Італьянскі тэлеканал RAI Uno паказаў 6 сьнежня сюжэт, прысьвечаны праўнучцы Джузэпэ Гарыбальдзі. Высакародная прыгожая бабуля распавядала пра сваю сямью, пра памяць аб вялікім продку. Яна запрасіла тэлегрупу ў сваю рымскую кватэру, паказала прадметы рэвалюцыйнай эпохі, партрэты і рэчы Гарыбальдзі. У адказ тэлегрупа падарыла ёй чырвоную кашулю пакрою 1860 года. Цікава, што тэлесюжэт быў падрыхтаваны ў рамках забаўляльнай праграмы, дзе зазвычай шмат музыкі, паказаў моды, часам легкадумных момантаў. Але ў гістарычным сюжэце аўтары праграмы і тэлевядучыя захавалі галоўнае: павагу да чалавека, да гістарычнай памяці, да далёкіх падзеяў. Падумалася, які яркі кантраст з тэлефальшыўкай пад назовам БТ. У менскім тэлецэнтры сабралася зграя бездараў, якія адэкватна разумеюць, чаго хоча ад іх антыбеларускі рэжым і хватка выконваюць рэжымны загад. Стылёвыя прыкметы іхнай “творчай дзейнасьці” гэта – невыносная нуда, падкрэсьленая правінцыйная “русскость”, лексічнае крыўляньне, несхаваная нянавісьць да ўсяго беларускага, сабачая вернасьць шклоўскаму рэжыму і Маскве. І так ва ўсім, за што б яны не ўзяліся: ад блёку афіцыйных навінаў да забаўляльных праграмаў (куды мабілізаваны пачвары з антыбеларускага тэатру “Хрыстафор”). Які ўсё ж кантраст! Таленавіты творца нават ў плыні заходняй маскультуры здолее захаваць годнасьць сапраўднага мастацтва, расказаць пра нацыянальную славу. Камэнтатары моды не выпадкова падарылі бабуле Аніце чырвоную кашулю. Кожны італьянец ведае, што гэта быў за строй. Калі ў 1860 годзе Гарыбальдзі падняў паўстаньне за вызваленьне і ўзьяднаньне Італіі, ягоны атрад меў толькі тысячу чалавек, апранутых у чырвоныя кашулі (знак браку страху перад крывёй і сьмерцю). Слабаўзброены атрад атакаваў ворага з такім імпэтам і сьмеласьцю, што да яго з кожным днём далучаліся новыя патрыёты. З Сіцыліі гарыбальдзійцы пайшлі вызвольнай выправай праз Поўдзень Італіі на Таскану, Парму, Падую, ператвараючыся ў магутную народную армію. Барацьбіты знайшлі міжнародную дапамогу і хаўрусьнікаў. Англія забясьпечыла іх зброяй. Францыя прыслала войскі. Італьянцы пагналі аўстрыйскіх акупантаў і іхных мясцовых паслугачоў. Але першыя крокі на шляху перамогі зрабіла невялікая група патрыётаў, якая разьлічвала толькі на сябе і на народную салідарнасьць.
Ня так даўно прасохлі чарнілы, якімі накрэсьлілі свае подпісы расейска-германскія хаўрусьнікі на Томскім пакце Пуцін-Мэркель. Бедныя немцы, ім трэба цяпер рабіць выгляд, што нічога не здарылася, на фоне агрэсіўных крамлёўскіх заяваў і дзеяньняў, якімі парушаюцца падпісаныя пагадненьні (мы ўжо паведамлялі пра гэтыя інцыдэнты на старонцы pbpf.org). Маскоўцы спрабуюць падпарадкаваць сабе цэлыя напрамкі нямецкай эканомікі, падкупляюць чыноўнікаў і камэрсантаў, скалочваюць у Берліне пятую калёну з вэтэранаў Штазі, не пускаюць немцаў на свой энэргетычны рынак. І робяць усё гэта нахрапам, з вырабленым цынізмам і пуцінска-іваноўскай усьмешачкай. Паступова, аднак, томскі мех, у які хаўрусьнікі напхалі свае таямніцы, пачынае лопацца. З мяха вылазіць шыла і нават не адно. 7 сьнежня быў арыштаваны мэр г. Томска тов. А. Макаров. Супраць яго высунуты абвінавачваньні ў злоўжываньні службовым становішчам, а таксама ў вымушэньні грошай у бізнэсмэнаў. Макараў камандваў цэлай мафійнай групоўкай, якая спэкулявала зямельнымі ўчасткамі, будаўнічымі справамі і займалася рэкетам. Калі бізнэсмэны адмаўляліся плаціць, ім пагражалі зьнішчэньнем маёмасьці. Расейскі афіцыёз не паведамляе ўсёй інфармацыі (колькі людзей забілі макараўскія кілеры, напрыклад), але зразумела, што Томск можа па праву спаборнічаць з такімі мафійнымі цэнтрамі, як Палерма, Катанія і Чыкага. Усё, што зьвязана з Томскім пактам, нясе на сабе знак праклёну.
7 сьнежня па Маскве зноў несьліся аўтамабілі спэцтранспарту, якія называюцца ў народзе “чорнымі варанкамі” або “чумавозамі”. Пракуратура РФ ладзіла хапун у міністэрстве пад кручанай назвай “Минздравсоцразвития”. Чыны ў чорных масках забеглі таксама ў офісы сьмежнага Фонду сацыяльнага страхаваньня. Бюракраты з дрыготкімі рукамі пачалі расчыняць сэйфы і даваць паказаньні. Справа ў тым, што згаданы Фонд сацстраху на працягу гадоў супрацоўнічаў з некамэрцыйнай арганізацыяй пад вельмі гуманнай назвай “Фонд поддержки и развития здравниц и туризма”. А калі больш дакладна, то дзяржчыноўнікі сацстраху утварылі падстаўную арганізацыю прыкрыцьця і пасьпелі перапампаваць праз яе і шэраг фірмаў-аднадзёнак у свае кішэні сотні мільёнаў рублёў. Сьледства пакуль падзялілася толькі адным “каналам” хваткіх маскоўскіх мільянэраў-карэяк (Карэйка - пэрсанаж раману Ільфа і Пятрова). Прыярытэтнай задачай Фонду была аплата дзіцячых летнікаў. Карэйкі рабілі геніяльна проста. Выплочвалі праз падстаўныя арганізацыі па 400 рублёў на адно “койко-место” у летніку, а на самай справе яно каштавала 270 рублёў. Рэшту (з мільёнаў дзяцей!) яны забіралі сабе. Трагедыя імпэрыі працягваецца пад сьпяваньне дзіцячага хору: “Как хорошо в стране советской жить!..”
9 сьнежня ў Маскве пад фанфары раздавалі мэдалі. Раздаваў іх Лукьянаў, адказны пры Пуціне за правы чалавека. Называецца мэдаль “Спешіте делать добро”. Адзін з мэдалёў пасьмяротна прызначылі Ганне Паліткоўскай, якую нават на Захадзе называюць адным з галоўных праціўнікаў Пуціна і пуцінскай канторы. Нават пры Сталіне ў Крамлі не даходзіла да такога вырабленага цынізму: спачатку забіць чалавека, а потым навесіць яму мэдальку. Грашовыя прэміі (па 2 тысячы рублеў) і бляшкі-значакі атрымалі ў гэты дзень і вэтэраны Другой сусьветнай вайны. З нагоды ўгодкаў пачатку наступальнай апэрацыі 1941 года пад Масквой у цэнтры Тбілісі расейская амбасада сабрала грузінскіх вэтэранаў, якія ўдзельнічалі ў тых баях. Крэмль, як вядома, арганізаваў у апошні час па ўсёй Расеі фашыстоўскую аблаву на ўсіх грузінаў. На сумленьні лубянскіх гестапаўцаў ёсьць ужо сьмяротныя ахвяры гэтай маштабнай зачысткі. Гэтую гнюснасьць гаспадары імпэрыі наладзілі сярод іншага яшчэ й для таго, каб выклікаць у Грузіі нянавісьць да расейцаў і антырасейскія пагромы (цудоўная нагода дзеля адкрытай ваеннай агрэсіі). Але грузінскі народ не паддаўся на правакацыю. І пажылыя грузіны каля помніка палеглым у цэнтры Тбілісі не адрэагавалі нянавісьцю на нянавісьць. Яны казалі пра народны подзьвіг, пра гераізм, з цяплынёй успаміналі простых людзей, якія капалі акопы і будавалі абарончыя валы ў 1941 годзе. Такі адказ культурнага народу гэбоўскім ненавісьнікам.
Янка Базыль