Русский фашизм. На тэрыторыі так званых “ваенных гарадкоў” па ўсёй Беларусі апошнім часам расклеяны рэклямныя адозвы “Всебелорусского об’едінённого казачества”. Не выпадкова “казачество” абрала ў якасьці зоны для вэрбоўкі “казакоў” месцы скапленьня вялікай колькасьці асаднікаў-адстаўнікоў і дзейсных афіцэраў-чужынцаў, што камандуюць нашым войскам. Вядома, што многія зь іх выхоўваюць і сваіх нашчадкаў у духу нянавісьці да ўсяго беларускага, да нашай дзяржавы і беларускага народу. Цяпер справа выхаваньня “патріотов Отечества” пастаўлена на канвэер. Чытаем улётку: “Всебелорусское объединённое казачество приглашает детей с 5 лет и подростков в Казачий военно-патриотический центр. В программе обучения (цытуем найбольш яркія прапановы): рукопашный бой, общевойсковая подготовка: огневая, тактическая, разведывательная, инжинерная, строевая, военно-медицинская и т.д.; идеологическая подготовка, в каникулярный период проведение военно-спортивных лагерей на базах воинских частей, пограничных застав и т.д. Занятия проходят на базе 120 гв. ОМБр (военный городок Уручье). Справки: 284-36-06, 8-029-56-357-99”. Вакол тэкста мэандравым узорам зьмешчаны фатаздымкі: юныя “казачкі” маршыруюць, страляюць з калашніка, капаюць акопы, сядзяць на танку… Найбольш кур’ёзным ва ўсім гэтым фашыстоўскім трызьненьні ёсьць мабілізацыя 5-гадовых дзяцей. Ім прапануецца “рукопашный бой, огневая, разведываельная і ідеологіческая подготовка і т.д.” Да такога ў свой час не дадумаліся нават “яркіе умы” у НКВД і гестапа. А цяпер на вачах у беларусаў, на тэрыторыі базаў нацыянальнай Беларускай арміі (на базе 120 гв. ОМБр ва Уруччы) мабілізаваныя 5-гадовыя малечы будуць пісаць на чорных дошках “ідеологіческой подготовкі” – “Папа, убей белорусса!” Маскоўска-фашыстоўская нечысьць ня крыючыся атручвае душы дзяцей лубянскім янычарствам. Пакуль фашыстоўскай небясьпекі ня бачыць (і ці ўбачыць наагул?) першая ахвяра крамлёўскага фашызму – расейскі народ. Але шэраг народаў ужо ацанілі адэкватна гэтую пагрозу. Падчас апошняга візыту ў Маскву прэм’ер Ізраіля Ольмэрт наведаў харальную сінагогу ў Маскве. Там ён зьвярнуўся да вернікаў з заклікам да ўсіх габрэяў пакідаць Расею і выязджаць у Ізраіль. Раней прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі зьвярнуўся да грузінаў, якіх перасьледуюць у Расеі: “Вяртайцеся дадому, маці-Грузія чакае вас!” Няма толькі беларусам, куды ратавацца ад расейскага фашызму, бо ён разгортваецца на нашай зямлі, у нашай дзяржаве. Гістарычны досьвед нашага і іншых народаў паказвае, што фашызм нельга перамагчы шляхам выбараў-перавыбараў. Перамога над фашызмам дасягаецца шляхам барацьбы і народнай салідарнасьці.
23 кастрычніка “казачкі” з голенымі галовамі і апранутыя ў чорнае рабілі рэйд у Пецярбурзе. У кавярні каля станцыі мэтро “Вуліца Дыбенкі” чарнасоценцы ўбачылі чатырох маладых каўказцаў, якія мірна вячэралі за столікамі. “Русскіе героі-вітязі” ацанілі сваю колькасную перавагу і накінуліся на гасьцей горада Леніна. Тыя, аднак, не разгубіліся, дасталі нажы і пагналі фашыстаў, пяцёх сур’ёзна паранілі. Міліцыя ў сваю чаргу арыштавала каўказцаў. Зразумела, які цяпер будзе судовы працэс. Але людзі пачынаюць ужо сур’ёзна бараніцца ад фашыстоўскай гадзіны.
А 24 кастрычніка ў Таўрыцкім палацы ў Пецярбурзе адкрыўся “Сусьветны зьезд рускай дыяспары”. Дыяспара сьцьвярдаже, што яе на плянэце больш за 30 мільёнаў. Пуцін даўно кажа (і на адкрыцьці зьезду зноў казаў), каб усе вярталіся “обустраівать Россію”. Тэлеканалы паказалі, аднак, настроі некаторых з гэтых 30 мільёнаў. Напрыклад, такі граф Шарамецеў (нашчадак таго прыдворнага монстра, які разам з Пятром І забіваў беларускіх сьвятароў у Полацкай Сафіі і зьдзяйсьняў у Беларусі тактыку выпаленай зямлі падчас Паўночнай вайны). Нашчадак з моцным акцэнтам выказваў хваляваньне наконт нелюбові да рускіх у шырокім сьвеце: “Представляете, в некоторых странах им не дают пользоваться своим языком и даже называют негражданинами…” “Гражданіна Шарамецеў” павінен, аднак, успомніць, што ў балтыйскія краіны (пра якія ён празрыста нагадаў) русскіе люді прышлі як акупанты, арганізавалі тэрор і генацыд мясцовага насельніцтва, жылі тут на працягу дзесяцігоддзяў і грэбліва патрабавалі “разговарівать со мной человескім языком”, ня ведаючы мясцовыя мовы. Так яны паводзілі (і паводзяць сябе дагэтуль) у Беларусі, Украіне і іншых краінах. І атрымалася, што ў Прыбалтыцы яны наляцелі на той самы корч, які выстаўлялі некалі акупаваным народам. У адрозьненьні ад графа баксёр з істінно русскім іменем Віктор Дзю не заклікаў вяртацца ў Расею: “Мая сям’я ў Ізраілі. Я ведаю, што з маімі дзецьмі нічога ня здарыцца. Я спакойны. А вось тут чамусьці паўсюль перасоўваюся з аховай…” Агромністая заля, поўная графьёў, казакоў, творчай інтэлігенцыі і іншых гражданінов ускочыла з крэслаў і сустрэла Пуіна “бурнымі оваціямі”. Загучаў гімн СССР-РФ. Лубянцы і недастраляныя імі арыстакраты, бацюшкі РПЦ, якія да 1990 года сьвярджалі, што “Бога нет”, і прочая і прочая – усе разам натхнёна выслухалі пра “партія Леніна, сіла народная, нас к торжеству коммунізма ведёт…” І пачалі судіть-рядіть. У гэтых ня можа быць ніякіх сьветапоглядных супярэчнасьцяў, калі йдзецца пра захаваньне іхнай імпэрыі.
Янка Базыль