Правакацыя ў Львове. Уноч на 4 кастрычніка актывізаваліся расейскія фашысты ў сталіцы Галічыны. У цемры яны прабегліся па вуліцы імя Джахара Дудаева і намалявалі на платах і сьценах дамоў “проспект імені Сталіна”. Раніцай некалькі вырадкаў сабралася перад будынкам гарадзкой улады з плякатамі “Сталин – создатель Украины”, “Великая Украина в составе Евразийскай империи”, “Ющенко смерть” і г.д. Міліцыя, якая затрымала фашыстаў, высьветліла, што яны з Евразійского союза молодёжі і з Нацыонально-большевістского фронта (дробныя, але крыклівыя расейскія гэбоўскія групоўкі).
5 кастрычніка расейскія тэлеканалы паказалі задаволенага сабой Грызлова, старшыню Дзярждумы РФ. Ён весела сьмяяўся з трыбуны ва Уладзівастоку. Абяцаў, што ў Прымор’і будзе разьмешчана адна з чатырох “ігровых зон” Расеі. Падобна, што нафтадаляраў насыпалася ў крамлёўскую казну столькі, што яны ня ведаюць, куды гэта ўсё дзяваць. Вось і вырашылі гукнуць “гуляй, Вася!” Усё расплянавалі. На пустым месцы ў згаданых чатырох зонах павінны быць пабудаваны новыя гарады накшталт Лас Вэгаса ў амэрыканскай пустыні. Кіраваць будоўляй будуць тыя з алігархаў, хто атрымаў шалёныя грошы. Закруцяцца рулеткі, застракацяць гульнявыя аўтаматы, застракаціць імпэрыя забаваў. За доўгія дзесяцігоддзі мы бачым першы адэкватны плян крамлёўскіх гаспадароў – гэта вам не “пабудова камунізма”. Памятаем, што Лас Вэгас і падобныя цэнтры будаваліся ў Амэрыцы (і ва ўсім сьвеце) на грошы мафіі, якая прагнула пазабаўляцца і заадно зарабіць яшчэ шалёных грошай. Расейская мафія пацірае ручкі, вось пруха пойдзе. У Крамлі мяркуюць, што будаваць сібірскія лас вэгасы для расейскіх бандытаў і прастытутак павінны будуць беларускія і ўкраінскія рабочыя (расейскіх проста няма ў прыродзе). Нашы юнакі і мужчыны будуць укалваць, а расейскія рабаўладальнікі будуць піць шампан і забаўляцца – вось такая гістарычная пэрспэктыва вырысоўваецца для нас у “саюзнай дзяржаве”.
На працягу некалькіх дзён расейскае тэлебачаньне энтузіястычна паведамляе пра чарговых “россійскіх міротворцев”. Цяпер батальёны лятуць у Ліван. Міністар вайны РФ Іваноў называе іх “інжынэрнымі”, расказвае, як яны будуць аднаўляць разбураныя падчас апошняй блізкаўсходняй вайны масты і дарогі ў Ліване. Але вось цікава, тое ж тэлебачаньне паведаміла, што большасьць з гэтых “інжынэрных” сфармавана з частак, якія доўгі час дзейнічалі ў Чачэніі і “маюць вялікі досьвед”. “Досьвед” чаго? НТВ паказала інтэрвію з адным з такіх “міротворцев” ужо з ліванскай Сайды. Чачэнец-кадыравец казаў нешта з экрана пра той самы “досьвед”. Пры чым сваю вайсковую кепку ён насунуў сабе на вочы так, каб ніхто ня ўбачыў і не апазнаў ягоны твар. Чаму так? А таму, што кадыраўскія галаварэзы існуюць, як вядома, не для мастабудоўлі і асфальтаўкладкі. Насельніцтву Лівана і Ізраіля трэба моцна задумацца над гэтай дэтальлю. Ёсьць яшчэ адзін аспэкт тэмы. Раней Расея вымушана была замятаць сьляды, адпрацоўваць цэлы ланцуг для перасылкі зброі тэрарыстычным арганізацыям і дыктатарскім рэжымам. Грузы з ракетамі і калашнікамі накіроўваліся ў Беларусь, потым праз “беларускі калідор” у Іран, адтуль у Сірыю. І ўжо толькі потым зброя трапляла ў рукі Хэзбалы ў Ліване. У ліпені сёлета з Масквы паступіў загад і Хэзбала пачала запускі ракетаў у бок ізраільскіх паселішчаў. Такіх разбуральных бамбардовак і так глыбака на тэрыторыі краіны Ізраіль яшчэ не перажываў. Так масава яшчэ не гарэлі ізраільскія танкі, якія пайшлі ў наступ на пазыцыі Хэзбалы ў Ліване. Страшнымі ахвярамі і разбурэньнямі скончылася для народаў гэтая справакаваная Масквой вайна. Звычайна паўстае пытаньне: а хто выйграў вайну? Адказ адназначны – адзіным пераможцам ёсьць Расея. Цяпер Маскве ня трэба зайдзейнічаць складаны ланцуг і тысячную агентуру ў розных краінах. Расея “творіт мір”, на Усход лятуць яе агромністыя транспартныя самалеты-“Русланы”, што нясуць грузы ў сотні тонаў. У ангары гэтых монстраў можна загрузіць процьму ракетаў і танкаў і падарыць іх каму заўгодна, той жа Хэзбале. Цяпер расейская зброя пад выглядам мастабудаўнічых атрадаў з песьнямі і разгорнутымі сьцягамі накіроўваецца ў рукі тэрарыстычных арганізацыяў. А батальёны “з каўказкім досьведам” ўжо разгорнуты ў паўднёвым Ліване дзеля абслугі гэтай зброі. Няўжо цывілізаваныя краіны зноў нічога ня ўбачаць і ні аб чым не здагадаюцца?
7 кастрычніка “Союз казацких войск России” аддаў загад па сваіх структурах: “Находиться в полной готовности, чтобы выступить на защиту Абхазии и быть готовыми поддержать наших собратьев всеми доступными способами”. Мы добра ведаем па Беларусі, адкуль узяліся і кім сфармаваныя гэтыя “казачкі”. Лубянская кантора даволі даўно мабілізавала адстаўнікоў-асаднікаў, раздала ім порткі з лампасамі і нагайкі і загадала тусавацца каля будынкаў РПЦ (удаваць “самодержавіе, православіе і народность”). Нехта спачатку сьмяяўся з гэтага карнавала. А потым да ўсіх дайшло, што гэта сур’ёзна. Што і ў нашай краіне гэтыя структуры створаны КГБ дзеля таго, каб у пэўны момант “поддержать собратьев всемі способамі”. Там, дзе маскоўская імпэрыя ня можа пакуль ў адкрытую зьнішчаць народы, яна выкарыстоўвае падстаўных нібыта “дабраахвотнікаў” у экзатычных строях і розныя чорныя сотні. Толькі чарнасоценцы павінны ведаць, што ў Грузіі і Беларусі ім наканавана параза разам з іхнымі лубянскімі гаспадарамі.
Янка Базыль