Факты і падзеі (27-31 сьнежня 2006 г.)

1 студзеня 2007 г.

Актуаліі

“Самы дэмакратычны” расейскі тэлеканал НТВ 27 сьнежня парадваў публіку навагоднім рэпартажом з Грознага.
Вядучая ў элегантнай белай шубцы распавядала пра сьвяточныя клопаты ў горадзе, дзе “всё спокойно”. Разоў пяць тэлекамэры паказвалі адну і тую ж вуліцу з трох нядаўна пабудаваных для кадыраўскай эліты 5-павярховых дамоў з чыста падмеценымі дварамі. У астатніх месцах разбуранага акупантамі горада прамаскоўскія здраднікі прыдумалі “навагоднюю дэкарацыю”. Руіны засьцінаюць гіганцкія яскравыя шчыты з тройкамі і дзедамі-марозамі. А на цэнтральнай плошчы “улады паставілі ёлку, якая толькі на два мэтры ніжэй за крамлёўскую…” За фальшывым аптымізмам чачэнская тэлегрупа ўсё ж здолела паказаць абсурднасьць сітуацыі. Вядучая паведаміла, што гэтую яліну будуць ахоўваць спэцназы ў карнавальных касьцюмах (летась у навагоднюю ноч пад ялінай была праведзена бліскучая партызанская апэрацыя супраць акупантаў). Потым паказалі сямью з дзецьмі, якія рыхтуюцца да сьвятаў. Маладая маці паведаміла, што яны выходзіць на вуліцу не зьбіраюцца… Вось вам і “спокойно”.

27 сьнежня ў Сімфэропалі адбыўся зьезд украінскіх патрыётаў Крыма. Прадстаўнікі нацыянальных партыяў дамовіліся дзейнічаць дзеля таго, каб вытурыць акупацыйныя расейскія войскі з тэрыторыі гэтай украінскай правінцыі. Старшыня крымскай рэгіянальнай арганізацыі Украінскай Народнай Партыі Алег Фомушкін заявіў: “Мы павінны злучыцца і прыкласьці намаганьні, каб зрабіць немагчымай прысутнасьць расейскіх акупантаў на нашай зямлі і ў нашым моры”. Памагай Бог патрыётам!

На прыканцы сьнежня расейскія тэлеканалы стракацяць сюжэтамі на тэму “гуманізма КГБ”. Такога на гэтую тэму ня бачылі ніколі нават савецкія людзі пакаленьняў 1937-га, брэжняўскай, андропаўскай і гарбачоўска-ельцынскай эпохаў. Бывала рознае: ідэалізаваныя літаратурныя і кіначэкісты “с горячей головой і холоднымі рукамі” (як аднойчы кур’ёзна выказаліся пра іх у расейскай Дзярждуме), стэрэатып прапаганды пра “тех, кто всегда на страже” і г.д. Але захоп абсалютнай улады над вялікай імпэрыяй вымусіў чэкістаў заняцца зусім незнаёмым для іх відам дзейнасьці – публічнай палітыкай. Трэба прызнаць, выходзіць у іх скрыўлена і аляпавата. Таму што лубянскіх “рацыраў плашча, палёнія-210 і кінжала” ніхто не вучыў гэтаму жанру. Ім бы схавацца ў цень ды крутануць падрыўную або стукацкую апэрацыю. А абставіны вымушаюць іх засьвяціцца пад навагоднімі ялінамі, каб паказаць “человеческое ліцо” антычалавечага рэжыму. Вось яны й пайшлі ў навагодні народ. Пуцін з міністрам вайны РФ Івановым скачуць зь дзецьмі на ранішніках, абдымаюцца з дзедамі-марозамі, люляюць малых. Успамінаецца архіўная фотагалерэя пад назовам “Фюрэр і дзеці”: Гітлер дорыць цукерку маленькай дзяўчынцы, Гітлер разам зь дзецьмі Гэбельса, а потым трупы малых дзяцей пасярод руінаў разбомбленага горада…

29 сьнежня “лукамол” правёў сваё чарговае мерапрыемства. Хвілін на 10-15 (роўна столькі, каб пастаноўку пасьпелі зазьняць расейскія тэлеканалы) перад амбасадай РФ у Менску стала некалькі дзесяткаў дзеячаў з БРСМ. Яны трымалі плякаты пра “Газпром – не наш дом” ды “Мы не с Газпромом”. Гэта паказаў расейскі тэлеканал НТВ, пра гэта паведаміла Радыё Свабода. Толькі вось не паведаміла Радыё Свабода, адкінула як “няважнае” выразную канцоўку “гераічна-пратэстнага” мерапрыемства (НТВ гэта паказала). Перад “протестуюшчімі” выйшлі юнак з дзяўчынай і заявілі дуэтам, што “нам жить вместе, мы за союзное государство, распре — нет!..” У чарговы раз Свабодка фальсіфікуе сапраўдны сэнс падзеяў. Але справа ня ў гэтым, няхай гэта будзе на сумленьні ў рэдакцыі. Важней зразумець іншае: “пратэсты БРСМ”, “няўступлівасьць беларускай дэлегацыі ў Маскве” і г.д. – усё гэта элемэнты скляпанага ў Крамлі антыбеларускага сцэнару, у якім маскоўскімі рэжысёрамі раздадзены ролі. Пагнаць фальшывых акцёраў са сцэны і наладзіць нармальнае жыцьцё ў сваёй краіне павінен сам беларускі народ.

Падстаўная публіка выконвае свае заданьні ня толькі на ўнутраным, але таксама й на зьнешнім фронце. Яшчэ ўвосень на старонцы pbpf.org мы паведамлялі пра скандал вакол навучальнай праграмы для нібыта “удзельнікаў пратэстаў з плошчы Каліноўскага”, якую ладзіў у Польшчы Мілінкевіч разам са сваёй псэўдаапазыцыяй. Палякаў вельмі зьдзівілі гэтыя “юные барцы”, якія паводзілі сабе нахабна і распярэзана, размаўлялі па-расейску, не хацелі вучыцца. Большасьць зь іх імкнулася папіць-пагуляць, а не вучыцца. Вядома, што сам Мілінкевіч выязджаў у верасьні ў Варшаву, каб угаманіць сваіх “барцоў”. Вядома таксама, што сапраўдныя маладыя змагары з плошчы Каліноўскага абсалютную большасьць з гэтых “барцоў” на плошчы Каліноўскага блізка ня бачылі. Усім стала зразумела, што падстаўны Мілінкевіч з кампаніяй скалацілі каманду падстаўных з семьяў “полезных і нужных людей” ды накіравалі ў Польшчу. Сапраўдныя змагары засталіся ў Беларусі. Пасьля публікацыі гэтых фактаў сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ пачалі тэлефанаваць “возмушчённые мінскіе журналісты”. “Журналісты” шумелі на нас: “Как вы смеете писать такое!? Где доказательства!?” Але на прыканцы сьнежня нават радыё Свабода вымушана была падаць голас і прызнацца, што ў Польшчы выбухнуў брудны скандал. Мілінкевіцкія “барцы” ушчалі сапраўдны бунт. Яны хацелі б знаходзіцца толькі ў Варшаве і не жадаюць ехаць на вучобу ў іншыя гарады. Яны ўжо пачалі гнюсную правакацыю супраць польскай прафэсуры, якая курыруе праграму. Яны публічна заяўляюць на хорошем русском языке, што не жадаюць вучыць польскую мову (“а зачем?”). “Барцы” дэманстрацыйна ня ходзяць на лекцыі. Некаторыя ўжо зьехалі назад у Менск, некаторыя заяўляюць, што ня вернуцца ў Польшчу пасьля вакацыяў. І ўсі разам лемантуюць, што ім мала даюць польскіх грошай. Цікава, што гэтыя паведамленьні “Свабода” падае разам з архіўнымі фатаздымкамі аб тым, як Мілінкевіч “от імені демсіл” падпісвае пагадненьні навучальнай праграмы разам з польскім міністрам асьветы. Беларускія патрыёты папярэджвалі тады польскіх дзеячаў, каб тыя ня зьвязваліся з Мілінкевічам, і з прарасейскай псэўдаапазыцыяй у РБ. Папярэджвалі, што ад супрацоўніцтва з гэтай публікай нічога добрага не атрымаецца. Так яно й сталася.

Янка Базыль