Факты і падзеі (10-11 кастрычніка 2006 г.)

12 кастрычніка 2006 г.

Актуаліі

10 кастрычніка НТВ паказала настальгічны рэпартаж з Кабула пад дэвізам “Русскіе хорошо!” Паводле маскоўскіх журналістаў, аўганцы з цяплынёй успамінаюць часы, калі ў іхнай краіне гаспадарылі расейцы. Гэта вам, маўляў, “не цяперашнія заходнія гаспадары” (як паўтараў тэлевядучы). Аказваецца саветы пабудавалі ў адсталай краіне інстытуты. З гары можна нават убачыць, што комплекс будынкаў кабульскага Політэхнічнага інстытута мае форму абрэвіятуры “СССР”. Ва ўсіх інстытутах выкладаньне асноўных прадметаў вялося тады на расейскай мове (“вот прогресс-то!”). А цяпер ў моду ўвайшла ангельшчына. Выпускнікоў расейскіх ВНУ не бяруць на працу. Разагналі некалькі апошніх катэдраў расейскай мовы. Аказваецца, пры саветах у краіне старажытнейшай культуры і цывілізацыі на поўных парах вялася грунтоўная русіфікацыя эліты. Цяпер некаторым з былых прыстасаванцаў да “велікого і могучего” не знайшлося працы. Тэлерэпартаж атрымаўся аптымістычны. Чаму ж маскоўская тэлегрупа не зьняла разбураныя гарады і вёскі, тысячы калек, бязьмежныя могілкі ахвяраў дзесяцігадовай расейскай акупацыі? Праз 17 гадоў пасьля перамогі аўганскага народу над крамлёўскім фашызмам і сакрушальнай паразы расейскага імпэрыялізму тэлебалбатуны хацелі б стварыць прывабную карцінку-лубок пра савецка-аўганскую дружбу. Гэта тое ж самае, як калі б у Беларусь прыехала тэлегрупа з ФРГ і пачала б рабіць рэпартаж аб “прелестях немецкой окупаціі 1941-44 гг.” Чаму сёньняшнія немцы ня робяць так, а расейцы робяць? А таму, што той Нямеччыны, якая зьнішчала нашых людзей, няма з 1945 г. Яна разгромлена народамі, яе ідэялёгія, партыя, спэцслужбы забаронены і абвешчаны чалавеканенавісьніцкімі, яе кіраўнікі асуджаны і пакараны. А расейскі фашызм, яго ідэялёгія, партыя, спэцслужбы і кіраўнікі працягваюць сваё існаваньне і па-старому зьнішчаюць людзей ва ўсім сьвеце.

Пагрома грузінскіх людзей у Маскве і іншых гарадах Расеі Крамлю падалося мала. 11 кастрычніка “кампэтэнтныя ворганы” атрымалі новую ўводную – граміць армянаў і азэрбайджанцаў. Расейская паліцэйшчына і охлас дзейнічаюць паводле таго ж самага сцэнару: генэральная зачыстка і высылка з тэрыторыі імпэрыі. Хто з народаў плянэты наступны на канвэеры “русского гостепріімства”? Адным словам, у міліцыі “работы непочатый край”. Тым часам працягваецца банкаўская маскоўская вайна (падзеі якой жахлівыя, але тэндэнцыі яшчэ не да канца зразумелыя). Увечары 10 кастрычніка ў Маскве быў застрэлены каля ліфта ў сваім доме чарговы банкір – дырэктар філіяла “Внешэкономбанка” тов. А. Плохін.

Яшчэ 10 кастрычніка абваліўся цэлы пад’езд пяціпавярховага дому ў Выбаргу, што каля Пецярбурга, а толькі праз суткі высьветлілася, колькі ў выніку абвалу загінула людзей: сямёра, уключна з трохмесячным дзіцем. Людзі распавядаюць журналістам, што дом нават афіцыйна лічыўся аварыйным. На ўсе заклікі і патрабаваньні жыхароў наладзіць рамонт або адсяленьне ўлады адказвалі, што няма магчымасьцяў і грошай. Пра трагічны выпадак згадалі нават на паседжаньні Дзярждумы ў Маскве (нягледзячы на тое, што там цяпер на парадку дня стаіць помста грузінскаму народу). Міністры тлумачыліся: “У Расеі на сёньняшні дзень 93 мільёны мэтраў квадратных аварыйнага жыльля! Ды што нам рабіць?” Выбарг (па-фінску Вііпуры) быў арэнай крывавых баёў у 1940 і 1944 гг. Масква кідала на штурм фінскага горада сотні тысячаў жаўнераў. Многія беларускія вэтэраны з жахам успамінаюць лабавыя атакі, горы трупаў з чырвонымі зорачкамі, зьверства чырвонаармейскага начальства, якое не лічылася са стратамі, і адчайны супраціў абаронцаў Фінляндыі. І вось горад адваявалі, паднялі над ім чырвоны сьцяг перамогі. Пачалі жыць… Нешта ня чулі мы пра падобныя катастрофы на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі, якую ня ўдалося захапіць крамлёўскім “вызваліцелям”. Большая частка фінаў жыве ў сваіх дамах і маёнтках (і за гэта змагаліся ў 1940-х гадах героі-абаронцы паўночнай краіны). Фінская архітэктура вядомая сваімі высокімі эстэтычнымі, канструктыўнымі і функцыянальнымі якасьцямі, імкненьнем дасягнуць суладдзе чалавека з прыродай. На акупаванай расейцамі тэрыторыі (Вііпуры і правінцыя) ўсё дагнівае і распадаецца, пад абломкамі гінуць людзі. І так паўсюль на прасторах гнілой імпэрыі.

10-11 кастрычніка ў Нямеччыне знаходзіўся Пуцін. Нават нямецкія газэты часам не хаваюць іранічнай усьмешачкі наконт сьвяточнага карнавала, наладжанага крамлёўскаму госьцю. Але ўжо за некалькі дзён да ягонага прыезду нямецкія СМІ разгарнулі шырокую рэклямную кампанію пад дэвізам “Ня бойцеся рускіх!” На розныя лады журналісты разам з рознага кшталту экспэртамі разважалі пра калясальныя выгоды расейскага капіталу, які заваёўвае Нямеччыну, пра сібірскі газ і г.д. І вось “свершілось”! Госьць прыбыў. Расейскія тэлеканалы выбралі для камэнтароў пра візыт крамлёўскага начальніка іншую танальнасьць – эпічна-настальгічную. У першым жа рэпартажы яны паказалі, як Пуціна павялі ў дрэздэнскі музэй “Зялёныя скляпеньні”. Там яму далі патрымаць у руках кубак Івана Жахлівага, падораны ў свой час Пятром І саксонскаму курфюрсту Аўгусту Моцнаму. Больш змрочнай сымволікі нельга было прыдумаць: цяперашні жахлівы трымаў кубак Жахлівага, падораны яшчэ адным крамлёўскім жахлівым… НТВ нават зьбілася на архаічны прыдворны стыль, камэнтуючы падрыхтоўку банкетаў ў нямецкіх рэстаранах: “Все очень горды и рады, что у них будет трапезничать высокий российский гость…” Уся гэтая мітусьня нагадала сцэны з парадыйна-гістарычнай камэдыі Шахрая “Іван Васільевіч мяняе прафэсію”. Таленавітыя комікі цудоўна перадалі яшчэ ў 1970-я гады саму сутнасьць крамлёўскага дэспатызму, вечна жывога і вечна дзікага. Адзін з іх (Крамараў) запомніўся гуканьнем “Царь трапезничать желает!” Няўжо самы немцы ня ўбачылі ўсю няёмкую абсурднасьць паводзінаў цяперашняга “самодержца”, які падобна герою згаданага фільма зьбегам кур’ёзных акалічнасьцяў апынуўся на крамлёўскім троне? Яны, канешне, усё бачаць, але ня супраць пакарыстацца сітуацыяй. Тэлеканалы таксама вельмі падрабязна распавядалі і паказвалі, як Пуцін хадзіў па Дрэздэну, “дзе ў рэзідэнтуры КГБ прайшлі ягоныя маладыя гады…” І ўсё гэта без сьмеху, на поўным сур’ёзе. Менш падрабязна расказвалася аб перамовах з немцамі пра газ-нафту, бізнэс-гэшэфт. Тут калясальныя пляны, Пуцін паабяцаў, што Нямеччына будзе галоўным разьмеркавальнікам сібірскіх энэрганосьбітаў для ўсяе Заходняе Эўропы. Вось так, без бліц-крыгу і “Дранг нах Остэн” немцы становяцца гаспадарамі-гаўляйтэрамі кантынэнту (мы аднак не павінны забывацца, што гэтыя “гаспадары” самы цяпер знаходзяцца ў васальнай залежнасьці ад Масквы). Пра палітычны аспэкт візыту было паведамлена зусім няшмат. Нешта пра сумесную палітыку ў сувязі з уступленьнем Нямеччыны на чарговае дзяжурства ў Эўразьвязе з 1 студзеня 2007 г. Можна толькі ўявіць сабе, якія сакрэтныя пратаколы па сумеснай ліквідацыі Беларускай дзяржавы і іншых пытаньнях падпісалі гэтыя хаўрусьнікі. Беларускі народ павінен рыхтавацца да абароны сваёй Дзяржавы і незалежнасьці ад злачынцаў, гатовых падмяць усе міжнародныя законы. Гонар нямецкай нацыі выратавалі, аднак, дэманстранты, якія крычалі Пуціну ў Дрэздэне: “Забойца! Забойца!” Тэлекамэры пасьпелі паказаць, як у псэўда-Івана Жахлівага скрывіўся і задзёргаўся твар…

Янка Базыль