Студзеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

21 студзеня 2007 г.

Навіны

21 студзеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, “Аб антыбеларускай палітыцы Расеі і змаганьні супраць яе” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Вынікі нядаўніх мясцовых выбараў яшчэ раз прадэманстравалі сутнасьць існуючага на Беларусі рэжыму і ягонай псэўдаапазыцыі. Галоўным вынікам быў той факт, што Масква і мясцовы прамаскоўскі рэжым не рашыліся далучыць да фальшывых выбараў антыканстытуцыйны рэфэрэндум аб “канстытуцыйным акце” і “інтэграцыі” Беларусі ў Расею. Яны адчулі, што наш народ у сваёй большасьці падтрымлівае ідэю незалежнай Беларусі і іхная авантура скончыцца ганебным правалам. Чарговы зрыў плянаў ворага беларускімі патрыётамі ёсьць важнай перамогай. Наступным вынікам псэўдавыбараў зьявілася дэманстрацыя беларусамі недаверу выбарчаму шоў і рэжымным “кандыдатам”. Большасьць выбарцаў не пайшла на выбарчыя ўчасткі і не прыняла ўдзелу ў гэтым шоў. Дыктатура можа цяпер колькі заўгодна паведамляць пра сфальшаваныя “вынікі”, але аб’ектыўным зьяўляецца факт, што актыўная большасьць беларускага грамадзтва грэбліва праігнаравала выбарчую фальшыўку. У цэлым беларускае грамадзтва ўсё больш усьведамляе каштоўнасьць незалежнай дзяржавы і адзіную пэрпэктыву разьвіцьця па-за межамі расейскай імпэрыі. Наша грамадзтва таксама адэкватна зразумела сутнасьць газавай вайны Расеі супраць Беларусі. Нашы людзі ня вераць ужо, што рэжым абараняе нашы нацыянальныя інтарэсы, што “беларуская дэлегацыя супрацьстаяла волі Масквы”. Палітычная агрэсія Расеі, зьдзейсьненая эканамічнай зброяй, ударыла па нашаму народу, па нашай эканоміцы. Але імпэрцам ня ўдасца ўжо даказаць, што яны зьяўляюцца “лепшым хаўрусьнікам” і “братэрскай краінай” для беларусаў. Рэжым дзейнічаў ў змове з маскоўскімі агрэсарамі, адкрыта здаючы чужынцам нашу нацыянальную маёмасьць. На псэўдавыбарах і ў газавым канфлікце прамаскоўская псэўдаапазыцыя ў чарговы раз выступіла на баку ворагаў Беларусі. На выбарчым шоў рэжыму псэўдаапазыцыя актыўна заклікала людзей ісьці на выбарчыя ўчасткі і “галасаваць за дэмакратычных кандыдатаў”. У выніку рэжым праваліў абсалютную большасьць гэтых “кандыдатаў” ад псэўдаапазыцыі, але выкарыстаў іх дзеля арганізацыі шоў. Лідэры псэўаапазыцыі адкрыта выступілі на баку Масквы, абгрунтавалі “справядлівасьць” газавай атакі супраць нашай краіны. Нам неабходна тлумачыць беларускаму грамадзтву, як салідарна змагацца за сваю волю і незалежнасьць, каб вярнуць Беларусь на шлях цывілізаванага разьвіцьця.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра ганебную дзейнасьць прамаскоўскай псэўдапапазыцыі падчас выбараў і газавага канфлікту. Многія беларусы сапраўды ўрэшце ўбачылі сапраўдную сутнасьць антыбеларускага рэжыму і скарумпаванай псэўдаапазыцыйнай публікі, якая служыць інтарэсам рэжыму і імпэрскай Масквы. Актывізавалася таксама дзейнасьць расейскіх асаднікаў і расейскай агентуры ў нашых гарадах і мястэчках. Напрыклад, да паловы ўсіх “абраных” на выбарчым шоў “дэпутатаў” у Баранавічах зьяўляюцца грамадзянамі Расеі. Падобныя зьвесткі паступаюць таксама з іншых рэгіёнаў краіны. Пэнсіянэры КГБ, агентура, іншыя прадстаўнікі расейскіх праімпэрскіх колаў праводзяць агрэсіўную прапаганду сярод людзей супраць беларускай мовы, нашай нацыянальнай дзяржавы, за далучэньне да Расеі. Хаця ў гэтай зьяве ёсьць таксама пэўны пазітыўны момант: вораг адкрыта ідэнтыфікуе сябе як антыбеларуская, антыдзяржаўная структура. Правал выбарчага фарсу адбыўся па ўсёй краіне.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 21 студзеня 2007 г.