У сувязі з “пагрозай з боку Грузіі” Пуцін склікаў 1 кастрычніка крамлёўскую раду бясьпекі. Расейскае тэлебачаньне прадэманстравала выступ начальніка перад радай, якая ў апошнія гады ўславілася толькі масавым забойствам дзяцей у Беслане.
Самае цікавае месца антыгрузінскай філіпікі Пуціна – гістарычная паралель. “Палітыка Саакашвілі сёньня – гэта як у мінуўшчыне дзеяньні Лаўрэнція Паўлавіча Берыі. Там цяпер творыцца тое ж самае…” Bravo, maestro! А што ж ты не згадаў, што Берыя – з той самай канторы, з якой выйшаў ты сам і ўсе прысутныя радныя? Што ж ты не сказаў, што ў НКВД-КГБ на працягу дзесяцігоддзяў адмыслова, паводле конкурсу адбіралі людзей без маральных тармозоў, рыхтавалі з іх катаў і тэрарыстаў вышэйшага гатунку з усіх падсавецкіх народаў і тэрыторыяў? Хто тварыў берыеўскія рэпрэсіі ў Грузіі, Беларусі, Маскве – не лубянскае гестапа, а нехта іншы? Вольналюбівая Грузія даўно выкляла мясцовых зьнішчальнікаў народу, якія зрабілі бліскучую кар’еру ў Крамлі і на Лубянцы. Народ больш ня хоча жыць пад уладай злачыннай маскоўскай імпэрыі. І колькі б не надрываўся лубянскі “імпэратар”, колькі б не пагражала Імпэрыя Зла маленькай, але моцнай нацыянальным духам Грузіі – справа маскоўскіх каляніялістаў марная. Вораг чалавецтва будзе разьбіты.
1 кастрычніка стала вядома пра перамогу левых на парляманцкіх выбарах у Аўстрыі. Перамога нечаканая, бо цяперашні права-цэнтрысцкі ўрад на працягу апошніх 10 гадоў упэўнена вёў краіну, дасягаючы стабільнага эканамічнага росту. Што ж, гэта ёсьць адзін з кур’ёзаў заходняй дэмакратыі. Тэлеканалы прадэманстравалі дзіўныя сцэны радасьці ў штабе сацыял-дэмакратаў. Маладыя людзі, абвешаныя яркай чырваньню, даведаўшыся аб выніках выбараў, раптам узяліся за рукі і засьпявалі “Інтэрнацыянал”. Можа гэта проста рытуальнае шаманства пра “кто был нічем, тот станет всем…”? Хутчэй за ўсё венскія камсамольцы не пачнуць на наступным тыдні раскулачваньне сялянства і культурную рэвалюцыю, не заменяць помнік імпэратрыцы Марыі-Тэрэзіі на манумэнт Леніна і не пераймянуюць Вену ў Карл-Маркс-Штадт. Але разумным і сумленным людзям, якія вераць у Хрыста і хочуць дабра сваёй радзіме, усё ж павінна стаць трывожна на душы. Ужо былі тут адны з “Інтэрнацыяналам”. Васіль Быкаў распавёў нам у сваіх апавяданьнях пра вырадкаў з НКВД, якія дзейнічалі за плячыма жаўнераў, што вызвалялі Аўстрыю ад фашызму. Лубянкая акупацыйная адміністрацыя з 1945 па 1955 г. кантролявала палову тэрыторыі Аўстрыі, трымала за горла народ, абкрадала краіну, зьнішчыла тысячы людзей. І ўсё гэта адбывалася пад чырвонай сымволікай ды пад сурдзінку “Інтэрнацыяналу”. Нешта кароткая памяць у аўстрыйцаў. Кароткая памяць у Эўропы, якая легкадумна гуляецца ў левізну і хаўрусьнічае з Крамлём-Лубянкай.
4 кастрычніка міністар абароны Грузіі паслаў у Маскву дзьве гронкі грузінскага вінаграду. Адну гронку Пуціну ў Крэмль, а другую – Г. Анішчанку з “Роспотребнадзора” (сістэмы, якая цяпер выконвае загады Крамля па эканамічнай і гандлёвай ізаляцыі Грузіі). Малады міністар патлумачыў адрасатам сэнс пасланьня: у грузінскім вінаградзе шмат угляводаў, ёду і таніну, дэфіцыт якіх “выклікае ў чалавека ўздым кепскіх эмоцыяў”. Як не падобна гэтая адэкватная рэакцыя тбіліскага міністра на зьвярыны роў у Крамлі і Дзярждуме. Сапраўды, расейскі імпэрскі эстэблішмэнт патрабуе тэрміновай курацыі. У Расею трэба пасылаць батальёны не ў блакітных касках, а ў белых халатах.
Яны ня толькі гарлапаняць, яны ўжо забіваюць. 4 кастрычніка банда “русскіх ребят” напала ў Маскве на маладога грузіна і па-зьверску забіла яго. Ахвяра – 32-гадовы А. Гвічыяні, вядомы спарцмэн, чэмпіён па арм-рэстлінгу. Зразумела, што крамлёўскія фашысты разьлічваюць на помсту грузінаў, на раскручваньне крывавага кола вэндэты. Увесь сьвет павінен убачыць маскоўскую подласьць і зрабіць адпаведныя высновы: абараніць чалавецтва ад расейска-імпэрскай пачвары.
Янка Базыль