

Менск
Удзельнікі шэсьця пачалі зьбірацца на пляцоўцы каля гадзіньнікавага заводу прыкладна а 10-ай гадзіне раніцы. Людзі ў цывільным ужо дзяжурылі на выхадзе са станцыі мэтро. Яны і затрымалі больш за дзесяць, пераважна маладых людзей, са значкамі і тронкамі для сьцягоў, якія ішлі на месца збору. Асобы ў цывільным ніяк не тлумачылі свае дзеяньні. Гэтая акцыя вымусіла аднаго з арганізатараў шэсьця, актывіста Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Алеся Чахольскага зьвярнуцца да ўдзельнікаў:
(Чахольскі: ) “ Гэта парушэньне! Ёсьць афіцыйны дазвол уладаў. Пакуль гэтыя людзі не будуць тут, мы рух не пачнем”.
Неўзабаве ўсе затрыманыя былі адпушчаныя, але сьцягі, ды іншую атрыбутыку ў іх сканфіскавалі. Каля тысячы ўдзельнікаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і транспарантамі супраць інтэграцыі з Расеяй, рушылі праспэктам у бок Курапатаў. Людзі несьлі каля 12 новых крыжоў, каб усталяваць іх на тэрыторыі мэмарыялу. Адзін з крыжоў нёс сакратар управы Партыі БНФ Валер Буйвал:
(Буйвал: ) “Трымаецца народная традыцыя, народная памяць пра нашых продкаў, пра нашыя ахвяры. Пра тых беларусаў, якіх фізычна з намі цяпер няма, але гэтыя памерлыя пакаленьні, змагары за Беларусь, заўсёды застаюцца з намі”.
Сярод удзельнікаў шэсьця было вельмі шмат моладзі. Актывісты Маладога фронту патрабавалі вызваленьня сваіх зьняволеных сяброў і найперш Зьмітра Дашкевіча, якога заўтра пачнуць судзіць за кіраваньне і ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
(Моладзь скандуе: ) “ Дашкевічу – свабоду! Фінькевічу – свабоду! Свабоду – Севярынцу! Свабоду палітвязьням!”
Гаворыць актывістка незарэгістраванага Маладога фронту Наста Палажанка:
(Палажанка: ) “На жаль, у нас не засталося іншага выбару. Дзяды, гэта знак самай першай салідарнасьці. Мы ходзім у Курапаты. І мы заклікаем цяпер людзей партрэтамі, расьцяжкамі, кашулямі прыйсьці на суд і абараніць Зьмітра Дашкевіча. Гэта моладзевы лідэр, і мы павінны яго абараняць пачынаючы з сёньняшняга дня”.
Арганізатараў вельмі цешыла тое, што ў акцыі бярэ ўдзел шмат моладзі. Пра гэта гаварыў намесьнік старшыні Партыі БНФ Сяргей Папкоў. А вось як патлумачыў гэтую актыўнасьць маладых, актывіст незарэгістраванай ініцыятывы Вольная моладзь Мікіта Красноў:
(Красноў: ) “Чаму моладзь сёньня ў калёне? Відаць гэта даніна таму, што адбывалася сёлета. Падзеі гэтага году паднялі пласт моладзі. Гэтая хваля не спыняецца і моладзь ходзіць на ўсе акцыі. Шмат хто дагэтуль, на жаль, не ведаў пра Курапаты. А за апошні час, шмат хто пра гэтае месца даведаўся. І прыйшоў сёньня асэнсавана, каб аддаць даніну памяці тым, хто загінуў у Курапатах”.
Мінакі і многія кіроўцы аўто віталі ўдзельнікаў шэсьця на працягу ўсяго руху калёны.
Традыцыйна на Дзяды ўдзельнікі шэсьця робяць ў Курапатах два прыпынкі: ля крыжа Пакутнікам Беларусі, дзе сьпяваюць гімн “Магутны Божа” і на горцы з крыжамі, якую ў народзе называюць Беларускай галгофай. Сярод сотняў прысутных была заўважаная група моладзі з партрэрамі палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Паўла Севярынца. На гэта зьвярнуў увагу адзін з лідэраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Валеры Буйвал.
(Буйвал: ) “Усе мы сёньня адчулі, што нешта зьмянілася, а зьмянілася вось што: наперадзе і большасьць з тых, хто ішоў з намі сёньня – гэта беларуская моладзь. Радуецца душа, сэрца напаўняецца надзеяй у нашую будучыню, таму што з намі беларуская моладзь”.
Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юры Беленькі разьвіў гэтую тэму:
(Беленькі: ) “Мы прыйшлі ўшанаваць дзядоў, але гаворым пра моладзь. Можа гэта парадокс – не! Гэта жыцьцёвая неабходнасьць, шануючы папярэднія пакаленьні, якія зрабілі ўсё, каб пакінуць нам гэтую цудоўную зямлю. Мы мусім глядзець наперад, каб застацца жыць самім, каб жылі нашыя дзеці і ўнукі”.
Ад маладых слова далі сябру моладзевай суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Янку Марозаву:
(Марозаў: ) “Хачу сказаць, што нам, беларусам, усім, хто жыве на гэтай зямлі, і старым і маладым, трэба трымацца разам. Бо толькі разам мы пераможа, трэба ўшаноўваць памяць, разам верыць змагацца і ўрэшце рэшт перамагаць”.
Выступіў на мітынгу і былы вязень ГУЛАГу Пётар Шашкель, які 60 год таму ў 2-х гадовым узросьце патрапіў у высылку ў Краснаярскі край.
(Шашкель: ) “Тысячы, дзесяткі тысяч людзей загінулі ў астрогах, у лягерах, на лесапавале… У імя загінуўшых я зьвяртаюся да вас : бараніце нашу краіну, нашу Беларусь”.
На мітынгу ў Курапатах быў зачытаны ліст Зянона Пазьняка, які назваў Дзяды гэта сьвятам і паклясьціся перад продкамі на вернасьць Айчыне.
Сярод палітычных заклікаў прагучала прапанова кіраўніцтва Партыі БНФ байкатаваць выбары ў мясцовыя саветы і верагодны рэфэрэндум наконт Канстытуцыйнага акту так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
Прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” прапанавалі прысутным прыйсьці заўтра да будынку суду Кастрычніцкага раёну Менску і падтрымаць Зьмітра Дашкевіча, якога пачнуць судзіць паводле палітычных матываў.
Мітынг скончыўся малітвай сьвятара незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча і ўсталяваньнем новых 12 крыжоў.
Ворша
На Кабыляцкай гары ў Воршы памінулі растраляных. Напачатку прысутныя прыбралі месцы масавых пахаваньняў, якіх тут, паводле ўспамінаў старажылаў, ёсьць 7 ці 8. Дакладную колькасьць пахаваных тут ахвяраў сталінізму ня ведае ніхто.
Парэшткі забітых людзей былі знойдзеныя ва ўрочышчы Кабыляцкая гара яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя пры будаўніцтве чыгункі да станцыі Ворша-Паўночная. Але толькі пасьля таго, як Беларусь даведалася пра менскія Курапаты, і ў Воршы была створаная адмысловая камісія па вывучэньні пахаваньняў.
Мясцовы актывіст Юры Копцік быў адным з першых, каго зацікавіла гісторыя Кабыляцкае гары.
(Копцік:) “Па рэштках абутку, на якім была пазначаная дата выпуску, па характэрных кулявых адтулінах на лобнай частцы было вызначана, што расстрэлы праводзіліся ворганамі НКВД у другой палове 1930-х гадоў. І на сёньняшні дзень ёсьць толькі два афіцыйна пацьверджаных месцы расстрэлаў – гэта Курапаты і Кабыляцкая гара”.
Паводле распараджэньня Аршанскага гарвыканкаму ў 1992-м годзе на Кабыляцкай гары быў усталяваны вялікі помнік-камень. З тае пары прадстаўнікі ўладаў тут не зьяўляліся. А штогадовыя жалобныя імпрэзы на Дзяды, якія традыцыйна ладзяць партыйцы і вернікі, аршанская міліцыя ўважае за апазыцыйныя акцыі.
Сёньняшні дзень у гэтым сэнсе стаўся выключэньнем: ніхто з прысутных не заўважыў навокал ніводнага міліцыянта. Затое аказалася перакапанай дарога да камня-помніка, чаго не было напярэдадні, і людзям давялося за некалькі дзесяткаў мэтраў абыходзіць створаныя перашкоды.
Пасьля ўскладаньня кветак і вянкоў паніхіду па загубленых ахвярах адслужыў уніяцкі сьвятар айцец Зьміцер (Грышан), які адмыслова дзеля гэтага прыехаў зь Віцебску.
Свае вершы прачытала мясцовая паэтка Яўгенія Казлова. Разам з іншымі сябрамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ яна штогод прыхдзіць на Кабыляцкую гару.
(Казлова:) “Гэта мой абавязак. Мы павінны памятаць пра забітых, растраляных нашых суайчыньнікаў, смуткаваць, прыйсьці на малебен, прысьвечаны памяці гэтых вось людзей”.
О Божа сьветлы, Божа неўміручы, Ёсьць толькі спадзяваньне на Цябе: Пашлі нам сродак, дзіўны і гаючы, Каб скончыцца шматвекавой журбе!”
Магілёў
У Магілёве ўшанавалі Дзядоў. Малебен і мітынг адбыліся ля крыжа, усталяванага ў памяць пра ахвяраў сталінскага тэрору ў Магілёве. У 1937 годзе на месцы, дзе цяпер стаіць крыж, былі растрэляныя 13 чалавек. Крыж памяці ўсталявалі напачатку 90-х з ініцыятывы грамадзкай актывісткі Тамары Раманьковай, якой удалося адшукаць факты і сьведчаньні зьнішчэньня людзей. Ёй удалося таксама знайсьці чалавека, якому ўдалося выжыць пасьля растрэлу. Яго выхадзілі жыхары ня існай цяпер вёскі Папоўка.
Так сталася, што і сама Тамара Раманькова памерла акурат гэтымі днямі ў далёкім 1998 годзе. Памерла яна ў самоце. Паводле судмедэкспэртаў цела Тамары Раманькова праляжала паўгоду ў ейнай замкнёнай кватэры. Прычыну сьмерці гэтак і не ўдалося ўстанавіць. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць адной з заснавальніц мартыралёгу Беларусі ў Магілёве Тамары Раманьковай хвілінай маўчаньня.
Сьвіслач
На Дзяды грамадзкія актывісты Гарадзеншчыны ўшаноўваюць памяць братоў Кастуся і Віктара Каліноўскіх ў Сьвіслачы. Удзельнікі мерапрыемства накіроўваліся да помніка Кастуся і Віктара Каліноўскага, каб ускласьці кветкі. Пасьля ўдзельнікі сьвята скіруюцца ў Якушоўку, дзе некалі была сядзіба роду Каліноўскіх. Там павінен адбыцца канцэрт беларускіх бардаў.
Зранку ў Сьвіслацкім касьцёле адбылася імша па паўстанцам 1863 году.
Паводле Радыё Свабода