Маналёгі газавай тэатральнай пастаноўкі

11 лістапада 2006 г.

Навіны

9 лістапада верны служка Лукашэнкі Чаргінец заявіў, што калі Расея будзе прымушаць Беларусь купляць газ па высокіх коштах, то пара будзе падумаць аб прысутнасьці расейскіх ваенных аб’ектаў на тэрыторыі РБ.

Гэтым удакладніў выказваньне свайго гаспадара (глядзі стэнаграму прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі для расейскіх журналістаў http://www.sb.by/article.php?articleID=54316). На рашучую філіпіку “эх какого патріота” міністар абароны РБ Мальцаў выдаў свой маналёг у стылі Кісы Варабьянінава: “Торг здесь неуместен…” і што ваенныя базы Расеі тут былі і будуць. Можна было б пакпіць з правінцыйнай тэатральшчыны пагарэлага тэатру, але тэма надта сур’ёзная. Мы ведаем (бачылі нават па тэлевізару), як міністар сувэрэннай дзяржавы Мальцаў сядзіць на паседжаньнях у Маскве на адной лаве з маскоўскімі генэраламі, а сапраўдны міністар С. Іваноў жэстыкуліруе і раздае павучэньні ды каманды. Вось і кінуўся тав. Мальцаў па загаду Масквы бараніць інтарэсы маскоўскага начальніка і ягонай імпэрыі. Абараніў нават ад свайго афіцыйнага непасрэднага камандзіра (у структуры рэжыма Лукашэнка зьяўляецца галоўнакамандуючым беларускага войска). У самастойных дзяржавах пасьля такіх выступаў генэралаў адклікаюць з пасады, часам нават судзяць і зразаюць пагоны. А тут зрабілі выгляд, што “нічога не адбылося”.

Янка Базыль