78% расейскай палітычнай эліты – з КДБ або ФСБ

13 снежня 2006 г.

Навіны

Аналіз, які быў праведзены маскоўскім Цэнтрам даследавання эліт, паказаў, што 78% вядучых палітычных фігур Расеі – кіраўнікоў дэпартаментаў прэзідэнцкай адміністрацыі, усіх сяброў урада і дэпутатаў абедзвюх палат парламента, кіраўнікоў федэральных структур і кіраўнікоў выканаўчай і заканадаўчай улады ў рэгіёнах, так або інакш былі ў сваёй кар`еры звязаныя з КДБ або арганізацыямі, якія прыйшлі яму на змену.

Расея Гэта пацвярджаецца апошнімі прызначэннямі: 15 лістапада Алег Сафонаў стаў намеснікам кіраўніка МУС, Яўген Школаў узначаліў дэпартамент эканамічнай бяспекі міністэрства. Адначасова Валерыя Голубева прызначылі намеснікам генеральнага дырэктара “Газпрома”. Усіх траіх аб`яднае паходжанне з афіцэраў КДБ і досвед працы напроста з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у тыя часы, калі ён сам быў аператыўнікам КДБ у Нямеччыне, або пазней, калі ён ішоў да прэзідэнцтва, працуючы ва ўрадзе свайго роднага Пецярбурга, паведамляе NEWSru.com.

Пераплеценыя эліты Расеі – палітычная і дзелавая – усё гусцей засяляюць падобныя людзі, былыя агенты разведкі, якія асабіста паказалі сябе прэзідэнту з лепшага боку. У той жа час Пуцін узначаліў перагрупоўку і ўзмацненне спецслужбаў краіны, якія былі падзеленыя на шэраг структур пасля распаду СССР у 1991 годзе, піша газета The Washington Post (поўны тэкст на сайце InoPressa.ru).

У адрозненні ад савецкага перыяду, калі КДБ займаўся пераважна пытаннямі бяспекі, у цяперашні час вялікая частка спадчыннікаў гэтай структуры ўвайшла ў бізнес, палітычныя партыі, няўрадавыя арганізацыі, рэгіянальныя ўрады і нават культуру, лічаць аналітыкі.

Шматлікія задачы ФСБ уключаюць у сябе разведку, контрразведку, барацьбу з тэрарызмам і эканамічнымі злачынствамі, электронны шпіянаж, грамадскі маніторынг і, як сцвярджаюць некаторыя назіральнікі, кантроль над расейскай кампутарызаванай сістэмай выбараў. Гэтую функцыю ФСБ пераняла ад ФАПСІ (Федэральнае агенцтва урадавай сувязі і інфармацыі пры Прэзідэнце Расейскай Федэрацыі) якую расфармавалі.

Шмат хто лічыць, што служба таксама іграе вялікую ролю ў падрыхтоўцы законапраектаў, у прыватнасці, прыняты сёлета закон, які ўзмацняе дзяржаўны маніторынг няўрадавага сектару і які забараняе замежнае фінансаванне палітычнай дзейнасці, што лічыцца падрыўнай. Гэта, па меркаванні аналітыкаў было зроблена ў мэтах прадухілення развіцця падзей па сцэнары “каляровых” рэвалюцый, якія адбыліся ў былых савецкіх рэспубліках.

ФСБ пачало кантраляваць стратэгічныя галіны, займаецца пераследамі расейскіх навукоўцаў і даследнікаў, якіх вінавацяць у разгалашэнні дзяржаўных сакрэтаў замежным урадам, няўрадавым арганізацыям і кампаніям.

Знешняя разведдзейнасць службы засакрэчаная – невядома як яна ўзаемадзейнічае са Службай знешняй разведкі (СЗР). Нагадаем, што цяперашнім летам закон надзяліў расейскія спецслужбы, уключаючы ФСБ, паўнамоцтвамі шукаць і ліквідаваць тых, хто падазраецца ў тэрарызме, за мяжой па загадзе прэзідэнта.

Забойства былога агента ФСБ Аляксандра Літвіненкі прымусіла ўзгадаць гэты закон, хоць Крэмль назваў абвінавачванні ў дачыненні дзяржавы да гэтага забойства абсурднымі і падкрэсліў, што яны зыходзяць ад людзей з асяроддзя магната Барыса Беразоўскага, які жыве ў выгнанні і які даўно пачаў кампанію дэманізацыі і дыскрэдытацыі Пуціна.

Па меркаванні Андрэя Салдатава, рэдактара інтэрнэт-выдання Agentura.Ru, якое займаецца маніторынгам спецслужбаў, сёння ФСБ мацнейшае за ранейшы КДБ. “ФСБ можа прыняць меры супраць небяспекі любога роду, якую ўбачыць, не толькі супраць тэрарызму, але і супраць палітычных і эканамічных пагроз”, – сказаў ён.

Паводле сеціва