*Адыгі (чаркесы) патрабуюць ад міжнароднай супольнасьці прызнаць факт генацыду адыгскага народу падчас расейскай агрэсіі на Каўказе ў 18-19 стагоддзях і асудзіць гэтую расейскую палітыку. * 13 кастрычніка 20 адыгскіх грамадзкіх арганізацыяў (як з Адыгеі, так і з адыгскай дыяспары ў сьвеце) зьвярнуліся з заявай у Эўрапарлямант і Стразбурскі міжнародны суд па правах чалавека. Адыгі (чаркесы) патрабуюць ад міжнароднай супольнасьці прызнаць факт генацыду адыгскага народу падчас расейскай агрэсіі на Каўказе ў 18-19 стагоддзях і асудзіць гэтую расейскую палітыку. Адыгі добра падрыхтаваліся да працэсу. Да заявы яны далучылі 450 копіяў дакумэнтаў царскага вайсковага начальства, зь якіх зразумела, што тую вайну нельга прыроўніваць да звычайных ваенных дзеяньняў. Мэтай акупантаў было поўнае зьнішчэньне і высяленьне са сваёй зямлі адыгскага народу. Апошнім часам расейскія акупанты Адыгеі перайшлі да канчатковага этапу, які павінен “победоносно” завяршыць яшчэ царскую справу зьнішчэньня адыгаў. Губэрнатар Краснадарскага краю выступіў нядаўна з ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму аб “зьліцьці” аўтаномнай рэспублікі Адыгеі і Краснадарскага краю (цяпер такое ў РФ вельмі модна). Можна быць упэўненым, што малалікі, але магутны нацыянальным духам адыгскі народ абароніць свой гонар і сваю зямлю ад імпэрскага зьвера.
На тыповую будпляцоўку ў цэнтры Масквы 13 кастрычніка прыехала камісія. Камісары гулялі па будоўлі, прыглядалі за кранамі і бэтонамяшалкамі. Ужо зьбіраліся падпісаць чарговыя дазвольныя паперы на працяг будаўніцтва. Але раптам коўш экскаватара капнуў зямлю і зварухнуў чалавечы труп. Аказалася, што гэта труп рабочага-“гастарбайтэра”, які загінуў, завалены зямлёй у будаўнічай траншэі. Начальства фірмы “СУ-176 ХХІ” спачатку адмаўляла, што гэта наняты імі работнік. Потым вымушана была прызнаць гэта. Але гендырэктар так і ня здолеў паведаміць, калі адбыўся гэты няшчасны выпадак і колькі часу труп праляжаў ў зямлі на тэрыторыі будоўлі (!). Імя рабочага і ягонае грамадзянства не паведамляецца. Вось так, чалавека прысыпала зямлёй, чалавек загінуў, а “отряд не заметіл потері бойца”… Гэта яшчэ што. Ня так даўно расейскае тэлебачаньне паказвала праграму пра гастарбаўтэраў у Маскве. Сьмялейшыя зь іх паведамілі: калі работнік падае з рыштоўкі і разьбіваецца на сьмерць, начальства проста загадвае вынесьці труп за плот будпляцоўкі і выкінуць на сьмецьце.
14 кастрычніка цэнтар Кіева стаў арэнай супрацьстаяньня Украіны і пятай расейскай калёны. Украінскія патрыёты адзначалі 64-я ўгодкі ўтварэньня УПА (Украінскай Паўстанцкай Арміі). Сфармаваная ў 1942 годзе, УПА вяла барацьбу за незалежную Украіну супраць саветаў, немцаў і палякаў. На працягу дзесяцігоддзяў маскоўская гэбельсаўшчына называла змагароў “бандэраўскімі бандытамі” (хаця ўкраінскі нацыянальны лідэр Стэпан Бандэра ўсю вайну быў зьняволены немцамі ў канцлягеры Заксэнхаўзэн). Цяперашняя крамлёўская прапаганда дае ўкраінскім нацыяналістам тыя ж самыя зьняважлівыя мянушкі. Але Украіну імпэрскаму ворагу больш ужо ня ўдасца скарыць. Дзесяткі тысячаў людзей сабраліся на Хрышчаціку. Моладзь пад украінскімі сьцягамі атачыла вэтэранаў УПА. Героі, што прайшлі праз вайну і расейскі ГУЛАГ, дачакаліся сьветлага дня. Украінцы сьпявалі патрыятычныя песьні, гаварылі пра лёс радзімы. На другім канцы праспэкта збеглася цемра ненавісьнікаў Украіны. Адстаўнікі-асаднікі і камсамольцы з розных расейскіх груповак трымалі “как іконы” партрэты Сталіна, над натоўпам стракацелі чырвоныя сьцягі. Усе да аднаго лёзунгі напісаны па-расейску і ўсё пра “фашістов-бандеровцев”. Адным словам, у цэнтры Кіева супрацьстаялі абаронцы Украіны і акупанцкая маскоўская хеўра. Апошнія паводзілі сабе агрэсіўна, кідаліся на паліцэйскія кардоны, спрабавалі прарвацца і накінуцца на патрыётаў. Украінская паліцыя дзейнічала адэкватна: дала дыхту камсамольцам. Прэзыдэнт Юшчанка павіншаваў народ з гадавінай УПА і паабяцаў патрабаваць ад парляманту прыняцьця рашэньня аб прызнаньні заслугаў ваяроў УПА (дагэтуль вэтэраны УПА прыроўнены да вэтэранаў вайны ў васьмі заходніх вобласьцях краіны). Нармалізацыя нацыянальнага і дзяржаўнага жыцьця ва Украіне працягваецца.
15 кастрычніка калёна курсантаў знакамітай Разанскай ваенна-паветранай дэсантнай акадэміі вярталася з вучэньняў. Марш адбываўся ў цемры на дарозе. У калёну на поўнай хуткасьці ўрэзалася легкавая аўтамашына з пьянай кампаніяй. Шасьцёра курсантаў загінулі на месцы і па дарозе ў шпіталь, шмат паранена. У любым войску бываюць няшчасныя выпадкі. Але ў любым войску галоўнай задачай начальства ўсіх узроўняў ёсьць забесьпячэньне мінімуму рызыкі і неапраўданых стратаў. Беларусы былі ў войску з чырвонай зорачкай і добра ўсё памятаюць. Хаос і зьверства, бязглузьдзіца і тупізм – галоўныя прыкметы гэтай расейскай інстытуцыі. Няўжо трэба было весьці пехатой сотні людзей па цёмнай дарозе ўначы? Нельга было даставіць іх на машынах назад на тэрыторыю часткі? Трэба было яшчэ раз “пагартаваць сталь”? Той, хто застаўся жывы на залітай крывёй разанскай дарозе, павінен зразумець – гэта толькі пачатак. Генэралы і палкоўнікі з тлустымі фізіяноміямі яшчэ ня раз будуць заганяць маладых афіцэраў і жаўнераў проста на сьмерць і калецтва пад сувораўскім лёзунгам “Пуля дура – штык молодец” на Каўказе, у Таджыкістане і іншых месцах. Трэба абараніць беларускіх юнакоў ад гэтага жудаснага лёсу.
Янка Базыль