Лябедзькава канапа

31 кастрычніка 2006 г.

Навіны

Журналісты радыё Свабода спрабуюць ажывіць палітычную фігуру А. Лябедзькі. Апошнім часам амаль штодня фігуруе гэтая асоба ў эфіры. Відавочная спроба выцягнуць яго на “адзінага лідэра” прамаскоўскай апазыцыі.

Маем магчымасьць назіраць, як разгарнулася спаборніцтва паміж бюракратыяй Эўразьвязу і гэбісцкай Масквой за “лідэрства” сумесна створанай імі прамаскоўскай “апазыцыі”. Адны маюць свайго “дэмакрата” А.Мілінкевіча, другія праводзяць апрабацыю на гэтую “пасаду” А. Лябедзьку.

З улікам таго, што кіраўнікі Эўразьвязу дэманструюць “разуменьне” геастратэгічных інтарэсаў Расеі на Беларусі, для беларусаў ня мае значэньня хто будзе “лідэрстваваць” у прамаскоўскай апазыцыі. Вынікі дзеяньняў (а не рыторыка) аднаго і другога аднолькавыя – здрадніцкія.

“Наша коалиция стремилась сдержать уличные протесты пасле выборов. Для нас не это главное, а главное – это справедливые выборы…”— выдаў “сакрэт” сп. А.Мілінкевіч 30 траўня сёлета пад час інтэрвію расейскай рэдакцыі тэлеканала “Эўраньюс” (тэлеканал штогадзіну круціў гэтае інтэрвію два дні, 30 і 31 траўня. Відаць сп.Мілінкевіч у халуйскім экстазе забыўся, што гэты канал глядзяць і ў Беларусі). Вельмі дакладнае самавызначэньне сваёй сапраўднай ролі падчас грамадзкага пратэсту 19-25 сакавіка.

Узор той жа здрадніцкай палітыкі прадэманстраваў А. Лябедзька 25 кастрычніка 2006 г. падчас онлайн-канфэрэнцыі на радыё Свабода. Прыводзім фрагмэнты онлайн-канфэрэнцыі (два пытаньні і адказы на іх А.Лябедзькі):

Пытаньне: “Спадар Лябедзька! Ужо зараз усiм добра зразумела, што ніводнага апзiцыянэра ня будзе ня толькi ў выбарчых камісiях, але i ўноў абраных мясцовых саветах. Навошта Вы са сваёй партыяй iдзеце на выбары, ці ня лепш у данным выпадку заявіць аб iмпiчманте гэтак званых выбараў?”

Адказ: “Мы ідзем не на выбары, якіх у нашай дзяржаве даўно ўжо папросту няма. Мы ідзем на палітычную кампанію пад умоўнаю назваю «мясцовыя выбары». Калі разглядаць яе як элемент агульнага пляну, скіраванага на эфэктыўныя дзеяньні і канкрэтны вынік, і скарыстаць як магчымасьць камунікацыяў зь людзьмі, – яна можа быць карыснай. А, як вы кажаце, «**заявіць аб iмпiчменте гэтак званых выбараў», легчы на канапу і скласьці рукі – гэта прасьцей за ўсё. **Толькі наўрад ці гэта будзе гэта правільным рашэньнем для людзей, якія сапраўды хочуць дамагчыся рэальных палітычных вынікаў, хочуць пераменаў у краіне.”

Пытаньне: “Вiтаю вас! Ваша асабістае меркаванне аб Зяноне Пазьняке і яго партыі КХП-БНФ? Чаму вы ніяк не можаце падзяліць з Мілінкевічам атрыманыя ад “захаду” грошы? Як вы можаце так гуляць на руку рэжыму, збіраючыся ўдзельнічаць у мясцовых выбарах? Няўжо КДБ?”

*Адказ: *“Наконт мясцовых выбараў. Ведаеце, самая вялікая гульня - гэта гульня ў палітычны праект “байкот” . Ляжаць на канапе і нічога не рабіць. Вось гэта ёсьць гульня, і гэта ярказ спрацоўвае на руку рэжыму. Што мы прапаноўваем: мы не прапаноўваем прымаць удзел у мясцовых выбарах. Выбары - гэта калі робіцца падлік галасоў, калі ёсьць сапраўдныя вынікі таго, як прагаласавалі людзі, а ня як палічыла спадарыня Ярмошына і яе атачэньне. Для нас гэта палітычная кампанія, і мы ідзём туды, каб працаваць зь людзьмі. Я ня ведаю іншай мажлівасьці, каб актывісты палітычных партый вечарамі не ляжалі на канапе і не гаварылі нейкія словы пра беларускую ўладу, а хадзілі ад дзьвярэй да дзьвярэй і працавалі. І я думаю, што будзе выдатны вынік, калі мы выставім супольнымі намаганьнямі 1000 кандыдатаў, якія зьбяруць за сябе 300 тысяч подпісаў і прыйдуць амаль у мільён кватэр, дзе паціснуць рукі людзям і скажуць праўду пра палітычны працэс над Дашкевічам, Казуліным, пра зьніклых людзей, скрадзеных у Беларусі… Калі ляжаць на канапе, то і людзі ня будуць ведаць інфармацыю пра гэта. Гэта цяжкая праца. Таму мы за гэтую працу.”

Вось такая лябедзькава палітычная канапа. Круцельства, адсутнасьць сораму, блюзьнерская непавага да людзей выпірае, вылазіць з-пад гэтага славаблуддзя.

Цяпер, калі Масква адкрыта заяўляе аб сваіх імпэрскіх прэтэнзіях на Беларусь і паставіла задачу завершыць акупацыю ў бліжэйшы перыяд, патрэбная ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі тут у Беларусі, каб ён не нарабіў непапраўнай бяды, не ліквідаваў суверэнітэт Беларусі . Злачынствам зьяўляецца арганізацыя ўдзелу ў заяўленых рэжымам мясцовых выбарах. Пры тым, што існуе верагоднасьць далучэньня да гэтых выбараў рэфэрэндуму па так званым канстытуцыйным акце. Каб выбаршчыкі ў дзень выбараў 14 студзеня 2007 г. насуперак прапагандзе рэжыму не пайшлі на выбарчыя ўчасткі, а выйшлі на плошчы сталіцы, патрабуецца кансалідаваная праца ўсіх актыўных сілаў грамадзтва.Пры палітычных умовах, якія цяпер склаліся, толькі арганізацыя актыўнага байкоту, дазволіць спыніць расейскую агрэсію, адаб’е ахвоту маскоўцам лезьці на Беларусь з сваім расейскім рублём і “канстытуцыйным актам”.

БС