Цікава часам пачытаць рускамоўныя газэткі РБ. Вось, напрыклад, нумар за 4-11 кастрычніка выданьня “Свободные новости плюс”, у якім перадрукаваны чарговыя шчыраваньні шклоўскага прэзыдэнта. Цытуем: “Дай Бог, чтобы всегда была такая оппозиция у Лукашенко, как сейчас”,— заявил президент российским журналистам 29 сентября. – “… Многое мы им подсказываем, как надо лучше сделать… Сегодня в альтернативу президенту выступают те (и это благо для меня), кто пришёл со мной во власть в своё время, но оказались не удовлетворёнными теми портфелями, которые им Лукашенко предложил. Они ушли от Лукашенко. Мне с такими проще. Я их знаю, потому что они были рядом”. Шклоўскі лідэр выразна аддзяляе сваіх паплечнікаў-апанэнтаў (на фота ў газэце Калякін, Мілінкевіч, Лебедько і Шушкевіч) ад тых, каго ён называе “націоналістіческім отребьем”. Ён, як заўсёды, адарваўся ад паперкі, не на жарт разышоўся і выдаў некаторыя “дзяржаўныя таямніцы”. Аказваецца, пра нацыяналістаў ён вёў размовы ў Маскве, палохаў нацыянальным супрацівам расейскай агрэсіі: “Как только Беларусь пойдёт на включение в состав России, здесь будет похлеще, чем в Чечне. Я уже говорил об этом руководству России”. Ну што ж, можа хаця б да свайго кліента прыслухаюцца ў Крамлі і на Лубянцы.
Ёсьць у беларускай сучаснасьці “яркіе мыслітелі”. Вось такі, напрыклад, М. Статкевіч, вядомы арганізатар расколаў у беларускай сацыял-дэмакратыі. Ён “калоў” левых настолькі гучна, што Лубянка вырашыла ў пэўны момант пазбавіцца ад свайго агента ў мясцовай псэўдаапазыцыі. Статкевіча судзілі па надуманых абвінавачваньнях і паслалі на “хімію”, каб ня блытаўся пад нагамі, бо маўр ужо выканаў сваю ролю і павінен быў саступіць месца больш кантралюемым і менш шумным постацям кшталту Мілінкевіча. Баранавіцкая газэтка з назвай “Intex-press” надрукавала 5 кастрычніка рэпартаж пра вязьня хіміі Статкевіча з-пад Баранавічаў. Там ёсьць цікавыя цытаваньні з “нястомнага барца”. Цытуем: “Сёньня ў беларускай апазіцыі ідзе барацьба. Але галоўнае, каб яна не ператварылася ў самамэту. Некаторыя партыі хочуць правесьці другі Кангрэс дэмакратычных сіл, каб памяняць А. Мілінкевіча на новага лідэра і перадзяліць пасады. На маю думку, гэта не мае сэнсу і адсюль, з майго становішча, выглядае проста сьмешна. Па маіх зьвестках, у сувязі з павелічэньнем коштаў на газ Масква пачала вельмі інтэнсіўна працаваць з беларускай апазіцыяй. Расея ня хоча рызыкаваць. І на выпадак, калі ў Беларусі абваліцца эканоміка, хоча мець прарасейскую апазіцыю. Задзейнічаны вельмі істотныя фінансавыя рэсурсы, якіх ня можа прадаставіць Захад у сілу абмежаваньняў сваіх законаў і адсутнасьці вялікай зацікаўленасьці ў Беларусі. Расейскія грошы ўжо на ўсю сілу працуюць у беларускай апазіцыі, расьце колькасьць партыяў, якія атрымоўваюць гэтыя грошы і мяняюць сваю пазіцыю на прарасейскую”. Ах, как нехорошо! Так здаць сваіх паплечнікаў! Хаця мы і самы здагадваліся, хто яны такія. Успомнім хаця б візыты Мілінкевіча ў Брусэль і Бэрлін, дзе ён паўтараў, што “Россія – наш стратегіческій партнёр”. Расейская імпэрыя праводзіць агрэсію супраць Беларусі, зьнішчае рукамі марыянэткавага рэжыму нашу культуру, зьнішчае наш народ, а ім яна – “стратегіческій партнёр”. Мітусяцца ў слоіку прадажныя павукі, грызуцца між сабой. Лубянскі Ляўша забаўляецца скаканьнем падкаваных казурак…
Выбух паўночнакарэйскай атамнай бомбы, як ні парадаксальна, выручыў крамлёўскіх забойцаў. Цяпер ня трэба хвалявацца, што забойства антыкрамлёўскай журналісткі Ганны Паліткоўскай будзе займаць першы радок СМІ Расеі і ўсяго сьвету, як гэта было на працягу вечара 8 кастрычніка. Усе занятыя цяпер пагрозай новай Хірасімы і паказваюць на старонках газэтаў і экранах тэлевізараў не Пуціна, які вядзе вайну ў Чачэніі з шырокім выкарыстаньнем катаваньняў і масавых растрэлаў, а шалёнага Кім Чэн Іра (якога цяпер усе баяцца значна больш, чым крамлёўскага правіцеля-гэбіста ). Пасьпелі толькі паведаміць, што “кампэтэнтныя ворганы” із’ялі з рэдакцыйнага стала Паліткоўскай усе матэр’ялы, тэксты і фатаздымкі, якія яна рыхтавала для свайго вялікага і сэнсацыйнага артыкула аб катаваньнях людзей расейскімі акупантамі ў Чачэніі. Зразумела, што цяпер ніхто з простых сьмяротных гэтыя матэ’ялы больш ня ўбачыць. Захад зьдзівіла маўчаньне Пуціна і крамлёўскага эстэблішмэнту (яны ўсё яшчэ зьдзіўляюцца). Хаця Пуцін з ягоным праграмным “мачыць” сапраўды мог бы быць больш пасьлядоўным. Над Крамлём можна спакойна ўздымаць чырвоны сьцяг з фашыстоўскай свастыкай, можна нашыць гітлерскую сымволіку на трыкалёр РФ – розьніца невялікая.
9 кастрычніка прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі выступіў па тэлебачаньні. Ён паведаміў аб забароне прызямляцца ў грузінскіх аэрапортах для расейскіх транспартных самалётаў. Справа ў тым, што менавіта ў такіх самалётах Расея вывозіла ў апошнія дні грузінаў, арыштаваных падчас паліцэйскіх хапуноў у расейскіх гарадах. Саакаўвілі заявіў, што “не дапусьціць, каб людзей вазілі, як быдла”. Дзеля гэтага ёсьць нармальныя пасажырскія самалёты. А паліцэйскія хапуны ў Расеі працягваюцца. Каб адлавіць усіх грузінаў, маскоўская міліцыя разаслала факсы па ўсіх сталічных школах. У факсах патрабуецца паведаміць, хто з вучняў мае грузінскія прозьвішчы. А потым ужо арыштоўваць бацькоў гэтых дзяцей. Расейская эсэсаўшчына зьдзівіла нават маскоўскіх настаўнікаў.
Пад гарачую руку “кампэтэнтныя ворганы” схапілі за руку нават знакамітага прыдворнага маэстра Зураба Цэрэтэлі (трэба, аднак, памятаць, што ў кан’юнктуршчыкаў і халтуршчыкаў няма нацыянальнасьці). Гэты Цэрэтэлі ня толькі ставіць па ўсёй Маскве адзін за адным “помнікі” гіганцкіх памераў і шалёнага стылю, але таксама ўзначальвае расейскую Акадэмію мастацтваў. Праверка высьветліла, што за мінулы год акадэмікі выдаткавалі 2,1 мільёны рублёў на “нямэтавыя выдаткі”: перш за ўсё на аплату самых сабе (штату прэзыдыюму Акадэміі) і на аплату творчых заказаў (якія яны зноў жа замовілі самы сабе). Сацрэалізм плаўна перацякае ў капіталістычны рэалізм.
Янка Базыль