Рэзалюцыя прынятая па ініцыятыве ЗША, Канады Эўразьвязу. Сааўтарамі праекта выступілі 39 дзяржаваў.
У дакуманце гаворыцца, што ў Беларусі пашыраецца практыка ціску і крымінальнага перасьледу прадстаўнікоў апазыцыі, праваабаронцаў, журналістаў і няўрадавых арганізацый. У рэзалюцыі выказваецца занепакоенасьць тым, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія адбыліся 19 сакавіка 2006 года, былі праведзны з сур’ёзнымі парушэньнямі і не адпавядалі абавязацельствам, узятым краінай у межах Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе.
Па інфармацыі прэс-службы ААН, за прыняцьце гэтай рэзалюцыі прагаласавала 70 дзяржаваў, 31 дэлегацыі выступілі супраць і 67 устрымаліся.
Дэлегацыя Расеі, пры падтрымцы Кітаю спрабавала перашкодзіць галасаваньню па гэтай рэзалюцыі. Расея скарыстала магчымасьці правілаў працэдуры і прапанавала не выносіць яе на галасаваньне. Аднак гэтая прапанова не прайшла.
Разгледзець рэзалюцыю па сутнасьці прапанаваў прадстаўнік ЗША. Яго падтрымала прадстаўніца Фінляндыі. Яна выступіла ад імя Эўразьвязу і заявіла, што “парушэньне правоў чалавека ў Беларусі зьяўляецца інструмантам дасягненьня палітычных мэтаў”, і заклікала ўсе дзяржавы падтрымаць дакумант.
У абарону рэжыму на Беларусі выступілі Расея, Кітай, Іран, Сірыя, Венесуэла, Узбекістан і Судан.
Паводле інфармацыі БелаПАН