Будапэшцкі Мэмарандум аб гарантыях бясьпекі Беларусі (1994 год)

24 снежня 2006 г.

Змаганьне за Беларусь

Рэспубліка Беларусь, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя,

вітаючы далучэнне Рэспублікі Беларусь да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй,

улічваючы абавязацельствы Рэспублікі Беларусь аб выдаленні ўсіх ядзерных узбраенняў з яе тэрыторыі ва ўстаноўлены тэрмін,

адзначаючы перамены ў свеце ў галіне бяспекі, у тым ліку сканчэнне “халоднай вайны”, якія стварылі ўмовы для глыбокіх скарачэнняў ядзерных сіл,

пацвярджаюць наступнае:

  1. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасці з прынцыпамі Заключнага акта НБСЕ паважаць незалежнасць, суверэнітэт і існуючыя граніцы Рэспублікі Беларусь.

  2. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць сваё абавязацельства ўстрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымянення супраць тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь і што ніякія іх узбраенні ніколі не будуць выкарыстаны супраць Рэспублікі Беларусь, акрамя як у мэтах самаабароны або якім-небудзь іншым чынам у адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

  3. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасці з прынцыпамі Заключнага акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ўстрымлівацца ад эканамічнага прымушэння, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе перавагі любога роду.

  4. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць сваё абавязацельства дабівацца неадкладных дзеянняў Савета Бяспекі ААН па аказанню дапамогі Рэспубліцы Беларусь як дзяржаве - удзельніцы Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, якая не валодае ядзернай зброяй, у выпадку, калі Рэспубліка Беларусь стане ахвярай акта агрэсіі або аб’ектам пагрозы агрэсіі з прымяненнем ядзернай зброі.

  5. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць у адносінах да Рэспублікі Беларусь сваё абавязацельства не прымяняць ядзерную зброю супраць любой дзяржавы - удзельніцы Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, якая не валодае ядзернай зброяй, акрамя як у выпадку нападзення на іх, іх тэрыторыі або залежныя тэрыторыі, на іх узброеныя сілы або іх саюзнікаў такой дзяржавай, што дзейнічае разам з дзяржавай, якая валодае ядзернай зброяй або звязана з ёй саюзным пагадненнем.

  6. Рэспубліка Беларусь, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя будуць кансультавацца ў выпадку ўзнікнення сітуацыі, якая закранае пытанне адносна гэтых абавязацельстваў.

Гэты Мемарандум будзе ўжывацца з моманту яго падпісання.

Падпісана ў чатырох экземплярах, аднолькава сапраўдных на беларускай, англійскай і рускай мовах.