50-я угодкі Угорскай народнай рэвалюцыі

23 кастрычніка 2006 г.

Навіны

Сп. Віктару Орбану, Старшыні Партыі ФІДЭС

Угорскі народ урачыста адзначае 50-я ўгодкі Народнай рэвалюцыі 1956 года. Пяцьдзесят гадоў таму мужныя ўгорцы вызвалілі сваю краіну ад расейскай акупацыі і марыянэткавага прамаскоўскага камуністычнага рэжыму. Сілы былі няроўнымі і акупанты здолелі на доўгія дзесяцігоддзі зноў захапіць Угоршчыну. Але ўгорскі народ паказаў шлях да Волі ўсім паняволеным народам Эўропы – шлях барацьбы і салідарнасьці. Народны подзьвіг 1956 года быў першым крокам да канчатковага вызваленьня акупаваных Масквой краінаў. Беларускі народ дагэтуль вымушаны весьці змаганьне супраць расейскай імпэрскай агрэсіі і прамаскоўскага марыянэткавага рэжыму. Мы вельмі добра разумеем і падтрымліваем барацьбу ўгорскіх патрыётаў за дэмакратычную Угоршчыну, супраць хлусьлівых спадчыньнікаў камуністычнага рэжыму, якія зноў спрабуюць падпарадкаваць Угоршчыну Крамлю. Слава Угорскай рэвалюцыі!

Кіраўніцтва і сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 23 кастрычніка 2006 г. Менск