабяцаў рэзка павысіць здабычу нафты ў Расеі. “Мы догонім Саудовскую Аравію!..”—імпэтна гукаў ён. Раней крамлёўцы арыентаваліся на Амэрыку (“Обгонім і перегонім!”), потым “апусьціліся” да Партугаліі (якую зьбіралі дагнаць праз 20 гадоў). Цяпер вось кінуліся сьледам за радзімай прарока Магамэта. Цікава, а хто будзе пампаваць “чорнае золата” пасярод сібірскай мерзлаты? Можа Мядзведзеў з дорогімі москвічамі пераселіцца ў дзікі край і возьмецца за лом і рыдлёўку? Нешта ня верыцца… Каб выжыць імпэрыі, Крэмль павінен вярнуцца да царска-сталінскай практыкі высяленьня цэлых народаў у месцы, дзе немагчыма жыць. Зразумела, што першымі на чарзе па іхняй задумцы зьяўляюцца беларусы, якім тлумяць галаву з “союзным государством”. У нас не пытаюцца. І мы ня будзем распытваць захопнікаў, дыскутаваць з імі. Проста будзем гнаць іх з нашай зямлі.
Уноч на 28 студзеня дорогіе москвічі прынялі фашыстоўскую эстафэту ад ребят з варонежскага Астрагожску. На вул. Усурыйскай быў знойдзены труп мужчыны азіяцкай зьнешнасьці ў вопратцы прыбіральшчыка. Яго забілі 20 нажавымі ўдарамі ў плечы. Вядома, што без рабоў, якія працуюць на будоўлях, прывозяць у сталіцу імпэрыі тавары і харчы, прыбіраюць сьмецце, Масква на працягу некалькіх дзён ператварылася б у шматмільённы агідны, галодны і брудны сьметнік. Расейскі Вавілон трымаецца на працы няшчасных людзей, айчыны якіх абрабавалі і разграмілі маскоўскія акупанты. Зьдзек і забойства – вось тыповая плата рабам за працу на імпэрскіх злодзеяў.
Янка Базыль