Баранавіцкая газэтка з назвай “Intex-press” надрукавала 5 кастрычніка рэпартаж пра вязьня хіміі Міколу Статкевіча з-пад Баранавічаў.
Там ёсьць цікавыя цытаваньні. Цытуем: “Сёньня ў беларускай апазіцыі ідзе барацьба. Але галоўнае, каб яна не ператварылася ў самамэту. Некаторыя партыі хочуць правесьці другі Кангрэс дэмакратычных сіл, каб памяняць А. Мілінкевіча на новага лідэра і перадзяліць пасады. На маю думку, гэта не мае сэнсу і адсюль, з майго становішча, выглядае проста сьмешна. Па маіх зьвестках, у сувязі з павелічэньнем коштаў на газ Масква пачала вельмі інтэнсіўна працаваць з беларускай апазіцыяй. Расея ня хоча рызыкаваць. І на выпадак, калі ў Беларусі абваліцца эканоміка, хоча мець прарасейскую апазіцыю. Задзейнічаны вельмі істотныя фінансавыя рэсурсы, якіх ня можа прадаставіць Захад у сілу абмежаваньняў сваіх законаў і адсутнасьці вялікай зацікаўленасьці ў Беларусі. Расейскія грошы ўжо на ўсю сілу працуюць у беларускай апазіцыі, расьце колькасьць партыяў, якія атрымоўваюць гэтыя грошы і мяняюць сваю пазіцыю на прарасейскую”. Ах, как нехорошо! Так здаць сваіх паплечнікаў! Хаця мы і самы здагадваліся, хто яны такія. Успомнім хаця б візыты Мілінкевіча ў Брусэль і Бэрлін, дзе ён паўтараў, што “Россія – наш стратегіческій партнёр”. Расейская імпэрыя праводзіць агрэсію супраць Беларусі, зьнішчае рукамі марыянэткавага рэжыму нашу культуру, зьнішчае наш народ, а ім яна – “стратегіческій партнёр”.
З інфармацыі Янкі Базыля