Віцябляне ўсклалі вянок памяці на Ўсьпенскай горцы

31 кастрычніка 2006 г.

Навіны

На гэтым месцы ў дні Другой усясьветнай вайны былі расстраляныя некалькі соцень вязьняў мясцовай турмы НКВД. Але вянок зь белых ды чырвоных кветак сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Аляксандар Салаўян ды Барыс Хамайда прынесьлі сюды, каб ушанаваць памяць усіх бязьвінна загіблых беларусаў.

Усталяваўшы вянок ля Крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, спадар Хамайда сказаў:

(Хамайда: ) “Сэнс гэтай акцыі – гэта даніна памяці й павагі ўсім ахвярам і ўсім загіблым, што змагаліся за незалежнасьць і свабоду Беларусі на працягу ўсёй нашай тысячагадовай гісторыі. Тут на стужцы напісана: “Змагарам за свабоду й незалежнасьць ад беларусаў”. Усім змагарам!”

Ускладаньне вянкоў на Усьпенскай горцы падчас Дзядоў апошнімі гадамі стала традыцыяй. Пачынальнікам гэтае традыцыі быў Уладзімер Плешчанка, былы старшыня абласной арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ, які памёр 20 траўня гэтага году.

Сёньня сябры й аднадумцы мяркуюць наведаць і месца ягонага апошняга спачыну – могілкі ў вёсцы Вароны Віцебскага раёну.

Паводле Радыё Свабода