8 лістапада чачэнскія партызаны зьдзейсьнілі чарговую бліскучую ваенную апэрацыю. Пад залпамі кулямётаў і гранатамётаў на правінцыйнай дарозе апынулася цэлая калёна грузавікоў з мардоўскімі амонамі.
Начальства паведаміла ў тэлекамэру, што сямёра амонаў былі забіты на месцы, а двое згінулі бязь вестак. Лепш бы начальства ў камэру не выказвалася. Таму што праз пару гадзінаў забітых паведамлялася ўжо пяцёра (астатнія, мабыць, уваскрэсьлі), а пра згіблых ня згадвалі. Але начальства пасьпела нешта “сболтнуть” з таго, пра што трэба было б прамаўчаць. Генэрал і палкоўнік з тлустымі тварамі ў першым інтэрвію заявілі, што два грузавікі з мардоўскім амонам “адсталі ад калёны і патрапілі пад абстрэл”. Што ж гэта за спазьненьне такое, пра якое заранёў ведалі партызаны і менавіта ў гэтым месцы пачалі гасіць “отстаюшчіх”? Хутчэй за ўсё сітуацыя выглядала інакш. Ехала калёна “вітязей-героев”, “зашчітніков констітуціонного порядка”. Калёна ехала ўзброеная па самыя зубы, пад канвоем браневікоў (так езьдзілі немцы па правінцыйных дарогах Беларусі ў 1941-44 гг.). А калі на калёну пасыпаліся кулі і гранаты, “вітязі” кінуліся на ўцёкі (жыць хацелася) ды так, што вяртацца да двух падбітых, ахопленых полымем грузавікоў ніхто і не падумаў. Вярнуліся туды каб забраць трупы, калі партызаны сышлі. З самага пачатку вайны чачэнскія партызаны распавядаюць пра страх і панічнае жаданьне выжыць у маскоўскіх акупантаў. Як пры першых стрэлах (асабліва ўначы) яны кідаюцца ў свае бункеры з крыкам “мама!” З кожным годам гэты акупанцкі страх становіцца ўсё больш жывёльным і непадкантрольным. Акупанты-эсэсаўцы сьмелыя толькі з мірнымі жыхарамі падчас зьверскіх зачыстак паселішчаў, з жанчынамі, падлеткамі і бяззбройнымі мужчынамі (так жа сама, як у Беларусі ў 1941-44 гг.).
10 лістапада па расейскіх тэлеканалах адзін за адным паказвалі рэпартажы з могілак. Пад Масквой на могілках літаратурнага мястэчка Перадзелкіна вандалы падпалілі магілу ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Б. Пастэрнака. Яны згрэблі на магілу сьмецьце і кучу старых вянкоў і расклалі полымя. Вельмі пацярпеў высокамастацкі надмагільны помнік. Гэта ня першы акт вандалізму на гэтых могілках на працягу месяца. Мясцовыя жыхары кажуць, што ўвечары на станцыі з электрычкі выгрузіўся вялікі натоўп моладзі з півам. Зразумела, што гэта яны наведалі магілу выдатнага расейскага літаратара габрэйскай нацыянальнасьці. А на Катлякоўскіх могілках у Маскве сабраліся так званыя “аўганцы”. Роўна дзесяць гадоў таму, 10 лістапада 1996 г. там хавалі групу “аўганцаў”, забітых у выніку выбуху на камэрцыйнай глебе. Падчас таго пахаваньня спрацавала яшчэ адно выбуховае прыстасаваньне, і загінулі яшчэ 10 вэтэранаў, 30 былі паранены. Гэтым разам нічога на магілах не выбухнула, усе выйшлі праз браму жывыя. Жудасная Расея…
Па прасторах Расеі шырыцца барацьба з алкагалізмам. 11 лістапада цэлы дзень НТВ круціла аптымістычны рэпартаж з вёскі Бярозаўкі Арзамаскага раёну Ніжэгародзкай вобласьці. Давалася рэкляма ноў-хаў калгаснага маштабу на тэму спыненьня атручваньняў падробнай гарэлкай. Мясцовая эліта ў фуфайках расклеівала на слупах і брамах аб’явы, у якіх заклікала “разной гадості не піть” і пагражала ў сьмешнай форме крымінальнай адказнасьцю за продаж атручанага алкаголю. Нават мясцовы міліцыянт сказаў, што “эффективная пропаганда выбила у нас,— милиции, — землю из под ног и нам здесь уже нечего делать…”. Міліцыянт быў, прызнацца, цьвярозы. А ў мясцовай краме схавалі “от греха подальше” усю бытавую хімію. Але ў канцы рэпартажа адна бабулька ўсё папсавала, кажучы ў камэру: “А мужікі-то как пілі, так і пьют…” Пуцін карцінна страляе з пісталета Макарава на адкрыцьці новага будынка ГРУ ў Маскве, у Думе патрабуюць пакараць “за нелюбоў да Расеі” Грузію і Эстонію. А мільёны русскіх людей працягваюць масава і арганізаваны труціцца на сьмерць і калецтва падробнай гарэлкай. Калі ў Гішпаніі ў 1987 г. людзі аднойчы раскупілі партыю неякаснага алею і загінула больш за 600 асобаў, у паліцыі і спэцслужбаў былі адменены ўсе адпачынкі і выходныя. Прэм’еру і двару штогадзіну дакладалі аб ходзе апэрацыі. Фабрыка па вытворчасьці атрутнага алею была ў хуткім часе знойдзена, вінаватыя арыштаваны. Па дарозе ў залю суда злачынцаў сустрэў разьюшаны натоўп. Толькі самаахвярнасьць спэцназа выратавала кліентаў ад сьмерці пад градам цэглаў і камянёў. Яны сядзяць у турме дагэтуль. А ў Расеі страшная алкагольная катастрофа скінута на клюбную самадзейнасьць калгасна-раённага маштабу. І канца ёй няма. Дарэчы, днямі нават Манголія зачыніла свае межы для ўвозу расейскіх гарэлачных вырабаў. Манголы – мудры народ.
Дарэмна прафэсар Прэабражэнскі казаў у аповесьці Булгакава “Сабачае сэрца”: “Не чітайте советскіх газет…” Дарэмна. Вось, напрыклад №45 штотыднёвіка “Аргументы і факты”. А ў ім артыкул Вячаслава Косцікава “В препадке бесстыдства”. Варта працытаваць фрагменты: “Канешне, гэта ўсяго толькі “прыкрае супадзеньне”: шумнае адкрыцьцё ў Маскве 2-й “Ярмаркі мільянэраў” і эпідэмія атручваньняў сурагатным алкаголем. Крыху нагадвае “пір во время чумы”… Але ці сапраўды крыху? Сёлета колькасьць удзельнікаў ярмаркі падвоілася. Ашалелы натоўп мільянэраў за тры дні падмёў прадметаў раскошы на 1,5 млрд даляраў. Хітом продажу стала залатая соска-пустышка для алігархічных малечаў… Багацьця і багачэй на Захадзе і ў Амэрыцы значна больш, чым у нас. Але ў Эўропе мільярдныя багацьці ствараліся працай і мазгамі некалькіх пакаленьняў дзелавых людзей. Дурным тонам там лічыцца выстаўляньне на паказ свайго багацьця. Добрым тонам – дзяліцца, будаваць шпіталі, засноўваць унівэрсітэты, ствараць бібліятэкі і музэі. І галоўнае – займацца вытворчасьцю, а не ператвараць з дапамогай няхітрых фокусаў прыродныя багацьці ў замкі, яхты і замежныя рахункі. “Груба прыватызаваная і залітая нафтавымі грашыма Расея знаходзіцца ва ўладзе зацяжнога прыпадку марнатраўства, — піша амэрыканская газэта “Нью Ёрк Таймс” у ядавітым артыкуле “Жыцьцярадасныя алігархі”. … На фоне разьлітай у краіне беднасьці нашы ашалелыя ад грашэй нуворышы проста правакуюць народ на пошук новай “жалезнай рукі”. Вы гэтага хочаце, панове вясёлыя мільярдэры?”
Янка Базыль