(Басэску: ) “Мы можам сказаць, што камуністычны рэжым у Румыніі з 45-га па 89-ы год быў незаконны і злачынны… Для грамадзянаў Румыніі камунізм быў рэжымам, навязаным ім палітычнай групай, якая прэтэндавала на ўсю праўду. Гэта быў таталітарны рэжым, які нарадзіўся ў выніку гвалту і гвалтоўна сканаў. Гэта быў рэпрэсіўны рэжым, які адняў ў румынскага народу пяць дзесяцігодзьдзяў найноўшай гісторыі, які зламаў права і прымусіў грамадзян жыць ў хлусьні і страху,” – заявіў прэзыдэнт у Парлямэнцкім Палацы ў Бухарэсьце ў часе сэсіі абедзьвюх палатаў парлямэнту.
“Ад імя румынскай дзяржавы прашу прабачэньня ва ўсіх, хто пацярпеў у часы камунізму. Прызнаю гэтую сыстэму злачыннай і пазбаўленай легітымнасьці. Камунізм – гэта адкрытая рана ў гісторыі Румыніі, якую трэба раз і назаўсёды закрыць” – дадаў прэзыдэнт.
Басэску прадставіў падрабязную справаздачу адмысловай прэзыдэнцкай камісіі. Цягам 9 месяцаў 19 экспэртаў на чале з прафэсарам Владзімірам Тысманэану, карыстаючыся архівамі тайнай паліцыі “Сэкурытатэ”, падрыхтавалі дакумэнт на 650 старонках пра злачынствы камунізму цягам 50 гадоў.
Паводле Тысманэану, у часы камуністычнай дыктатуры каля 2 мільёнаў чалавек, амаль 10% усяго насельніцтва, былі забітыя, зьняволеныя, катаваныя альбо адбылі розныя тэрміны ў лягерох прымусовай працы. У справаздачы аказаліся прозьвішчы 55 самых адыёзных палітыкаў, партыйных ідэолягаў, функцыянэраў “Сэкурытатэ”, якія найболей адказныя за злачынны характар рэжыму, а таксама прозьвішчы вядомых людзей, якія супрацоўнічалі з рэжымам і падтрымлівалі яго.
Выступленьне прэзыдэнта спрабавалі сарваць нацыяналісты на чале з Карнэлью Вадзімам Тудорам, у свой час прыдворным паэтам камуністычнага дыктатара Нікаляэ Чаўшэску. Таксама сацыялісты, у тым ліку былы прэзыдэнт, а цяпер сэнатар Ён Іліеску абвінаваціў кіраўніка дзяржавы ў “макартызьме” і “паляваньні на ведзьмаў”.
Зь вялікай увагай выслухалі выступленьне Басэску запрошаныя ў якасьці гасьцей былы кароль Румыніі Міхал і былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса. “Трэба зьвесьці рахункі з камунізмам і пакараць адказных за забойствы, бо камуністы зноў падымаюць галовы,” – заклікаў Лех Валэнса.
Якія практычныя наступствы пацягне прызнаньне камуністычнага рэжыму “злачынным”, будзе залежаць ад далейшых крокаў румынскага парлямэнту.
Паводле радыё Свабода